Выбрать главу

У сінім прадонні неба самотна кружляў вазок, а на выстылай зямлі некуда беглі хуткія сані. Ад чырвонага сонца і белага снега жыццё здавалася прыгожым і завершаным, як велікоднае яйка. Ён ішоў з крамы і нёс у торбе віно, а ў кішэнях цыгарэты. Насустрач трапляліся местачкоўцы, але яны яго не цікавілі. У адрозненне ад дрэваў, снегу, гурта сініцаў на бэзавым кустоўі, людзі былі выпадковымі ў гэтай чырвона-белай стыні...

Абмінаючы могілкі, ён пачуў, як за каменным мурам дзяўбуць грунт сталёвыя ламы.

-- Зайдзі,-- сказаў цень.

Жалезная брама была расчыненая і ён збочыў з ходніка.

-- Бог у помач.

-- Дзякуй на добрым слове.

-- Птушка птушку не хавае, звер -- таксама. Адно чалавек баіцца сябе мёртвага і засыпае зямлёй,-- сказаў ён абы сказаць.

-- Калі летам, дык яшчэ нічога,-- заўважылі яму.

-- Па вялікіх гарадах зямлю не трэба дзяўбсці, бо там нябожчыкаў у печах паляць.

-- Замест дроў?!

Ад такой навіны ўсе кінулі грукатаць.

--У вялікіх гарадах столькі народу, што калі кожнаму нябожчыку аддаць па кавалку зямлі, дык не будзе дзе жыць, адно як на могілках,-- растлумачыў ён

-- Скуль столькі людзей развялося? Можа іх аднекуль прысылаюць, дзе няма месца хаваць?—загаварылі іншыя.

Але доўга гаманіць не выпадала.

-- Неўзабаве нябожчыкак прывязуць,-- патлумачылі яму на развітанне.

На могілках зноў усчаўся грукат. Вароны адразу пападалі ў неба, а на гурбы снегу асыпалася дробнае вецце. І туды асыпалася, дзе пад зямлёй і снегам ляжалі яго бацька ды маці...

Цяпер у той бок нават сцежкі не было.

Апошнім часам людзі яго мала цікавілі, але жанчыны яшчэ вабілі, бо ў чэраве не скончылася хэнць. Таму аднойчы ён не вытрываў і пагрукаў у дзьверы суседкі.

-- Я не ведаю, чаго прыйшоў,-- паспавядаўся ён.

-- Суседзі ходзяць адзін да аднаго таму, што яны суседзі.

-- Дзе вашыя дзеці?—запытаўся ён потым.

-- Яны служаць анёламі.

-- А гаспадар?

-- Парукаўся з д’яблам.

-- Я ніколі не бачыў яго на падворку.

-- Нячысцікі не любяць прыходзіць туды, дзе бываюць анёлы.

Яна сядзела за швейнай машынкай, ён прыхаваўся ў засені фіранак і глядзеў, як яе рукі лашчаць ядваб.

Рукі рабілі сваю справу, а сэрца клапацілася аб нечым іншым, бо на вуснах трымцела ледзь прыкметная ўсмешка – і яму гэта падабалася. Але увесьчас узірацца ў яе твар было няёмка і ён агледзеўся па хаце.

-- Адкуль у вас столькі цацак?

Цацкі былі на паліцах, ложку, падлозе… Не кожная крама мела столькі.

-- Часам да мяне прылятаюць анёлы,-- сказала яна, абсмактаўшы з вуснаў усмешку.--Два такія ружовенькія анёльчыкі. Яны яшчэ зусім дзеці і таму любяць бавіцца.. Я ім не толькі цацкі купляю, але і адзенне шыю. Яны ж зусім голенькія.

Яна расхінула абедзьве палавінкі шафы і стала пеоабіоаць дзіцячыя сукенкі, спадніцы, кашулі, гарнітурчыкі…

Ён пахваліў яе ўмельства і сказаў:

-- Ну то я пайду, бо раптам яны прыляцяць.

Яна паглядзела на яго з дакорам у вачах і, апусціўшы галаву, сцішана вымавіла:

-- Куды вам спяшацца? Яны пачакаюць, пакуль я застануся адна.

-- Лепей вы да мяне заходзьце,-- пашкадаваў ён яе і ўжо на ганку патлумачыў:

-- Нячысцікам няма чаго рабіць там, дзе бываюць анёлы.

Неўзабаве маразы аціхлі і пачалася адліга. У голыя вокны хаты зноў пацяклі аблокі, машыны і людзі. Ён як быццам вярнуўся на дарогу і нейкі час яго гэта цешыла… Але вечарам, калі запаліў святло, яму сталася ніякавата і ён засланіў акно ад дарогі пажухлымі газетамі.

-- Нарэшце,-- з’едліва заўважыла акно.--Не хата, а гасцінец нейкі.

-- Ты не любіш гасцей?

-- Сапраўдныя госці ў хаце здамаюць шапку…

-- І выціраюць ногі,-- дадаў за сцяной ганак.

-- А потым дастаюць з кішэні пляшку і сядаюць за стол. Ці не так?—усміхнуўся ён і паабяцаў:-- Тады будзем чакаць выхаваных гасцей.

Прыбраў стол, падмёў падлогу, змяніў на чыстую бялізну і пераслаў ложак. Затым расклаў у пліце агонь і сеў абіраць бульбу.

Не паспела бульба зварыцца, як дзьверы гукнулі:

-- Ідзі адчыняць.

Жанчына выцерла ногі аб дыванок і ў сенях ссунула хустку на шыю.

-- Я прынесла вам фіранкі,-- сказала яна.

-- А ў мяне ёсць сёе-тое да бульбы…

-- Спачатку трэба павесіць фіранкі,-- падказала яна.

Фіранкі былі квятастымі, як сонечны поплаў. Ад падваконня адразу пацягнула водарам кветак і ў падпеччы прачнуўся цвіркун.