Выбрать главу
Там, дзе неба сыходзіцца з зямлёй

Там, дзе неба сыходзіцца з зямлёй, жылі маленькія мужчыны і яшчэ меншыя ад іх жанчыны. Вядома, пад нізкім небам і дрэвы і людзі не могуць вырасці высокімі. Праўда, у дробязях гэтыя людзі нічым не адрозніваліся ад нас, хіба што на пісьме не мелі вялікіх літар. А яшчэ помнікаў у іх не было, бо помнікі, як вы разумееце, ставяць адно вялікім…

Як я ўжо казаў, жылі яны чорт ведама дзе, але бабы з нашай вёскі адвеку ездзілі да іх па голкі, а мужыкі – каб падзівіцца. Раней ездзілі коньмі, а потым, як паклалі калейку, на цягніку. Што – што, а голкі ў іх атрымліваліся файныя. Далібог, ва ўсім свеце ніхто не рабіў лепшых. Больш спрытная баба такой голкай магла з адных плётак спадніцу выштукаваць. Толькі ўсё гэта ў мінулым…

Аднойчы апынуўся ў тых мясцінах надта вучоны чалавек.

-- Апамятайцеся, людзі,-- накінуўся ён, -- зямля круглая і таму неба ўсюды аднолькава высокае.

-- Калі неба аднолькава высокае, дак чаму мы маленькія?! – упікнулі яго.

-- Няма маленькіх людзей, ёсць дурныя і разумныя,-- запэўніў ён.

-- На ўсё боская воля,-- нагадалі яму.

Толькі не быў бы то вучоны. Не адразу, але неяк пераканаў іх, што зямля круглая і неба аднолькава высокае ўсюды…

Тады гэтыя людзі кінулі вырабляць голкі і звялі ўсё жалеза на помнік таму вялікаму чалавеку.

Файны атрымаўся помнік. Але дзівіў не гэтак сваімі памерамі, як вытанчанасцю дробязяў. Шкада толькі, што ён і дасюль покатам марнуецца ля кузні, бо няма каму ўсцягнуць яго на пастамент. Вядома, якія там людзі пад нізкім небам! Адно што празываюцца людзьмі…

Аргумент

Адзін з нас меў аргумент, а ўсе астатнія ішлі туды, куды дзьме вецер.

Сёння вецер быў з аднаго боку, заўтра з іншага і таму рана ці позна, але мы зноў вярталіся туды, дзе на выспе за вёскай сядзеў той -- з аргументам.

-- Куды гэта вы, хлопцы? – шкадуючы, пытаўся ён і пазяхаў так, што нават дурань разумеў: гэты чалавек мае аргумент і яму няма патрэбы куды б там ні было цягнуцца і недзе нешта шукаць.

Звычайна яму не адказвалі, толькі хіба найбольш стомлены бывае гняўліва буркатне:

-- А табе што за справа, абібок?!

І мы ішлі далей, хаця сёй-той (употайкі ад іншых) доўга азіраўся туды, дзе сядзеў гэты з аргументам і сачыў за дымам над камінамі. І неаднойчы сяму-таму карцела запытацца, чаму ён сядзіць, калі ўсе мы ходзім? Толькі запытацца ніяк не выпадала, бо калі адзін пытаецца ва ўсіх – гэта натуральна, але дзе вы чулі, каб ўсе пыталіся ў аднаго?

І мы крочылі далей і мелі шляхетны гонар ад упартай хады, сэнс якой быў у няспынным руху. І калі што нас палохала, дык гэта не стома, пабітыя ногі ці смага, а спакой. Раптам вецер сціхаў і мы спыняліся, як бы спатыкнуўшыся, бо без ветра не ведалі, куды нам цяпер праставаць?

Што ў тыя хвіліны рабілася – цяжка казаць, ды, дзякаваць Богу, усялякі раз вецер падымаўся зноў, а разам з ім падымаліся і мы, каб рушыць далей.

Так здарылася, гэтак аднойчы мусіла здарыцца, што вецер суняўся якраз тады, калі мы праміналі выспу, на якой сядзеў той, з аргументам. Упершыню мы не енчылі, не камячылі апратку, не кусалі сябе за локці. Упершыню наша змучаная сціжма затаіла уласны жах, бо на нас, шкадуючы, пазіраў ганарысты лайдак. Але гэтым разам, пэўна ад збянтжанасці, мы не вытрывалі і запыталі, які такі важкі аргумент ён мае пры сабе, што не баіцца сядзець на адным месцы, калі ўсе астатнія спыняюцца адно тады, як спыніцца вецер?

-- Колькі б вы не хадзілі, хлопцы, усюды у вас пад нагамі будзе зямля, над галавой – неба, а на карку – дармаед з пугай,-- гэтак адказаў ён. І наастачу яшчэ раз запэўніў:-- Усюды.

Толькі не многія з нас пачулі ягоныя словы, бо раптам далягляд абазваўся лагодным ветрыкам і мы ўсхапіліся…

Мы ўсхапіліся і з’едліва пазіраючы лайдаку ў твар, рушылі паўз выспу туды, куды праставаў вецер.

На тым і гэтым свеце

Не ведаю, як цяпер, але яшчэ за панамі наш кавалак пекла знаходзіўся якраз паміж польскім і расейскім. Аб гэтым распавёў мой сусед, кульгавы Яўхім, які трапіў туды не ў свой тэрмін і быў адпушчаны да хаты чакаць свайго часу.

З нашай вёскі шмат хто дзе бадзяўся, але калі мы сышліся ў Яўхіма, дык нават вядомы пляткар Здэнек зашпіліў свой язык на ўсе гузікі. Зрэшты, яно і зразумела. На гэтым свеце ты адно дзеля прыліку, а туды ідзеш каб назаўжды спраўдзіцца.

-- На нашай дзялянцы ціха.--так распачаў сваю казань Яўхім.--Я нават падумаў, што можа чаго наблытаў. Вакол усё гудзе, стогне, енчыць, а ў нас хіба што вокхне нехта – і зноў ані згадкі. Я тады наўзбоч азірнуўся і бачу, што непадалёк хударлявы панок на барвовай патэльні таньчыць. Ён мяне таксама заўважыў і кліча: ”Прошам пана, прошам пана”. Зразумеў я, што, здаецца, не туды мне трэба, але панок прычапіўся, нават скакаць перастаў. Куды, кажа, пан пойдзе, дзе лепшай долі знойдзе? І абслуга тут далікатная, і патэльні парыжскага вырабу… А хай пан паглядзіць, што ў вас робіцца (ківае туды, дзе ціха): абслуга – не абслуга, быдла нейкае рагатае. Увесь час адно крэкча і рыкае. А ўмовы, матка Боска, што за ўмовы! У гной да барады загоняць і потым па галовах капытамі скачуць. У нас хоць і прыпякае часам, але як схопішся таньчыць, дык нават і весела.