Выбрать главу

Найперш мы верым, што Бог усё можа. Гэта значыць, што для Яго няма нічога немагчымага. Апошняе прынцыпова дзеля майго здумлення. Тут толькі варта заўважыць, што «усё можа» зусім не азначае, быццам Ён для кожнай дзіркі затычка. Калі нешта здольнае аб’явіцца само па сабе, дык з чаго Богу дарэмна марнаваць уласныя сілы? Гэтак меркавалі і дэісты, якія з Богам звязвалі адно стварэнне Свету, а ўсё наша зямное аб’яўлялі прэрыгатывай прыроды і самога чалавека. Але я не адэпт Дэізма. Последам за рознымі іншымі адмыслоўцамі,скажам, тым жа Стывенам Хокінгам, я схільны думаць, што паколькі Свет і без боскай помачы абавязаны быў узнікнуць сам з сябе дзякуючы гравітацыі, дык Бог і не займаўся гэтай справай. А чым Ён займаўся? Паводле Бібліі, Бог стварыў толькі ласкавае сонейка (ну і колькі жменяў зорак дзеля прыўкрасы нашаму воку), якое штодня па колу абплывае зямлю (таксама Ягоных рук справа), каб ніхто і з ніякага боку на ёй лішне не мёрзнуў. Аднак, пра што вышэй ужо казалася, сонейка і зямля ў Ягоным праекце былі зусім не загалоўнымі чыннікамі, і нават мора з кітамі такім не былі. Бо усё тут згаданае, і безліч усяго не ўлічанага, адмыслова штукавалася адно дзеля Чалавека.

Якраз у такой прапорцыі – сонейка, зямля, чалавек,— усё выглядае надзвычай гарманічна, як і мае быць у Бога. Але паспрабуйце сюды дадаць мільёны тых галактыкаў з чорнымі дзірамі, патухлымі сонцамі, рознымі белымі і чырвонымі карлікамі, пратуберанцамі ды ўсялякім іншым страхоццем, і ад боскай гармоніі знаку не застанецца. Як і ад боскага стварэння (чалавека), бо ў такой бясконца пачварнай праекцыі ён робіцца маленькім і пустым, як дзірка ў голцы. А хіба Бог столькі вымагаўся дзеля таго, каб у мностве павялічыць колькасць дзірак у Свеце? Зразумела, не дзеля гэтага...

Толькі далей мы збочым у трохі іншы, больш актуальны для нас накірунак. Пра тое, як Богам ствараўся гэты Свет існуе даволі самых розных паданняў, аднак мне нідзе не сустракалася хаця б згадка, як майстраваўся той Свет — ён як бы дадзены нам a priori. Хаця якое тут можа быць апрыёры, калі Бог праз «Біблію» усім патлумачыў, што пачаў ствараць Свет лічы з нуля, ex nihil. А значыць і таго Свету раней таксама не было. З апошняга вынікае, што той Свет мусіў стварыцца пасля гэтага, ў восьмы ці нейкія наступныя дні, паколькі ў першых сямі працаднях Бога пра яго няма хоць якога напамінку. Ну то і хай сабе. Але ж ці не дзівіць вас той факт, што і потым Біблія, распавядаючы пра шматлікія штукарствы Бога, ні словам не згадвае аб тым, як Ён вымудрыў той Свет. Хаця менавіта гэты акт тварэння для чалавека ёсць самым цікавым ва ўсіх боскіх справах, бо тут чалавек адно між іншым, а туды ён патрапляе назаўжды.

Як ужо казалася, каб паўстаў гэты Свет, дапамога Бога была без патрэбы. Затое той Свет – на маё уласнае маркаванне, —стварыць мог толькі Бог. Ужо хаця б таму, што патойбочны космас прэзентаваны як існы насуперак усіх вядомых нам законаў фізікі, біялогіі, матэматыкі, логікі… усіх. А гэта значыць, што вымудрыць яго мог адно той, для каго няма нічога немагчыма. Менавіта такога адмыслоўца мы і называем Бог.

Вось тут якраз і паўстае пытанне, чаму пра сваю самую галоўную і ўжо менавіта боскую справу Бог ані гу-гу?! Зразумела, на гэты конт могуць быць самыя розныя версіі: каб людзям як найдаўжэй заставалася інтрыга Быцця, каб наперад не пералякаліся і з гэтага дзяцей не кінулі штукаваць, каб не пабурылі ўсе цэрквы, а папоў не выправілі бародамі ўнітазы шкрэбсці ну і г. д. і да т. п. Хаця асабіста я мяркую, што справа зусім у іншым. Створаны насуперак усіх законаў прыроды (і чалавека ў прыватнасці) той Свет з яго з’явамі, падзеямі ды атрыбутамі проста ў прынцыпе не можа быць перакладзены на мову гэтага Свету. Таму патлумачыць людзям, як ён абнаяўляўся ў факт і як цяпер функцыянуе абсалютна немагчыма нават Богу, які ўсё можа. Бо чалавек, раўнуючы з Богам, мае глуздаў усяго нічога. Дык што яму ўцяміш? Бог адно патлумачыў Майсею на скрыжалях, як можна патрапіць на той Свет. Калі не зважаць на ўсялякае другаснае, дык шлях туды выглядае досыць простым, а менавіта: дай веры Богу і любі Бога! Вось чаму, па сутнасці, усе фэнтэзі, якія людзі ў безлічы панавыдумлялі пра той Свет, ёсць толькі разгорнутымі інтэрпрэтацыямі шляху да таго Свету, а не рэпрадукцыямі ўжо уласна яго самога. Прыкладам, слынная «Боская камедыя» Дантэ Альегеры. Альбо вандроўныя занатоўкі гэтаксама слыннага Эмануэля Сведэнборга, які сцвярджаў, што цягам дваццаці год рэгулярна наведваў той Свет. Між іншым, расповеды Сведэнборга зусім не падобныя на тое, што мы чытаем у тэрцынах Дантэ. Але мяне найбольш уразіла, што, паводле назіранняў Сведэнборга, анёлы, як і людзі, дзеляцца па полавых прыкметах. З чаго лагічна вынікае, што яны, як і мы, займаюцца любошчамі – толькі дзецей з гэтага не маюць. Ясная рэч, скуль могуць быць дзеці ў месцы, аніяк не прыстасаваным ні для нараджэння, ні для смерці, а толькі для вечнасці… Аднак мяне зноў звярнула ўпрочкі, бо што нам да тых анёлаў, калі мы яшчэ не вызначыліся з галоўным. Гэта значыць, мы пакуль не ведаем, калі і дзеля чаго Бог выштукаваў той Свет, на якіх прынцыпах ён функцыянуе і дзе месціцца?