Выбрать главу
Могілкі

Праз дарогу ад хаты, дзе я нарадзіўся і асталеў, за высокім каменным мурам пачыналіся старыя могілкі. Як толькі мне было дазволена перабягаць праз дарогу, увесь вольны час я бавіў з сябрукамі за тым мурам. Там мы гулялі ў хованкі, індзейцаў, футбол, карты... Пазней там сустракаліся з дзяўчатамі. На ўжо ледзь прыкметных магільных капцах добра спелі суніцы. Яны былі больш буйнымі і салодкімі, чым дзе яшчэ – ці гэта нам толькі здавалася, бо патрэбная была пэўная адвага, каб ласавацца ягадамі з грудкоў над дамавінамі, хай сабе і даўно спарахнелымі.

Могілкам было шмат стагодзьдзяў і пад нашымі нагамі спрэс пластаваўся чалавечы прах. Але калі не лічыць рэшткаў збуцвелых крыжоў і рудых ад іржы агароджаў, дык гэтае месца нічым не адрозьнівалася ад зарослага парку, бо ніхто ўжо не памятаў пра тых – пад дзірваном...

Неяк бацька паскардзіўся маці: – Ужо смерць насоўваецца, а навошта жыў?

– Куды ад смерці падзенешся? З варонамі не паляціш! – буркатнула маці. Бацька не спрачаўся.

Паўз нашую хату – з аднаго і другога канца мястэчка – лічы штодня жывыя няспешнай хадою праводзілі на могілкі нябожчыкаў. Паміраць на нашай вуліцы было гэтаксама натуральна, як і жыць. А можа і больш натуральна, бо ў жыцьцё чалавек мог і не з’явіцца, а паміраў дык абавязкова.

Жывыя мусяць памерці! – у гэтым мы безліч разоў пераконваліся на свае вочы. І зайздросцілі не тым, хто доўга жыў, а тым, хто хутка паміраў. І хаця на ўсё воля божая, толькі хто з нас употайкі ня марыў, каб потым пра яго сказалі: “Лічы не пакутаваў нябожчык”.

Але якой бы смерць не была, галоўнае ў гэтай падзеі не яна сама, а праводзіны нябожчыка на той свет. Вядома, кожны з нас наастачу варты ўшанавання, толькі сапраўдная сутнасць урачыстага абраду зусім не ў гэтым. Бачыце, хаця чалавек жыве дзеля людзей, аднак памірае выключна для самога сябе. Таму калі б мы не хавалі яго ўсім светам, дык ніхто напэўна і не ведаў бы: ці то чалавек ужо сыйшоў назаўсёды ці яшчэ недзе жывым хаваецца, прыкладам, ад уладаў ці аплаты аліментаў?

Інакш кажучы, рытуал пахавання існуе не столькі дзеля нябожчыка, колькі для тых, што пакуль застаюцца жыць – каб яны ня блыталі, каго на якім свеце шукаць. Апошняе тут самае істотнае. А самае адметнае тое, што паколькі нябожчык звычайна яшчэ жывым рыхтуе ўласныя хаўтуры, і рыхтуе для жывых, дык сама смерць апынаецца недзе зпадысподу. А наяве і нябожчыка, і нас турбуе зусім іншае: як ён будзе выглядаць з твару, які гарнітур апране, колькі народу збярэцца, хто якія словы прамовіць, – але найперш, каб страваў і гарэлкі на памінальным фуршэце ўсім хапіла.

– Колькі народу было, а які стол! – пачуеш назаўтра ад знаёмца і толькі пазней зразумееш, што гамонка не пра бенефіс актора ці аўтарскую вечарыну, а пра хаўтуры па чалавеку.

Аднак не трэба думаць, быццам наш кандыдат у нябожчыкі дбае адно пра жывых і зусім забыўся на сябе, гэта значыць на ўласную смерць. Падрыхтаваўшы новы гарнітур, месца на могілках, грошы на хаўтуры, помнік і труну (як труна яшчэ ня сохне на гарышчы), ён пачынае думаць пра той момант, калі расчуленыя госці разыйдуцца па хатах і назаўжды пакінуць яго сам-насам.

“Дзе такое можа быць – назаўжды? І што ён там, на небе, будзе рабіць столькі часу? І куды да ветру хадзіць, калі пад табой людзі?..”. Гэткія і безліч іншых пытанняў пачынаюць вярэдзіць самотніка, а каб хто адказаў – дык ніхто, бо што жонка, што поп абазнаныя ў тым свеце не болей за яго самога.

Праўда, Бог усё ведае, толькі дзе яго знайсці? Але іншага нікога няма і на самым прыканцы гадоў наш чалавек пачынае выглядаць Бога – спачатку ў самім сабе, пасля на цвінтары сярод жабракоў, а затым і ў царкву зазірне...

Беларусу зусім не патрэбны Бог дзеля жыцця – тут ён і сам управіцца. Бог яму патрэбны дзеля смерці, гэта значыць, на той выпадак, калі чалавек раптам некуды зьнікае з уласнай самасці. Між іншым, беларуса ў смерці не так тая смерць палохае, як вось гэтая страта самога сябе. Ён жа спрадвеку ведае, што калі сам сабе не дапаможаш, дык і ніхто табе не дапаможа. А як гэта зрабіць, калі цябе самога якраз і няма?

Аніяк!

Таму надалей нічога іншага і не застаецца, акрамя як на Бога спадзявацца. Урэшце рэшт, Бог і з’явіўся на свет, каб ратаваць чалавека ад смерці. Дык хай ратуе, калі абяцаўся.