Займеўшы такую выснову, беларус ідзе да споведзі, а пасля аднойчы памірае, пэўны веры, што хаця смерць здольная абрабаваць чалавека на жыццё, але ніколі не адужае Бога, каб адабраць у Яго чалавека.
Ясная рэч, Бог ня зломак, сваё абы каму не аддасць. І ў гэтым сэнсе паміраць можна спакойна. Толькі хто б мне сказаў, на якую трасцу мы патрэбныя Богу?
І я зноў згадваю могілкі насупраць бацькоўскай хаты. Пэўна, мне не трэба было гойсаць па напластаваннях праху, скакаць праз пахіленыя крыжы, частавацца суніцамі з магільных капцоў, абдымацца з дзяўчынай на заімшэлых плітах... Бадай мне ўвогуле не трэба было перабягаць праз дарогу і тады я разам з іншымі суцяшаў бы сябе, што не знікну дазвання ў невараці, а з Божае ласкі перабяруся да Яго за пазуху. Але я залішне доўга бавіўся на старых могілках, каб не помніць, ува што згортваецца чалавек, чым і дзе ён вершыцца.
І калі нехта, збіраючыся ў апошні шлях, запытае мяне пра быццё і нябыт, то я маю для яго прынамсі пачатак адказу: быццё падобнае да старых могілак за каменным мурам, дзе жывыя мілуюцца на магільных плітах, з якіх шурпаты час паздзіраў усе літары... А вось працяг адказу кожны мусіць выбіраць сам, бо толькі ад гэтага выбару залежыць, куды ён патрапіць наастачу: у могілкавае скляпенне ці ў катакомбы нябёсаў, дзе Бог у марудзе вечнасці сьпеліць блакітныя надзеі.
Калі цябе хвалюе жанчына – ты пішаш верш.
Калі цябе трывожыць чалавек – ты пішаш раман.
Калі цябе вярэдзіць быццё – ты пішаш эсэ.
Вясёлае эсэ ты пішаш, калі табе вельмі сумна. А так бывае кожны раз, як тлькі нешта ўжо незваротна скончылася: сяброўства, каханне, надзея… А наноў яшчэ нічога не распачалося.
Эсэ – гэта востраў, куды можна патрапіць адно пасля караблекрушэння. Вось чаму эсэ заўсёды пачынаецца з вусцішнай адзіноты. Ты стаіш на пустэльным беразе і пакрысе ўсведамляеш: каб не знікнуць дазвання разам з тым, што цябе цешыла і бавіла раней, трэба самому ўсё вынайсці і стварыць наноў – і сябрука Пятніцу, і гліняны збан.
І ты рушыш у глыб вострава, скуль няхутка вернешся да людзей, каб распавесці ім гісторыю свайго вяртання…
Менавіта з вусцішнай адзіноты пачынаецца і лепшае беларускае эсэ, якое Ігнат Абдзіраловіч прароча назваў “Адвечным шляхам”.
Паслухаем аўтара:
“ Нашы часы – часы агульнай заблутанасьці, часы паўстаньня праменных, быццам, ідэалаў і іх канечнага зьніканьня праз недаўгі час… Тое, што раней здавалася чыстым і сьветлым, штодзённа аплятаецца жыцьцёвым брудам і пылам. Так зьнікаюць праменныя ідэалы, пакідаючы роспач і безнадзейнасьць. У такія часы адзінокая чалавечая душа шукае, пераглядаючы ўсё тое, што здавалася каштоўным, сьвятым і жаданым”.
* * *
Нікому невядома, хто прыдумаў драму, паэму, раман? А вось у жанра эсэ ёсць канкрэтны аўтар -- Мішэль Мантэнь. Гэта яму першаму, яшчэ ў ХУІ стагоддзі, надакучыла хавацца за літаратурных герояў і ён ад уласнага імя сам распавёў праўду пра сябе, як пра чалавека з усім, так бы мовіць, “залішне чалавечым”.
Эсэ – мужны жанр. У апавяданні аўтар распранае на людзях героя – у эсэ ён распранаецца сам. Толькі каб напісаць эсэ, адной адвагі мала. Трэба яшчэ мець ахвоту здумляцца. Без мыслення эсэ ператвараецца ў замалёўку, эцюд, нарыс… У што заўгодна, але не ў эсэ.
Усе ведаюць знакамітае выслоўе Рэнэ Дэкарта:”Я мыслю – значыць існую”. Дык вось, першая частка гэтага выслоўя (“Я мыслю…” ) і ёсць формулай эсэ.
Няма эсэ без твайго ўласнага “Я” перадусім, але і няма эсэ без “Я”, якое мысліць.
Разам з тым, не трэба залічваць эсэ толькі да інтэлектуальнай літаратуры. Бо калі быць больш дакладным, дык эсэ -- не зусім мысленне, а вольнае дыханне мыслення. Гэта значыць, што эсэ мысліць не мысленнем, а ўсёй сваёй дрогкай субстанцыяй. Як, скажам, у яшчэ адным вялікім беларускім эсэ – паланезе “Развітанне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага.
* * *
Эсэ – самы еўрапейскі літаратурны жанр. І не толькі таму, што яно нарадзілася ў Францыі. Славуты еўрапейскі індывідуалізм не ў малой ступені сфармаваны менавіта еўрапейскай эсэістыкай. Бо гэта якраз эсэ наперад калектыўнага “мы” высунула персанальнае “Я” і тым самым звярнула ўвагу на чалавека ўпаасобку ад Бога і Дзяржавы.
Калі заўгодна, ва ўлонні эсэ чалавек нарадзіўся як каштоўнасць. А без апошняга не магло быць ні Вялікай французскай рэвалюцыі з яе мэтай “Свабода. Роўнасць. Братэрства”, ні дэмакратыі, якая пазней апанавала чалавецтвам па ўсёй зямной кулі.
Неяк Людовік ХІУ ганарліва сказаў: “Францыя – гэта я”. Пасля з’яўлення эсэ кожны адукаваны паспаліты займеў трыбуну, каб амбітна заявіць:”Я – гэта сусвет”.