Я — гэта восемдзесят кіло костак, тлушчу, цягліц і вадкасці чырвонага колеру, змешчаных у колькі там квадратных метраў бляклай скуры. Дадайце сюды трошкі нэрваў, два-тры хаценьні, некалькі запазычаных думак... Вось і ўсё. А мне і згэтуль і адтуль: ты цэнтар сусьвету, апірышча быцця і, зусім верагодна, ягоны сэнс.
Я торгаю вуха, ушчыкваю клуб і як той андэрсанаўскі хлопчык, толькі не весела, а з сумам, пярэчу: «Чалавек голы».
Я ганарлівы, як засцянковы шляхцюк, але гэта ўжо занадта. Што, я сябе не ведаю? З якой-такой ласкі — найвялікшая каштоўнасць, за што такая пашана?
Магчыма, іншых гэта не цікавіць, а мяне дык надта: як раб божы стаўся самакаштоўнай цацай? Калі гэта чалавек спрычыніўся да сэнсу быцьця і чаму ссунуў на сябе гэты сэнс?
Ідэя, сэнс і сутнасць быцця знаходзіліся па-за асобай да той пары, пакуль не ўзьнікла пытанне: ці вольны чалавек у сваім зямным выбары, ці пан ён над сваімі немудрагелістымі ўчынкамі?
З гэтага пытання спакваля і выспеў гуманізм.
Гуманізм — гэта чалавек, вылуплены з-пад шкарлупіны Бога.
Сэнс чалавека эпохі гуманізму — чалавек. Сам дзеля сябе, сабою цалкам і абсалютна завершаны. Найвялікшая каштоўнасьць.
Але, але... Рэч у тым, што асабіста я не хачу быць месцішчам абсалютнага сэнсу, бо ня бачу ў сабе, з якога боку ні глядзеў, адпаведнага абсалюту зьместу. Больш таго, з кожным днём для мяне робіцца выразнейшым разуменне канчатковай бессэнсоўнасці асобнага чалавека, якая вынікае з яго неабавязковай прысутнасці ў быцці.
Пакінуўшы слоўныя мудрагельствы, сфармулюем гэта гранічна проста, быў асабіста ты альбо цябе не было і ніколі не будзе — усё адно. І таму ў светапоглядным сэнсе менш за ўсё мяне цікавіць маё Я, а калі цікаўнасць усё ж узнікае, я адразу бачу, як з-пад яе покрыва вытыркаюцца рожкі эгаізму.
Я — голы чалавек на скразняках часу, і калі шукаць нешта вартае ў звязку з маёй асобай, то гэта не я сам, а мой Этнас ува мне.
Я — гэта колькі там тысяч год і колькі там соцень каленаў майго роду, і ўся мая каштоўнасць — гэта каштоўнасць скарбонкі, у якую ссыпаныя здабыткі, набыты нястомнай працай на працягу невядома якога часу. І калі я прыходжу да высновы, што я ўсяго толькі месцішча, дзе мой Этнас працягвае існаванне з усімі сваімі тысячагодзьдзямі і каленамі, то амаль міжволі вымаўляю: мой Бог — мой Этнас.
Мой Бог, у адрозненьне ад трансцэндэнтнага, мае пэўны абрыс і логіку быцця. Ён спакваля перайначвае рэальную гісторыю ў крышталёвы эйдас. І ўжо як міт доўжыць маё існаваньне да рэшты чалавечай бясконцасці.
Мне любы мой Бог сваёй дваістасцю, сваім сімбіёзам рэальнага і ідэальнага, але я здагадваюся, што сапраўдныя вытокі маёй любасці ў іншым. Без Яго я нішто, камяк жывога рэчыва, адзінае прызначэнне якога вялічыць аб'ём біясферы на зямной кулі. А прыстаўшы да Яго, я сам раблюся ім.
Этнас — гэта я, памножаны на ўсю гісторыю майго народа. Этнас — гэта мой адзіны прытулак пасьля смерці, апошняя, хай сабе і даволі ўмоўная, надзея на несмяротнасць. Так я толькі памру, а калі знікне ён, то знікну і я.
(Памерці — гэта мая натуральная функцыя, усяго толькі драма майго асабістага жыцця. Знікнуць — трагедыя).
Вось чаму мне моцна карціць, каб мой Этнас застаўся назаўсёды, бо тады застануся і я, як адна з незлічоных прычынаў Яго.
Мяне вабіць магчымасьць тварыць творцу мяне. Трансцэндэнтны Бог статычны, ён дадзенасць, завершаная і непахісная ад пачатку да канца. А мой бог — несупынны рух і разгортванне ў часе ды прасторы, ён тоесны працягласці аб'ектыўнай гісторыі, шматкроць памножанай на экзістэнцыйныя парыванні. Але гэта яшчэ нічога не тлумачыць у маім выбары, і далей я мушу сказаць, чаму мяне не задавальняе звыклы Бог. Тым болей, што тая безаблічная вечнасць, якую прапануе мне Этнас, значна саступае ў прывабнасці райскаму прытулку ягонага канкурэнта.
Справа тут да смешнага празаічная — я не веру ў Яго існаванне. Я не магу даць веры існаванню Бога, якога здолеў перамагчы эгаізм чалавека. Калі не Бог, а чалавек найвялікшая каштоўнасць, калі семдзесят кіло гуманістычна заклапочанай арганікі крочыць наперадзе, а духоўная ідэя валачэцца ў яе за спіной, як цень на сыходзе дня, дык мяне немагчыма пераканаць, што гэты даўжэзны цень ёсць прычынай мяне, а не наадварот. Ён мяне толькі палохае, калі я часам азіраюся.
Ува ўсёй неверагодна складанай сістэме ўзаемадачыненьняў паміж Я і Этнасам (для беларусаў да таго ж заблытанай амаль фатальна) найперш мяне цешыць магчымасьць быць далучаным да анталагічнай ідэі, у святле якой мой эгаізм у фанабэрыстых строях найвялікшай каштоўнасці робіцца да смешнага мізэрным, дробненькім і ўвогуле чэзне. Бо гэтаксама як трансцэндэнтнаму Богу, я не магу даць веры гуманізму, з-пад квятаста размаляванай маскі якога выглядае бляклая пыса панылай экзістэнцыі.