Выбрать главу

-- Дзеці, дзеці, добра з вамі ўлеце, а як зімою, дык хоць аб печ галавою,-- казалі яны тады.

Але, дзякаваць Богу, у нас не Сібір і большую пару года падшыванцы бавяць час на падворку ля хаты, а як трохі падрастатуць, то і на рэчцы ці ў лесе.

Вядома, на вольным прасторы ў кут не паставіш, ды і за вуха не заўсёды ухопіш, бо які дурань будзе чакаць экзэкуцыі, калі можна даць лататы і ператрываць дзе-небудзь у завуголлі, пакуль бацькоўскі гнеў хоць трохі ахлыне. Таму дзеля гэтай сітуацыі рэпрэсіўная сістэма мадэрнізоўвалася. Шкада толькі, што пры гэтым яна губляла сваю разнастайнасць, але затое робілася больш гнуткай, паколькі галоўным карным начыннем цяпер абіраўся дубец.

Дарэчы, дубец у вясковым жыцці ўвогуле ўніверсальная прылада. Ім і карову з пашы на падворак заганяюць, і парсюка у загарадку, і чужых курэй на сваім гародзе прэсінгуюць, але перадусім, натуральна, неслухаў сцёбаюць. На хлапца не шкадуй дубца, -- слушна раіць народная мудрасць.

Пра дубец іншым разам я можа нават і паэму напішу, бо ён варты таго. Але тут запынюся толькі на яго самай пякучай версіі – крапіве.

У пэўным сэнсе крапіва, прынамсі, па лютасці пакарання, не саступае гароху. І, адпаведна, ужываецца адно тады, калі злыдзень сваім свавольствам давядзе чалавека да такога шаленства, што той, не шкадуючы уласных рук, выдзярэ з пад-плота пук крапівы, дагоніць нягодніка, куды б ён ні схаваўся, і адлупцуе па голай срацы, каб аж скура курэла…

Час, вядома, ляціць імкліва. Не паспееш азірнуцца, як малеча вымахала ў бейбуса -- з бацьку ростам. Ясная рэч, што такога доўбню лашчыць дубцом – адно людзей весяліць. І тут ўжо ніяк не абысціся без папругі. Па-першае, яна заўсёды пры бацьку, гэта значыць у кожны патрэбны момант якраз пад рукой. Па другое, у залежнасці ад наробленай шкоды, можна хвастаць скурай, а можна і жалезнай пражкай. А па трэцяе (і гэта, бадай, самае істотнае), папруга – сакральны атрыбут мужчыны. І таму хоць і крыўдна, і балюча, калі бацька лупцуе папругай, але і ганарова, бо тым самым цябе ўжо як бы ў мужчыны прысвячаюць.

Звычайна папругай і канцуецца складаны працэс штукавання спраўнага беларуса. Бо калі не ўзяў чорт малога, то і вялікага не возьме. А як узяў, дык ужо таўчы потым аболтуса у каршэнь – не таўчы, а толку ўсё роўна не будзе…

* * *

Зусім верагодна, што некага мае папярэднія развагі моцна абураць. Маўляў, можна падумаць, быццам гадаваць дзяцей па-беларуску, гэта ўсяго толькі круціць ім вушы, трымаць па кутах на каленях, сцёбаць дубцом і лупцаваць папругай… І абураныя будуць мець рацыю. Бо хіба ж мы вылюдкі якія? Нічуць не горшыя за хоць каго! А што да дзяцей, дык беражэм і песцім іх, бадай, нават і залішне, бо з уласнага досведу ведаем, што доля беларуса гаротная – дык хай хоць у маленстве з жыцця пацешыцца.

Дарэчы, і караем неслухаў досыць рэдка, часцей абыходзімся адно віртуальнымі пагрозамі кшталту: от ты ў мяне зараз заробіш, якія зазвычай пустым гукам чэзнуць у паветры. А яно і навошта без патрэбы рукамі махаць? Галоўнае, каб гадаванец трымаўся межаў чалавечага і як пацеры ведаў, што калі самахоць перакрочыць у нялюдскае, дык тады хай сам на сябе і наракае.

І апошняе. Народная педагогіка беларусаў надзвычай багатая як на прыватныя парады, гэтак і на канцэптуальныя прапановы, але асабіста мяне найболей чаруе кранальная прастата і геніяльная завершанасць наступнага выслоўя:

-- Да пяці год пястуй дзіця, як яечка, з сямі – пасі як авечку, тады і выйдзе на чалавечка.

Праца

Беларус альбо працуе, альбо пье гарэлку. А як няма ні працы ні гарэлкі – ён нудзіцца. Аднак доўга нудзіцца яму не выпадае, паколькі справаў звычайна хапае, а калі ёсць работа, дык знойдзецца і нейкі грошык, каб сябе падвесяліць.

Працаваць беларусу гэтаксама звыкла, як дрэву расці, а каменю ляжаць. Але памыляецца той, хто лічыць, быццам мы шмат працуем, бо мала зарабляем. Зусім наадварот: мы мала зарабляем, каб болей працаваць. І ведаеце чаму так? Інакш давядзецца альбо піць гарэлку альбо нудзіцца. Толькі не трэба думаць, што беларусы занураныя ў працу адно з перасцярогі да сваіх заганаў. Усё куды больш сур’ёзна.

Бачыце, шмат працаваць – гэта не доля беларуса, гэта ягоны лёс. А лёс, як вядома, на кані не аб’едзеш.

З чаго нам выпаў гэткі лёс – ніхто напэўна не ведае. Затое вядома, што без меры працуе той, хто нічога болей рабіць не ўмее: ні ваяваць, ні гандляваць, ні забаўляцца..