Выбрать главу

Перад тым, як выправіць туды экспедыцыю, паглядзім, што мы маем у дарогу. Найперш адзначым, што таго Свету няма і не можа быць у хоць якіх знаёмых нам каардынатах — ні на зямлі, ні на нябёсах (зрэшты, і які сэнс Яму быў да нас уплішчвацца?). Затым, раўнуючы з нашым, свет Бога мусіць, як на здаровыя глузды, выглядаць абсурдна ва ўсіх сэнсах: ад фізічных да сімвалічных. А яшчэ мы ведаем, што там усё толькі ёсць і нічога нікуды не знікае. Вядомы нам і той прыкры факт, што патрапіць туды можна адно памёршы і не ўсім цэлым чалавека, а толькі яго інфернальным кантынуумам, які звычайна называюць душой. Апошняе, магчыма, сведчыць пра эканомію ці недахоп абетаваных земляў на тым Свеце. Хаця, што больш верагодна, — пра яго не зусім матэрыяльную структуру. Натуральна, мы не прамінем увагай і яшчэ адзін, бадай самы важны для нас момант. Тут я маю на ўвазе хрысціянскую версію стварэння свету. А менавіта – Бог стварыў свет ex nihil. У Бібліі (Другая кніга Макавеяў) чытаем: «Малю цябе, дзіця маё, паглядзі на неба і зямлю і, пабачыўшы ўсё, што на іх, спазнай, што ўсё стварыў Бог з нічога (курсіў мой — В. А), і што так паўстаў род чалавечы». Для хрысціянаў (але толькі праваслаўных і каталікоў), стварэнне Свету з нішто – і аксіёма, і дагмат. А вось юдзеі, мусульмане і пратэстанты не надта даюць гэтаму веры, маўляў, з нішто можа атрымацца адно нішто, і нічога болей. Дзіўныя людзі, яны раўнуюць Бога з ганчаром, які без гліны і гаршка зляпіць не можа. Пра гэта пісаў яшчэ Феафіл Анціахійскі: «Што вялікага, калі Бог стварыў свет з нарыхтаванай матэрыі? Чалавек-мастак, як атрымае ад каго матэрыял, вырабляе з яго, што захоча. А магута Бога яраз і выяўляецца ў тым, што ён з нічога творыць, што захоча». Праўда, Феафіл Анціахійскі меў на ўвазе абнаяўленне з нішто гэтага Свету, а я ў ex nihil бачу моцны аргумент на карысць таго, што Бог не проста стварыў той Свет, а стварыў яго ў нідзе, прынамсі паводле нашых прасторава-часавых вымярэнняў.

Ex nihil (з нішто) і нідзе – вось дзьве базавыя кардынаты (мерыдыян ды паралель), па якіх мы можам дакладна вызначыць месца таго Света. Толькі не спяшайцеся сюды дадаць яшчэ і трэцюю (якая так і просіцца) – няма. Якраз усё цалкам наадварот – там няма няма. Вымыкаючы свой Свет з нішто і ўладкоўваючы яго пасярод нідзе, Бог якраз і мерыўся пераадолець дэтэрмінацыю Нішто (несупыннае ніштажэнне), якім рэгулюецца і карэлюецца наш (не ім вымудраны) Свет. Таму ў ягоным Свеце ёсць толькі ёсць, тут месца абсалютнай і вечнай прысутнасці. Гэтым праектам Бог публічна запрэзентаваў сябе як Бога, прадэманстраваўшы, што сапраўды можа ўчыніць ўсё, што Яму заманіць і нават насуперак ды ўскос усіх базавых (і похапкам факультатыўных) законаў фізічнай натуры свету. Я больш магутны за Прыроду з яе мільёнамі галактык, — кажа гэтым артэфактам Бог. І пасля паузы сціпла канстатуе: — Таму я і Бог.

На гэтым я мог бы і завершыць сваё метафізічнае фэнтэзі. Але ж людзей метафізіка звычайна мала вярэдзіць, бо самі яны свае жыткі адбываюць непасрэдна і ў цалкам канкрэтных абставінах. З гэтага людзей найбольш цікавяць праўдзівыя і рэальныя факты. Таму я на колькі словаў падоўжу свой расповед.

Валадарства Божае знаходзіцца ні недзе там у апошнім касмаганічным закутку, а ўсутыч з нашым Светам, каб было меней мітрынгаў з перасяленнем душаў. Асноўная яго адметнасць у тым, што яно не мае прасторавых кардынатаў. Гэта значыць, што усё Валадарства Божае месціцца не вонкі, а ўнутры самога Бога. Дарэчы, інтуітыўна беларусы пра гэта заўсёды ведалі. Нашае выслоўе «Патрапіць да Бога за пазуху» абсалютна дакладна характарызуе сітуацыю.

Яшчэ я хацеў бы заспакоіць тых, хто палохаецца пякельнай адплаты за свае грахі. Грашыць не душа, а толькі цела, якое назаўжды застаецца ў гэтым Свеце. Між іншым, яшчэ Святы Аўгусцін запэўніваў: «Любі Бога і рабі што хочаш». Але туды патрапляе далёка не кожны, а толькі той, хто дае веры Богу і любіць Яго. На жаль, я мушу паведаміць і пра трагічнае — немаўлятам там няма месца. Як няма там месца і кожнаму, хто нічога не чуў пра Бога, як, да прыкладу, тыя людзі, што жылі ў эпохі, калі ягоны Свет яшчэ не быў створаны, прынамсі, публічна не быў прэзентаваны. Рэч у тым, што душа ні што іншае, як вера ў Бога і любоў да Яго. Больш за тое, Бог сам і стварыў душу, як адмысловы вынятак з чалавека, які б па смерці можа было лёгка транспартаваць ў Ягонае Валадарства і натуральна задзіночваць з Ім. (Тут у мяне атрымліваецца радыкальная пярэчва вельмі шанаванаму мной Лейбніцу, які сцвярджаў: «Не бывае душаў зусім адлучаных ад целаў». Але паходзіць яна толькі з таго, што Лейбніц традыцыйна лічыў Бога стваральнікам і гэтага Свету.) А вось усе не абазнаныя ў Богу разам з недаверкамі знікаюць ва ўласнае няма на тым самым месцы, дзе іх заспее апошні час — і гэтым вялічаць дыскурс Нішто. Апошніх я магу суцешыць адно эўрыстычным здумленнем Ніцшэ, якое атрымала назву «вечнае вяртанне». Сутнасць яго ў тым, што ўсё былое некалі вяртаецца такім самым, як было і наноў паўтарае сваё існаванне (і так ад веку да веку). Ніцшэ і сам не змог уцямна патлумачыць як такое можа быць і таму яго шалёную інтуіцыю залічылі ў інтэлектуальныя забаўкі. Але цяпер, калі я зразумеў сэнс Нішто, як месца, куды патрапляе і дзе захоўваецца ў сваёй адсутнасці ўсё былое, дык пачынаю думаць, што можа праз нейкі адмысловую працэдуру былое насамрэч некалі вяртаецца з няма ў ёсць і потым зноў знікае ў Адсутнае да наступнага разу. І раптам мы з вамі некалі (праз колькі мілярдаў ці трыльёнаў год ) яшчэ сустрэнемся на гэтым Свеце?! А што да таго Свету, які заканцаваны на самім Богу, дык пра яго мне ўжо і няма чаго болей сказаць, бо там заўсёды адно тое самае.