Выбрать главу

— А Ніневія?

Так, Ты пашкадаваў Ніневію і сто дваццаць тысячаў яе жыхароў. Ты ўратаваў Ноя з сынамі, вярнуў Ёву (пасля нялюдскіх здзекаў) удвая багацця і здароўя... Можна яшчэ згадаць сёе-тое, але колькі ўсяго — хопіць пальцамі згарнуць. І кожная з тых дабрачыннасцяў праўдзілася не літасцю сэрца, а прыхамаццю сваволі ці ідэалагічным разлікам. Ты ніколі не ведаў дабрыні як нязмушанага памкнення да шкадобы грэшнага чалавека. І таму нічым іншым, як татальным насланнём, нельга растлумачыць атаясамліванне Цябе з хрысціянствам — за выняткам таго выпадку, калі Ты аднойчы пражыў чалавечае жыццё чалавекам.

Той момант, з якога боку ні глядзі, — надзвычай цікавы. І аднолькава загадкавы. Хаця, мяркую, не аднаму мне жадалася б ведаць хіба адно:

— Што папраўдзе ссунула Цябе з нябёсаў на зямлю?

Кажуць, Ты прыйшоў да нас, каб надыктаваць новы закон да лепшага жыцця. Магчыма. Але ў сітуацыі з Майсеем Ты абышоўся без антрапаморфных хітрыкаў (хаця і не ўнікнуў аргументацыі цудам).

Кажуць, Ты прыйшоў да нас, каб на асабістым прыкладзе патлумачыць кодэкс паводзінаў чалавека гуманнага. Магчыма. Але Ты мог гэта зрабіць, не калечачы падэшвы аб жарству. Як было ў Цябе з Ёвам.

Кажуць, Ты прыйшоў да нас, каб прыняць на сабе пакуты за грахі нашыя. Магчыма, і — дзякуй. Але за чые грахі гаравалі тыя, што гінулі забітыя, ссечаныя, на крыжах, вогнішчах, у лютым холадзе і голадзе, на каламутным вятры і пад спякотным сонцам?

Кажуць... Магчыма...

А мне чамусьці здаецца, што Ты прыйшоў пабыць разам з намі, каб хоць нейкім імгненнем свайго існавання прылучыцца да той гаротнай долі, якую Ты нам і наканаваў.

Мне хочацца верыць, што аднойчы Ты адчуў сорам. Пякельны, невыносны сорам за тое, што вытварыў з Адамам і Евай, дапатопнай цывілізацыяй, Абрагамам, Ёвам, месцічамі Садома і Гаморы... з намі ўсімі, якія былі, ёсць і будуць.

Пэўна, Табе было нялёгка вырашыць, што можна зрабіць, каб хоць неяк апраўдацца перад чалавекам за ўсё тое ліха, да якога Ты прычыніўся.

Ты яшчэ многае мог, але нават Табе было не па сілах выцерці тыя слёзы, што ўжо даўно павысыхалі самі...

Верагодна, былі іншыя варыянты, аднак Ты спыніўся на гэтым: пражыць чалавекам ад пачатку да канца, нічога не прамінаючы — ні задухі жаночага ўлоння, ні пякучае волі крыжа.

І вось аднойчы Анёл Гасподні паведаміў Язэпу:

— Язэпе, сыне Давідаў! Не бойся прыняць Марыю, жонку Тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога.

Неўзабаве над Віфлеемам запалілася зорка, а праз нейкі час у Гефсіманіі праспяваў певень...

Так, пасля Галгофы ніхто не скажа, што Ты пакутаваў меней ад каго з нас. Ці лягчэй нам ад гэтага? Але Табе, магчыма, палягчэла. Ты не толькі чыніў нам ліха. Ты і сам трываў і адольваў яго. І мы на гэта ніколі не забудземся. У той апошні дзень, калі вострае лязо прысуду будзе няўпэўнена вагацца над Табой, шукаючы справядлівага апірышча, нехта з нас узгадае пра «сем усямёра», якія Ты вымавіў, пэўна, зважаючы прышласць самога сябе.

Ты — чысты аркуш паперы, на якім я пішу гэтыя словы.

Але з чаго тады цяжар нябёсаў і млосць у сэрцы?

Метафізічнае фэнтэзі

Алесю Анціпенка

Канцуючы нізку «сакральных» тэкстаў, я дазволю сабе наастачу яшчэ трохі гуллівых развагаў…

Якая, кажучы мовай чалавека, прырода Бога? Па сутнасці мы нічога пра гэта не ведаем. Мы толькі ведаем, што Ён — наша ўсё! Бо гэта Ён стварыў Свет, ды не проста так з абы нічога, а каб было дзе аб’явіцца чалавеку. Праўда, і па сёння ніхто не даў рады зразумець, на якую халеру Яму гэта было патрэбна?! Але галоўнае, што мы зусім не ведаем па якіх законах Бог сам зладжаны і як Ён функцыянуе паводле самога сябе. Праблема для нашай эўрыстыкі найперш у тым, што ў вядомым нам свеце нішто не сведчыць пра магчымасць такой Ініцыяцыі, якая магла б уласнаруч (ды яшчэ за кароткі час) выштукаваць гэткую, нічым не вымерную касмагонію. Інакш кажучы, тыя фізічныя (паводле нашай эмпірычнай веды) законы, якімі арганізаваны і трымаецца гэты Свет, не даюць ніякай падставы меркаваць, быццам Нешта можа быць патэнцыйна настолькі крэатыўным ды магутным, каб з уласнай сваволі вымудрыць не проста сонца ды колькі планетаў, але і мільёны галактык. Дарэчы, калі Бог ствараў Свет выключна дзеля таго, каб было куды аб’явіцца чалавеку (Эмануэль Сведэнборг нават лічыў, што Свет мае форму вялізнага чалавека.), дык навошта яму былі яшчэ і тыя «мільёны галактык»? Ці не хапіла б чалавеку адной сонечнай сістэмы (ну хай сабе адной галактыкі)? Не зразумела! Таму давайце звернемся да таго, што мы разумеем ці, калі нават не разумеем, дык чаму даем веры.