Урэшце, Бог – гэта вялікі акварыўм, у якім нашыя душы плаваюць як залатыя рыбкі. Можа, праз адну-другую вечнасць Богу гэта надакучыць і Ён разбурыць шкляныя сценкі акварыўма. Тады душы выплюхнуцца навонкі і змяшаюцца з зорным пылам. Бог паглядзіць на іх з сумам і прыдбае сабе новую забаву ці схаваецца назаўжды ў Нішто.
А я з гэтай нагоды складу яшчэ адно метафізічнае фэнтэзі.
ЛІРЫЧНЫ ДАДАТАК
Прысвячэнні
Перадусім
Я —
толькі месца сустрэчы
і рэшта спатканняў
(іншыя меркаванні
лічыце лухтой)...
І з гэтага
там,
дзе мяне не стане, —
не знікне ніхто.
Алесю Анціпенку
Пазвоніць Алесь
і скажа:
— Паедзем у лес,
а потым грыбоў
насмажым.
Паедзем...
Не лес,
а сонца бярлога.
Пэўна,
тут недзе
сцежка
да Бога.
Колькі хопіць
ног,
абшукаю спрэс...
Калі ёсць
блізу Бог,
то Бог —
гэты Лес.
Ды пра гэта
казаць
я Алесю
не буду.
Лес — каб маўчаць
ці крычаць
з перапуду.
. . .
Потым грыбоў
насмажым,
і пад чарку
Алесь:
— Беражы нас Бог! —
скажа...
Я падумаю:
«Лес»!
Уладзіміру Арлову
Па белым ходніку
басанож,
у зялёных кашулях
і з ветрам пад пахамі
мы аднекуль ідзём
ці кудысьці вяртаемся...
Цёпла нагам
і плячу ўтульна,
толькі нейкая млосць на сэрцы,
і я азіраюся —
за намі шурпаты асфальт.
— Глядзі, — кажу я, —
там нельга хадзіць басанож...
— Але можна пісаць белай крэйдай
«Жыве Беларусь», — кажаш ты.
І мы рушым далей
па белым ходніку,
у зялёных кашулях
і з ветрам пад пахамі.
Алесю Асташонку
Саступі ў цішыню,
асланіся
на парэнчу прочырку,
вочы затулі павекамі,
стаіся,
каб нават юрлівы хлопчык,
што шукае сябе ў забавах
дзіцячага веку,
не прачуў шолах моўчы
скрозь шапаценне
лісця.
Цішыня
соладка пахне
верасам і канюшынай,
палеглых атаваю...
Брукам на Менск
нячутна грукочуць машыны,
млява пчолы збіраюць
слодыч спякотнага дня.
Хлопчык у цень твой,
быццам у засень шалашыны,
схаваўся ад полымя
пякучага
авадня.
Там і прыснуў,
у абдымках эрасу —
вуснамі варушыць
суніцы хлопчык...
А над канюшынай і верасам
ужо вырасла
чорная хмара моўчы.
Што паробіш,
трэба хлопца будзіць
(яму жыць і расці), —
хай бяжыць да шашы
ад залевы...
Пачакай тут адзін
(і збялелы),
дотык моўкнасці.
Ігару Бабкову