Нехта імкнецца ўзножыць Вавілонскую вежу ці збудаваць камунізм, нехта высільваецца каб заваяваць альбо забавіць увесь свет, а беларусу абы мазоль не сыходзіў з рукі.
Жыць з мазаля – вось наш таемны гонар. Жыць дзеля мазаля – вось наш таемны сэнс. І таму адно ў нас могуць у роспачы сказаць: Бог працу бачыў, а мазаля не даў.
-- На чым палягае гэты таемны сэнс мазаля? – часам пытаюцца нашых людзей чужаніцы.
І чуюць у адказ:
-- Рабі, што робіш і хай будзе, як будзе.
Натуральна, хоць-чаго зразумець з гэтых словаў старонняму чалавеку немагчыма. Таму многія лічаць нас недарэкамі і раз-пораз спрабуюць перайначыць на свой капыл.
За палякамі беларуса спрабавалі адвучыць ад гарэлкі, але паколькі ў нас заставаліся праца і нуда, дык нічога ў палякаў не атрымалася.
За расейцамі беларуса спрабавалі адвучыць ад працы, але паколькі ў нас заставаліся гарэлка і нуда, дык нічога ў расейцаў не атрымалася.
Магчыма нехта паспрабуе ў адначассе збавіць нас і ад працы і ад гарэлкі, але ў яго таксама нічога не атрымаецца, бо няма ў свеце такой сілы, якая магла б вызваліць беларуса ад ягонай нуды, калі ён без анічога ў руках застаецца сам-насам...
З іншага боку, ніяк не выпадае казаць, быццам мы лішне зацятыя працай. Беларус зусім не працаголік, гэта значыць той, хто і ад дурной работы атрымлівае асалоду. Хутчэй наадварот – звычайна наш чалавек працуе як бы цераз прымус. Адсюль і мноства прымавак, кшталту: “ У Бога дзён многа”, “Колькі не рабі, а ўсяго не пераробіш”, “З кута ў кут і вечар тут”...
Адным словам, не надта мы любім улягацца ў работу, толькі няма ў нас іншага выйсця. Рэч у тым, што для беларуса праца – гэта не тое, што забяспечвае чалавека жыццём, а само месца жыцця.
З чаго так сталася – патлумачыць проста.
Ні свая хата, ні свой падворак ніколі не будуць тваімі, пакуль ты не маеш сваёй краіны, якая заслоніць цябе ад хцівага вока чужаніцы. А як мы не мелі гэткага заступніка, то ўсялякі прыхадзень у кожны момант мог адабраць у нас хату, выгнаць з падворка і засеяць уробленыя палеткі сваім пустазеллем.
Аднак ёсць нешта, чаго ніводзін рабаўнік не зможа пазбавіць чалавека, пакуль той жывы – гэта ягонага мазаля...
Калі гэбраяў выгналі з гістарычнай радзімы, яны абрал сабе айчынай нябёсы, калі беларусам не далі быць гаспадарамі на сваёй зямлі, яны абралі сабе бацькаўшчынай працу...
“Рабі пільна – і тут будзе Вільня” – кажуць беларусы, маючы на ўвазе, што праца сама з сябе ёсць і Вільняй, і Ерусалімам, і усім астатнім.
Праца – дом быцця беларуса. Вось чаму мы адразу пачуваемся выгнанцамі з роднай краіны, як толькі рукам няма справы (і тады ўмомант пачынаем альбо нудзіцца альбо гарэлку піць).
Між іншым, пра рукі. У маёй бабулі, даўно нябожчыцы, я бачыў іх нерухомымі толькі на фотаздымках. І потым яшчэ аднойчы – у труне. Дык вось, неяк сядзелі мы з ёй на ганку яе хаты. Яна абірала бульбу і нешта распавядала, я цешыўся з яе цудоўнай беларускай мовы. Сёння ўжо не ўзгадаць, пра што вялася гаворка, толькі між усяго іншага яна мімаходзь прамовіла: “Як паміраць – дык дзень губляць”.
Мяне аж скаланула. На схіле доўгіх гадоў, калі гэтымі укарэлымі, спрэс парэпанымі рукамі ўжо перацярэбленая гара працы, шкадаваць не жыцця, а той работы, з якой яна не зможа ўправіцца у дзень сваёй смерці... Ахвоці мне!
Натуральна, тады я і думаць не думаў, што праз гады паспрабую распавесці пра тое, як беларусы працаваць умеюць. Разважаючы над абранай тэмай, я вельмі хутка даўмеўся: ніякім асаблівым умельствам мы тут не вылучаемся. Што ўжо там казаць пра сем велічных цудаў свету, калі нават дробнюткую вош не мы падкавалі. Але разам з тым я зразумеў, што мы ўмеем рабіць нешта куды больш істотнае за хоць які цуд – мы ўмеем рабіць саму працу! І ўмеем як мала хто яшчэ, сведчаннем чаму нашае доўгае прамінулае, дзе нас ад злыбяды гісторыі баранілі ні замкі, ні войскі, ні грошы, а толькі нашыя мазалі. Між іншым, колькі за гэтую пару народаў і царстваў -- што некалі ганарліва апалоньвала свет, -- пазнікала да звання, а мы, якія за працай свету не бачылі, лашчымся сонейкам ужо трэцяга тысчагоддзя ад Раства Хрыстова.
Таму не палічыце за пустую рыторыку і мае наступныя словы: беларусы не для свету створаныя, яны створаныя для працы. Якраз апошняга я і не разумеў, калі скалануўся ад словаў любай бабулі: “Паміраці – дзень губляці”.
Але цяпер і я последам за ёй кажу: не ведаю, калі мяне прычакае мой апошні дзень, затое ўжо наперад мяркую, што гэта будзе самы лайдацкі дзень у маім жыцці.
Яшчэ была ноч, а мы ўжо ўсхапіліся і паехалі. Ад грукату двух матацыклаў прачнулася ўсё мястэчка. Прынамсі, мне так здавалася. Вядома, у страха ня толькі вочы, але і вушы вялікія. А баяцца было чаго – мы ехалі ў Белавежскую пушчу гнаць самагонку.