Выбрать главу

А вось як вырашаюць праблему смуроду ў горадзе, я і дагэтуль не ведаю. Адзін з маіх гарадзкіх сяброў, хімік па адукацыі, падчас гарбачоўскага рушэння за агульную цвярозасць рабіў на гаўбцы такі напой, што яго і піць было шкада, хіба адно замест дэзадаранту на сябе пырскаць…

Дарэчы, якраз з гэтым сябрам мы добра насёрбаліся ў Туве самагонкі з малака. Дзён дваццаць наш спартовы хаўрус бадзяўся сам-насам высока па гарах, а як спусціўся ніжэй у даліну, дык сустрэў пастухоў і яны вынеслі нам з юрты тазік (пазней дакладна ў такі будуць грукаць Бум-Бам-Літаўцы), поўны нейкай бляклай вадкасці. Самагонка была слабенькая, як нашае піва… Зрэшты, пасля трох тыдняў голаду і холаду мацнейшая нам была б і залішне.

Разумею, што апошняя згадка не мае ніякага дачынення да беларускага досведу ў гэтай адмысловай справе. Толькі я яе не абмінуў наўмысна, каб у адначассе сказаць, што самагонку можна рабіць з чаго заўгодна і як заўгодна -- і на тым спыніцца. Бо далей яшчэ трэба паспець запытацца, з чаго беларусы гэтак адданыя самагонцы?

Похапкам здаецца – ясная рэч: дзе ж тых грошай набярэшся на крамную халеру? Але ж ці ўсё так проста? Яно і ў іншых краях не кожнай людзіне заробку хапае ўдосыч, аднак там чамусці не хаваюцца па лясох і сутарэннях дзеля таннай гарэлкі?

Бачыце, каб рабіць самагонку, трэба не толькі ўмець, а яшчэ і любіць хавацца. Зразумела, не кожнаму такое даспадобы. А вось беларусам няма большай прыемнасці, чым знікаць у нікуды, бо хованкі – наша нацыянальная гульня, якой мы бавімся ад веку … З таго ў нас і «партызанка» што заўсёды раней, што за немцамі, была як нідзе, ды і падпольшчыкаў у гарадох хапала… Так яно і дасюль вядзецца. Прыкладам чаму тыя сціжмы самагоншчыкаў, што сёння хаваюцца па лясных нетрах і гарадзкіх сутарэннях. Яны і ёсць ні чым іншым, як часткай нашага адвечнага партызанскага руху. А тое, што цяпер на іх ладзяць аблогі не іншаземныя карнікі, а родныя ўлады, па сутнасці, нічога не іначыць.

Тым я і збіраўся скончыць свой эсэй, толькі якраз учора адзін прыблуда абразіў мяне:

– І калі гэта беларусы кінуць жлукціць гарэлку? – між іншым запытаўся ён.

На што я спакойна, аднак з гонарам, адказаў:

– Беларус – не скаціна. Гэрэлку на ваду ніколі не праменяе.

Мова

Пісаць пра беларускую мову, што на могілках забаўляцца. У якім месцы не спыніся – усюды сум.

Але ж наракаць ды скардзіцца на тое, што беларусы роднае мовы цураюцца,-- сэнсу таксама няма, бо колькі можна...

Таму лепей запытайцеся мяне, скуль завялася ў нас гэткая прыкрая завядзёнка? І я вам умомант адкажу: беларусы на злом галавы бягуць не ад мовы, а ад таго лёсу, што наканаваны ім роднай мовай...

Пасля восьмага класа бацькі выправілі мяне з мястэчка ў няблізкі свет – вучыцца аж пад Маскву. Даволі хутка я вярнуўся да хаты без навукі, але з упэўненай расейскай гаворкай, на якой, не хаваючы форсу, гаманіў у мястэчку.

Ах, з якім захапленьнем і зайздрасцю глядзелі на мяне сябрукі, якой глыбокай радасцю свяціліся вочы бацькоў, калі яны слухалі маю расейшчыну... І толькі праз шмат год, неяк згадаўшы той выпадак, я зразумеў: нагодай для ўхвалы былі не мае лінгвістычныя здольнасці, а спадзеў, што хлопец, які гэтак лёгка забываецца на роднае слова, будзе мець лепшую, ад беларускай, долю.

Між іншым, долю мы выбіраем самі, а лёс нам наканаваны мовай. Якая мова – такі і лёс. У адрозненьне ад старабеларускай – мовы княскай канцылярыі, ужо тутэйшая беларуская доўгі час была мовай адно тых, хто жыў з мазаля. На ёй не размаўлялі ні святары, ні гандляры, ні настаўнікі, ні паны – і нават падпанкі не на ёй размаўлялі...

Тутэйшая мова была тым таўром, якое пазначала месца чалавеку побач з быдлам. І каб патрапіць у людскі свет, трэба было перадусім вытравіць з сябе гэтае таўро.

Мая маці ўжо ў маладосці сталася знанай краўчыхай мястэчка. Але зусім не таму, што мела зграбныя пальцы і швейную машынку “Зінгер”... Паколькі ўсё мясцовае кіраўніцтва было з прысланых пасля вайны расейцаў, дык яна спрытна засвоіла іхнюю мову і тым самым прыгарнула да сябе найбольш заможную і ўплывовую кліентуру.

Карацей кажучы, кожны беларус здавён ведаў, што каб прыдбаць сабе хоць трохі лепшай долі, найперш трэба адрачыся ад тутэйшай гаворкі.

Але гэткае становішча, як пакажа час, было яшчэ ня самым горшым для мовы. Горшае яе чакала наперадзе, калі ў ХХ стагодзьдзі кожны, хто залішне вытыркаўся на вочы з родным словам, патрапляў пад рэпрэсіі ўладаў. Вось тады беларуская мова, якая раней была толькі знакам бядоты, сталася знакам бяды. Бяды сапраўднай, блізкай, смяротнай для ўсялякага, хто сваёй мовы не адцураўся. У лепшым выпадку змагароў за мову чакалі прыгнёт і нішчымніца, у горшым – эміграцыя, Сібір ды Курапаты.