Натуральна, што мы і свайго першага прэзідэнта абіралі не па якіх там адмысловых здольнасцях, а каб лепей за іншых умеў наракаць ды скардзіцца. І не памыліліся ў сваім выбары. На каго ён толькі не крыўдаваў за пару прэзідэнства: на апазіцыю, Пазняка, карупцыю, прафсаюзы, засуху, Расею, НАТА, сусветны імперыялізм – усяго да ранку не перабярэш.
Але, што праўда, мы таксама гэтым часам у шапку не спалі. Як толькі на свайго абранніка не наракалі, да якіх толькі міжнародных супольнасцяў не звярталіся са скаргамі на яго.
Дарэчы, іншаземцы ўсур’ёз даюць веры нашым і нашага прэзідэнта скаргам. Абураюцца, спачуваюць, раяць, як нам наш нягеглы лёс на кані аб’ехаць…Зрэшты, а скуль ім ведаць, што як толькі мы спынімся наракаць і скардзіцца, дык нам адразу мову адыме. Бо на іншыя словы мы ўжо невядома калі забыліся. Засталося адно на ўсе выпадкі – скарга.
Кожны чалавек нечаму цешыцца, усялякая супольнасць мае нейкія свае святы, але народ становіцца нацыяй толькі тады, калі яго аб’ядноўвае нейкая, адна на ўсіх, вялікая радасць…
Не сталася для нас такой радасцю Кастрычніцкая рэвалюцыя, як пра тое потым семдзесят год казалі камуністы, але не была ёю і стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, як сёння спрабуюць пра гэта казаць нацыянальна заангажаваныя. Бадай, з усяго дваццатага стагоддзя можна вылучыць толькі ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. Рассечаная лязом “Брэсцкага міру”, Беларусь і з таго і з другога боку натуральна імкнулася задзіночыцца ў адно цэлае. Не станем тут кранаць праблему злачыннага пакта “Молатава – Рыбентропа”, дзякуючы якому мы нарэшце з’ядналіся… Але ў беларусаў гэтая падзея выклікала сапраўды агульнанацыянальную радасць, якая з тае пары больш ніколі не паўтаралася. Бо хаця радасць ад заканчэння Другой сусветнай вайны была значна вастрэйшай, аднак гэта была проста ўсеахопная радасць, якая не тычылася беларусаў як нацыі (прынамсі наўпрост). А ва ўсім астатнім ХХ стагоддзі мы былі змушаныя святкаваць не свае святы і радавацца не сваім радасцям. Божухна, чаго мы толькі не святкавалі: Кастрычніцкую рэвалюцыю, дзень Савецкая Арміі, 8 сакавіка, дзень касманаўтыкі, першамай, дзень нараджэння Леніна, юбілей Пушкіна… І нават сёння, пасля столькіх год незалежнасці, мы ўсё яшчэ не маем сапраўдных уласных святаў, як падставаў для выяўлення агульнай для ўсіх радасці.
Па сутнасці, беларусы ўсё яшчэ застаюццуа Народам Чужых Раждасцяў. І гэткая сітуацыя не зменіцца, пакуль мы не навучымся ганарыцца за сябе і за свае справы.
Радасці без гонару не бывае.
Парменід сцвярджаў, што ёсць адно тое, што ёсць і ніякага няма – няма, але чалавек на свае вочы бачыць, як усё былое пакрысе некуды знікае. Вось чаму ў кожнай мове значыцца слова «няма», але, бадай, ніводнае з іх не параўнаецца з нашым… І не спяшайцеся мяне ўпікаць за местачковы патрыятызм. Залішне шмат беларускае «няма» увабрала ў сябе таго, што не здарылася, не адбылося, не знайшлося. Залішне шмат у ім таго, што добра распачыналася, але спакваля знікла дазвання ў невараці.
Пакуль іншыя народы прырасталі здабыткамі, мы мацаваліся стратамі. І цяпер мы багатыя на «няма» як ніхто. У нас няма гісторыі, няма мовы, няма свабоды, няма ладу і, магчыма, зноў не будзе сваёй дзяржавы. Ды і пра саміх беларусаў хто ўпэўнена скажа: ці то яны ёсць, ці то іх няма?..
Аднак хто ведае, можа слова «няма» ўвабрала ў сябе не толькі нашу долю, але і наш лёс? Можа самім лёсам нам наканавана адбыцца праз Няма, якое мы выношваем у сярэдзіне саміх сябе ўжо цэлае тысячагоддзе. Колькі за гэты час вусцішнае Нішто праглынула імперыяў, народаў, культураў, якія ганарліва раскашавалі сярод сваіх здабыткаў і перамогаў? Ад іх ужо даўно і знаку не засталося, а мы, збіральнікі стратаў і паразаў, затуленыя сваёй адсутнасцю, перакрочваем у трэцяе тысячагоддзе, магчыма, якраз дзеля таго, каб засведчыць нашае Вялікае Няма, як самы надзейны шлях праз час і быццё.
Мне кажуць (сёньня я чую гэта з усіх бакоў), што Я — найвялікшая каштоўнасць. Большая за дзяржаву, нацыю, рэлігію і, магчыма, нават за самога пана Бога. Не ведаю, можа, які іншы чалавек і з'яўляецца такой значнай цацай, толькі не я. Бо я не бачу асаблівай цаны ў нейкай колькасці арганікі, выдзеленай з агульнага кантэксту «жывога рэчыва» даўно набытымі нагавіцамі і зацыраваным швэдарам.