Выбрать главу

Усё ёсць і нічога няма. Як быццам чалавек яшчэ не нарадзіўся, а ўжо памёр.

Інакш кажучы, пакуль свет быў адно сам для сябе, яго як не было. І толькі Адам, надаўшы істотам ды існасцям імёны, вызваліў іх з вязніцы саміх сябе. І ўсё, што было, сталася словам, а што не сталася словам, таго не знайсці.

Таму слова – Бог. І яно было на пачатку. Гэта бяспрэчна.

Напрыканцы слова зноў не будзе. Гэта напэўна.

Апакаліпсіс – не енк, лямант, мальба… Апакаліпсіс – той дзень, калі ўсім нам разам адыме мову.

Гэта канец свету,-- паспее сказаць чалавек, але ўжо не пачуе нават сам сябе.

Цывілізацыя

Чалавек аб’явіўся і стаў жыць у свеце створаным Богам. А вось Божае Царства на зямлі ён мусібыў стварыць сам.

Колькі тысячагоддзўяў чалавек старанна ўлягаўся у працу, але замест Царства Божага ў яго атрымалася Цывілізацыя.

Цывілізацыя – гэта калі куды вока ні кінь, усюды бачна не створанае Богам, а зробленае рукамі чалавека. У дваццаць першым стагоддзі зямная куля, як цесны пакой, спрэс застаўленая людскім наробкам. І гэты рукатворны свет ужо мае сваю веру – тэхнічны прагрэс, свайго бога – атамную Бомбу, свой судны дзень – ядравы Апакаліпсіс.

У гэтым, наўсцяж чалавечым свеце, усё амаль як і ў тым, нерукатворным… З адной толькі розніцай. Бог стварыў белы свет для птушак, звяроў, зораў, Адама і Евы, а чалавек выштукаваў Цывілізацыю выключна для самога сябе.

Шэсць мільярдаў людзей штодня завіхаюцца ля камбайна сусветнай Цывілізацыі, каб забяспечыць хлебам і камфортам адно толькі чалавека. Дзеля яго дзень і ноч працуюць заводы, фабракі і электрастанцыі, грукочуць цягнікі і круцяць коламі машыны, плывуць какраблі і кружляюць касмічныя спадарожнікі…

Пэўна, з гэтага можна цешыцца. Ах, што за асілак, гэты маленькі чалавек, які агораў такую магутную Цывілізацыю…

Але хай кожны сам сябе запытае: а ці варты я таго, каб асабіста дзеля мяне, дзеля майго кароткага існавання, гіганцкі молах цывілізацыі без роздыху перамолваў на друз той жыццядайны сусвет, што аднойчы быў створаны Богам дзеля ўсяго бытнага?

Я таксама запытаўся ў сябе – і мне адразу зрабілася вусцішна…

Меліарацыя

Гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя збольшага ўкладваецца ў шэсць словаў: Рэвалюцыя, Вайна, Міграцыя, Меліарацыя, Чарнобыль і Незалежнасць. За кожным з гэтых словаў стаяць амаль апакаліптычныя падзеі, але я наважуся сцвярджаць, што найвялікшая з іх пазначаная словам Меліарацыя. Бо пасля татальнай меліарацыі ў нас няма і ўжо ніколі не будзе той краіны, якую Багушэвіч колісь назваў жаночым імем Беларусь…

Каб ператварыць жывую зямлю ў тапаграфічную мапу, толькі ў 1976 годзе на абшарах нашай бацькаўшчыны штодня ўлягаліся ў працу адзінаццаць тысяч трактароў, больш як тры тысячы экскаватараў, амаль тры тысячы бульдозераў і безліч іншай тэхнікі. Ніякі землятрус не змог бы нагэтулькі змяніць ландшафт Беларусі, як змяніла яго меліарацыя. Раней сарамліва схаваная за хмызамі, балацінамі і купамі дрэваў краіна выгалілася да небакраю, зрабілася адкрытай і плоскай як планшэт, на якім пад транспарцір накрэсленыя прамыя лініі канаваў.

Але ж ці толькі ландшафт зрабіўся іншым?

Не!

Меліарацыя не была адно касметычнай дзеяй, гэта была аперацыя па змене, калі можна так сказаць, полу краіны. Пасля яе завяршэння Беларусь развіталася са сваёй жаночай сутвай.

Медыцына ўжо досыць даўно мяняе пол чалавеку, але, здаецца, упершыню падобнае было прароблена з цэлай краінай. Толькі ці ўлічылі рэфарматары, што хаця праз пластычныя маніпуляцыі жанчына можа прыдбаць сабе чэлес (а мужчына – цыцкі), але жаночы чэлес не здольны апладніць улонне (як з цыцак мужчыны не выціснеш і кроплі малака)…

Напэўна сяго-таго мае апошнія словы трохі збянтэжаць. Буду шчырым, мяне таксама бянтэжыць метафара Беларусі, як істоты з чэлесам, якая звонку выдае на жанчыну, але не здольная не вывергнуць жыццядайнае семя, не прыняць яго ў сябе… І я б вокамгненна змяніў яе на іншую, каб цераз перамену метафары можна было вярнуць плоднасць знявечанаму чэраву краіны, якую Багушэвіч калісьці назваў жаночым імем Беларусь.

Нядзеля

У Бібліі сказана: “І завершыў Бог да сёмага дня справы Свае, якія Ён рабіў, і адпачываў у дзень сёмы ад усіх справаў Сваіх, якія Ён рабіў”. А паколькі чалавек створаны па вобразу і падабенству Бога, то ў сёмы дзень тыдня людзі таксама адпачываюць, іншымі словамі -- нічога ня дзелаюць. Верагодна, адсюль і – нядзеля…