Выбрать главу

Бралася на ноч. Чорны шацёр неба ў адным месцы прахудзіўся і вецер зацыраваў дзірку поўняй.

Не было аніякага спеху і ён мог адкласці справу, але яму гэтак закарцела. Той, каго выхавала адзінота, шануе сваю парыванні.

Пад каштэляй ён спыніўся і ўтыркнуў рыдлёўку ў дзірван.

Каты паўскоквалі на рэшткі гнілога плота і пакрыўджана завуркаталі. Як толькі ён перарушыў акопваць суседняе дрэва, яны адштурхнуліся ад плота і паляцелі некуды ў бок поўні… А насустрач ім кіраваў вазок.

-- Я знайшоў яе, -- крыкнуў сусед і святочна азірнуўся на жонку. Нябожчыца паняй сядзела за яго спіной і сарамліва торгала рагі чорнай хусткі.-- Хай трохі пабудзе, а потым назад вярну.

Сусед, акрэсліўшы круг над вуліцай, прыстаў на свой падворак, а ён яшчэ доўга туліўся пад дрэвам, стомлена абапіраючыся на рыдлёўку. Затым прысланіў яе да галамня і натружана пасунуўся ў бок хаты.

Над комінам хістаўся бялёсы дым, у вокнах гарэла святло і на фіранках адбіваўся цень жанчыны, якая чакала яго вячэраць.

Зрэшты, падумаў ён, куды б ні ішоў адзінокі чалавек, ён заўсёды ідзе сам да сябе.

3. Суплёт эсэ
Дзеці

Толькі багі адразу нараджаюцца багамі, а чалавек – ён ад грахоўнага семені. І таму яно зусім не проста выгадаваць з вісклівага курдупеля нешта людскае. Тым болей, што чорт дзяцей любіць і ад сябе не пушчае.

Беларусы пра гэта добра ведаюць і з першых дзён немаўля пачынаюць змагацца з інфернальнымі сіламі. Хаваюць пестуна ад злога вока, шэпчуць розныя паганскія замовы, нясуць да папа хрысціць, вешаюць над калыскай асвенчаны крыжык ці загавораныя знахаркай зёлкі…

Цяжка сказаць, наколькі ўсё такое дапамагае, але ж людзі – яны не дурныя, і калі гэтак вычвараюцца, дык пэўна бачаць у тым нейкі сэнс. Хаця, як на мой розум, дык праблема не столькі ў нячысціках абок дзіцяці, колькі ў ім самім. Бачыце, я мяркую, што дзеці – гэта зусім і не дзеці, а проста апранутыя ў кашулю чарцяняты. І ўжо адно ад дарослых залежыць, ці здолеюць яны з гэтых нашчадкаў граху вырабіць штосьці паважна чалавечае. Нездарма беларусы кажуць: дзетак не родзяць, а робяць.

Зразумела, выштукаваць чалавека з няведама чаго – справа не аднаго дня. Тут похапкам ніяк не ўправішся. Да таго ж патрэбная пэўная сістэма. У беларусаў яна неверагодна простая, але надзвычай эфектыўная. І хаця фармулюецца па-рознаму, аднак заўсёды вельмі лаканічна. Да прыкладу: дзеці растуць ад матчынага блінца, а разумнеюць ад бацькавага дубца. Інакш кажучы, як толькі нешта нялюдскае зробіш, дык адразу і атрымай бацькаву ласку, каб ніколі не забываўся, што цябе на чалавека рыхтуюць, а не на некага там каго…

Хаця, пакуль жэўжык яшчэ маленькі, яго толькі даланёй пляскаюць па азадку. І не так дзеля ўтаймавання, а каб д’яблавы хвасток лішне не вытыркаўся. А як трохі падрасце і пачне ўжо рожкі паказваць, то яго за вуха круцяць. Круціць пажадана не на адну, а хаця б на дзьве закруткі, і пры гэтым цягнуць вуха да гары. Тады неслух аж на дыбкі становіцца і рожкі адразу з патыліцай раўнуюцца…

Потым трэба каб яшчэ капыткі адваліліся. Тут найлепей па голых пятах лінейкай колькі разоў добра ўпражыць. Прынамсі, лінейкай злоўжывала мая маці, але ж яна была краўчыхай, а чым деля гэтай паважнай справы іншыя карыстаюцца, дык я і не ведаю.

Пакрысе жэўжык сталее, набіраецца розуму, толькі гэта яшчэ ні пра што не кажа, бо дзіця да дванаццацці год чорту работу робіць. Таму далей больш эфектыўна побач з фізічнымі ужываць маральныя метады ды прыёмы. Тэхналагічна самы просты – гэта паставіць гіцля ў кут тварам да сцяны… І каб не варушыўся! Няма ў такім узросце большай пакуты, чым застацца без руху і свету белага перад вачыма.

Недахоп гэтага метаду ў тым, што самому нельга куды адысціся, бо чарцянё адразу закруціцца на месцы, як юла, а то і язык высалапіць табе ў спіну.

Таму ў кут пажадана ставіць на калені. Па-першае, укленчаны нягоднік, нават калі над ім і няма абраза, усё раўно мацней адчувае свой грэх, чым выпрастаны. А па-другое, тады і табе на якую хвілю можна адвярнуцца, бо з кален не адразу ўскочыш.

А цяпер колькі словаў пра адмысловы прыём, у якім караючы геній беларусаў спраўдзіўся як найлепей… Што тут і казаць, у маленстве кожнага раз-пораз здараюцца гісторыі, пасля якіх паставіць у кут, хай сабе і на калені – смеху варта. А вось калі пад калені насыпаць гароху ці грэчкі, дык гэта тое самае, што пры жыцці выправіць у пекла…

Пакуль у нас гаворка вялася адно пра методыку хатняга кшталтавання -- у тым сэнсе, што неслух заўсёды пад рукой, у чатырох сценах. Такое пераважна здаралася глыбокай восенню ці ўзімку, калі на вуліцу носа не высунеш і з ранку да ночы ўсе разам у цеснай хаце таўкліся: і дзеці, і дарослыя. Тлум быў нязносны і бацькам нэрваў не хапала.