* * *
Няма чаго і казаць, як нам да гонару, што сёння нашае мястэчка ведаюць ва ўсім свеце! Адно што кепска — цень ад гары надта ж цяжкі і доўгі. Таму мы ходзім сагнутыя крукам і сонца, лічы, не бачым, акрамя як самым падвячоркам акрайчык.
Па той бок рэчкі жылі адны людзі, а па гэты — зусім іншыя. Праўда, мы ніяк не маглі ўцяміць, чым яны розніліся паміж сабой.
Начасцей адны з другімі спрачаліся наконт рэчкі.
— Куды вашай смярдзючцы да нашай чысцюлі, —пахваляліся адны.
— Брахуны вы,— крычалі з другога боку. — Нідзе болей няма такой рэчкі, як наша. Спытайцеся людзей.
— Што праўда, то праўда. Цудоўная рэчка, — сведчылі мы і веславалі як мага хутчэй.
— Ну вось, чулі? — цешыліся адныя.
— А мы вам што казалі,— крычалі другія і шпурлялі на той бок камяні...
Бачыць Бог, мы не хлусілі. Рэчка сапраўды была прыгожай.
Лепей за нас ніхто не ўмее нахіляцца. Я гэта не сам выдумаў, аб гэтым ва ўсіх падарожных кніжыцах напісана, і таму да нас шмат хто едзе.
Жыве, скажам, чалавек на Барнэа, працуе, а потым пагартае падарожную кніжыцу і падумае сам сабе: нешта я даўно ні ў каго на карку не сядзеў. Трэба з’ездзіць туды, дзе самі нахіляюцца.
І прыедзе да нас, і пасядзіць, а потым вернецца на сваё Барнэа і зноў працуе.
Праўда, апошнім часам штосьці стала з намі рабіцца. Сёй-той пачаў саромецца свой карак пад чужую сраку падстаўляць. Столькі часу ганарыліся, а тут чамусьці трэба саромецца. Я гэтага аніяк не разумею. Тым болей, што інакш мы і не можам. Калі ў каго карак вызваліцца надоўга, дык ён нудзіцца, не ведае, навошта жыць, і нават, здараецца, вар’яцее.
Натуральна, я не мог ухваліць тыя настроі, што раптам запанавалі сярод надта сарамлівых. Пакідалі работу і крычаць на кожным рагу: досыць зневажаць сябе перад усім светам!
— Толькі таму свету і спраў углядацца, хто там сябе зневажае, — кажу я ім.
А яны мяне не слухаюць і, дзе ні сустрэнуцца, распачынаюць дыскусію. Адзін прапаноўвае сланоў з Індыі завезці, каб замежныя аматары не на нашых карках, а на слановых гойсалі, другі раіць шыі намыльваць — маўляў, хто ні сядзе, дык адразу скоціцца, а нейкі аграном з Капыля дадумаўся: на галовах, кажа, трэба хадзіць.
— Смеху варта такая дыскусія, — кажу я ім. — На сланоў адкуль грошай набрацца, шыі ў нас і без таго чужымі азадкамі адпаліраваныя, а што да галавы, дык мы спрадвеку дагары нагамі ходзім.
Сказаў так і пайшоў ад іх. А тут якраз па дарозе крамка, дзе павелічальныя шкельцы прадаюць. Я ўсцешыўся, не пашкадаваў грошай і подбегам да аднаго — прозвішча называць не буду, вы яго ўсе добра ведаеце. От жа чалавек! Не шкадуючы Бог розуму адваліў. Пра што ні запытайся, на ўсё адказ мае. Прафесар, адным словам.
Заходжу і адразу:
— Дыскутуюць, — кажу.
— Як яшчэ лаўчэй нахіляцца? — узрадаваўся прафесар.
— Ды не. Выпрастацца хочуць.
— Не можа быць...
Вялікі чалавек, а тут разгубіўся. Абхапіў галаву і бегае па стале, як ашпараны прусак. Я шкельца пад вока падсунуў і сачу, каб прафесар ад хвалявання не зваліўся на падлогу.
— Не можа быць, — мармыча. — І жменяй скублі, і па каліўцу шморгалі. Са стагоддзя ў стагоддзе скублі, з года ў год шморгалі. Адкуль гонар?
— Ды не ад гонару, — удакладняю. — Ад сораму. Апошнія мае словы настолькі ўразілі прафесара, што ён, Богам прызначаны адказваць, запытаўся:
— А гэта што такое?
— Халера яго ведае!
— От жа і я так думаю, што гэта не навуковая субстанцыя, бо па навуцы ніяк не выходзіць выпрастацца.
І пабег далей.
Шкада мне зрабілася прафесара. Ну колькі яго засталося, на два разы ў сральню схадзіць. Амаль усяго сябе аддаў чалавек справе, і на табе...
Абгарадзіў я стол, бы мурам, важкімі кнігамі са збору класіка жменяй скубсці і па каліўцу шморгаць, уздыхнуў засмучана і ўжо збіраўся развітацца, як нечакана прафесар ускараскаўся на небяспечную вышыню аднаго з фаліянтаў ды крычыць:
— І хай сабе! Як выпрастаюцца, дык лаўчэй будзе і жменяй скубсці, і па каліўцу шморгаць.
— Прафесар, трымайцеся, — залямантаваў я ў адказ.
Ледзьве паспеў. Злавіў прафесара ўжо ля самай падлогі, і то адно таму, што добра натрэніраваны нахіляцца.
Аднёс прафесара ў ложак, а сам пайшоў.
Іду па вуліцы і разважаю: ад вялікага сораму да пыхлівага гонару адзін крок.
Як у ваду глядзеў.
Неўзабаве абганяе мяне адзін з тых, надта сарамлівых.