Што праўда, асноўную парадыгму таго Свету раней я ўжо трохі пазначыў, але гэты момант залішне істотны, каб яго пакінуць у фармаце кароткай зацемы. Як вышэй казалася, галоўная характарыстыка Свету, створанага непасрэдна Богам, палягае на тым, што там няма месца Нішто, бо ў такім разе той Свет тоесніўся б з гэтым у яго галоўнай канстанце. Пакуль я не ведаю, з чаго Бог здумеўся выштукаваць свой апрычоны Космас, аднак зыходзячы з Ягонай канцэпцыі выглядае, што Яму было недаспадобы тое ўладкаванне, якое ўзнікла паводле самаадвольнага паўставання гэтага Свету. Вось Ён і выставіў насуперак яму свой варыянт, радыкальна і прынцыпова адрозны ад таго, які ўжо існаваў. Дарэчы, таму мяне моцна дзівіць ідэя, якая ў даўнейшыя часы вандравала з эпохі ў эпоху: «Што ўверсе, тое і ў нізе»; інакш кажучы, люстраная тоеснасць паміж тым і гэтым Светамі. Якая тут можа быць тоеснасць, калі там нішто ніколі не нараджаецца і не гіне, а ўсё толькі вялічыцца ў вечнасці за кошт прыбытку ад нашых душаў (хаця апошняе – «вялічыцца», — выглядае досыць спрэчна для таго, хто даў веры манадалогіі Лейбніца).Гэта прыблізна як было ў Эдэме, дзе Адам мог схвацца ад Евы за які кусцік, аднак знікнуць увогуле, нават калі б паспрабаваў засіліцца на адной з галінаў таго знакамітага дрэва з яблыкамі — ні ў якім разе. Карацей кажучы, на тым Свеце, у адрозненне ад нашага, нішто не бурыцца, не знікае, не сплывае ў невараць… Няма там ніякай невараці! Эйнштэйн, хто спрачаецца, быў вялікім чалавекам, толькі і ён не здаўмеўся, што менавіта ў гэтым якраз і выявіўся персанальны выбар Бога («Які выбар быў у Бога, калі Ён ствараў Свет?»). Бог якраз магутна прадэманстраваў гэты выбар, супрацьпаставіўшы ўласны праект усяму таму, што нарабіў Вялікі выбух.
А далей мне карціць здагадацца, калі тое адбылося? З усяго сказанага раней зразумела, што я не маю сумневу наконт, так бы мовіць, «анталагічнага» месца ў часе гэтай падзеі. У тым сэнсе, што яна здарылася пасля таго, як гэты Свет ужо існаваў. І досыць даўно. Сучасная веда сцвярджае, што Свет абнаявіўся, калі лічыць з моманту Вялікага выбуху (а болей пакуль няма з чаго лічыць), як меней 13,5 мільярдаў год назад. Праўда, наша Сонечная сістэма пачала фармавацца значна пазней — прыкладна 4,6 мільярдаў год таму. (Ну то і хай сабе — у людзей болей часу застаецца наперадзе.) Адпаведна і наша Зямля мае прыкладна такі ж узрост. А вось Homo sapiens з’явіўся ўсяго недзе 200 тысяч год назад (хаця гады папярэднікаў «чалавека разумнага» лічацца на мільёны). І апошняя лічба. Паводле «Бібліі» і, адпаведна, календара сыноў Ізраіля, Бог стварыў тое, што Ён стварыў за 3761 год да Р.Х.
Я шмат думаў над гэтымі «як меней 13,5 мільярдамі год», спрабуючы здагадацца, калі наш Творца мог выявіць сябе ўжо дзейна. Дарэчы, я б цалкам не выключаў, што Бог таксама мог быць непасрэдным вынікам Вялікага выбуха — як яго апрычоная анамалія. Але тады не зразумела, чаму Ён марудзіў столькі мільярдаў часу, каб выявіць сябе ў нашых прасторах? Таму на мапе Свету я не бачу месца Богу да таго, як на Зямлі з свайго папярэдніка (Homo anteessor) спакваля не выкшталтаваўся Homo sapiens. І ніяк не раней, бо які сэнс быў Богу хаўрусавацца з шымпанзе, якія не пазналі б у ім Бога ні на гэтым, ні на тым, ужо ўласна ягоным, Свеце?
Бог вымудрыў альтэрнатыўны Свет за 3761 год да Р.Х.
Я спыняюся на гэтай даце, заканстытуяванай у летазлічэнні юдзеяў адно таму, што на нечым трэба спыніцца. Інакш канца краю майму тэксту не будзе, калі я пачну аналізаваць пачатак пачаткаў Свету ва ўсіх міфах ды рэлігіях. (Чаго варты хаця б век Брахмы ці Маха-Кальпу ў індусаў – прыкладна 311 трыльёнаў год!) Да таго ж мне гэта зусім і не патрэбна, паколькі я здагадаўся пра галоўнае для мяне ў гэтай пазіцыі: быў Бог ужо раней ці не, у кожным разе Ён мусіў чакаць, пакуль з’явіцца чалавек, як sapiens. А калі дачакаўся, дык сярод іншых вылічыў Майсея з ягоным хаўрусам, каб заахвоціць іх у першыя каланісты Новага Свету.
А цяпер нам трэба вызначыцца з тапаграфіяй тых прастораў, што Бог падрыхтаваў дзеля перасяленцаў з гэтага Свету. Зразумела, на тую пару, калі Бог падхапіўся да сваёй адмысловай працы, ўсё ўжо было не толькі ў касмаганічных нябёсах, але і на Зямлі ўсё ужо было, улучна з чалавечай цывілізацыяй (хай сабе яшчэ толькі злёгку цывілізаванай). Дык дзе шукаць Ягонае царства? Адкрыць той Свет бадай яшчэ больш складана, чым Амерыку. Тым болей, што адтуль яшчэ ніхто ў цвярозым розуме назад не вяртаўся (показкі a priori ачмурэлых містыкаў не лічым).