Экзістэнцыялізм (светапогляд, філасофія, мастацтва) — гэта жах сямідзесяці кіло жывога рэчыва перад сваёй бессэнсоўнасцю. Вылучаны з Этнасу, завершаны, сам-насам чалавек — безумоўна абсурд. Ён мае персанальную логіку, але пазбаўлены ўласнага сэнсу. Шматлікія спробы на падставе логікі вызначыць сэнс чалавека не мелі поспеху, бо няможна знайсці тое, чаго няма.
Сам-насам я — ніхто, адно вось гэтая панылая пыса, засяроджаная на двух-трох эгаістычных хаценьнях, а з Этнасам у сэрцы я — ягонае сэрца, якое б'ецца ўва мне. Я — жывое сэрца Этнасу, які стварыў мяне, і ніякай каштоўнасьці ўва мне няма і не можа быць, каб праз мяне не працякала плынь вечнасці майго народу.
Зрэшты, усё гэта — патэтыка (спроба вымавіць невымоўнае праз гіпертрафію эмацыйнага). Таму хопіць палымяна краснасловіць. Тым болей, што у звязку з развагамі пра эгаізм і Этнас мяне насамрэч цікавіць зусім іншае. Этнас — вынік збегу гістарычных падзеяў ці непазьбежнасць, прадумоўленая нейкім сакральным сэнсам? Гэта надзвычай важна. Бо ў першым выпадку мой Этнас мог і не быць, на ягоным месцы магло быць нешта іншае. У другім -- ён, акрамя сэнсу самадастатковасьці, мае нешта значна большае, і тады ў Этнаса з'яўляецца пазагістарычная (сакральная) задача. А ў мяне — магчымасць пазбегнуць патэтыкі, калі я кажу: мой Бог — мой Этнас.
Сказаць, што для Беларусі “праблема Расеі” сягае ў сівую даўніну – значыць нічога не сказаць. Верагодна, мы з ёю і нарадзіліся, як бывае нараджаецца чалавек з нейкай генетычна абумоўленай апрычонасцю, якая ў такім выпадку становіцца ягонай нормай. І трэба ясна ўсведамляць, што выдаліць з сябе гэтую праблему ў нас ніколі не атрымаецца, нават калі знадворку Расея перастане адыгрываць хоць-якую ролю ў нашым лёсе. Бо Расея не на ўсход ад земляў Беларусі, Расея – усход Беларусі. Гэта значыць, што Расея, пэўным сваім контурам (як і Еўропа) натуральна знаходзіцца ўнутры нашай уласнай самасці.
Але было б вялікай памылкай лічыць, што з гэтага мы часткова “Расея”, а часткова “Еўропа” (ці хай сабе нават сума папярэдніх складнікаў)… Ні першае, ні другое, ні трэцяе…
Мы – беларусы. Іншымі словамі, у нечым надзвычай істотным мы рашуча адрозныя ад усіх астатніх (як і ўсе астатнія міжсобку). І складнік “Расеі” у самасці беларусаў ёсць якраз адным з чыннікаў нашай адрознасці. Дарэчы -- у першую чаргу ад непасрэдна Расеі.
Апошняе зусім не ёсць парадоксам. Гэтаксама “Азія”, “азійства” у целе Расеі не набліжае Расею да ўласна Азіі, а перадусім адсланяе -- ў супраціўным экпансіанізме і непераадольным антаганізме.
Хапала і ў нас гэтага “экспансіянізму і непераадольнага антаганізму”. Ні з кім нашыя продкі столькі не ваявалі, як з тымі, каго сёння мы называем расейцамі. Толькі ў сярэдзіне семнаццатага стагоддзя падчас “крывавага патопу”, арганізаванага “маскалямі”, загінуў кожны другі жыхар нашага краю -- было 4,9 мільёна, засталося 2,5 (Між іншым, цягам вайны з нямецкім фашызмам, якая чамусьці лічыцца самай крывавай у нашай гісторыі, загінуў кожны чацьвёрты беларус)…
…Тады і пагасла сонца над Вялікай Літвой і ўзышло над Вялікай Расеяй.
Вядома, і да гэтай падзеі ў расейцаў (маскоўцаў) ужо была ідэя Трэцяга Рыму і Града Божага на зямлі, але канчатковае замацаванне ў расейскай свядомасці сваёй месіянскай ролі адбылося не раней, чым Юры Пераможца на ўздыбленым кані працяў дзідай сэрца Рэчы Паспалітай і двухгаловы арол распасцёр крылы над усёй Усходняй Еўропай.
“Я памятник себе воздвиг нерукотворный...”, і далей самы вялікі паэт тады маладой і яшчэ вясёлай імперыі пералічвае пабраныя народы, што прыйдуць схіліцца перад ягоным помнікам за тыя добрыя пачуцці, якія ён лірай абуджаў у сэрцах людзей.
“Я не паэта. Крый мяне Божа...”, і далей пра тое, што паколькі беларусы нікога не маюць, то хай будзе хаця б Янка Купала.
У гэтых “помніках” двух нацыянальных геніяў куды больш сугестыўна, чым у лічбах прачытваецца адказ на пытанне: каму якімі здабыткамі ды стратамі ( фізічнымі і духоўнымі) адгукнулася эпоха тых войнаў.
Гэта надзвычай істотны момант, на які ніколі не варта забывацца, бо менавіта на памянённых “здабытках” (расейцы) і “стратах” (беларусы) далей будуць фармавацца (у супрацілеглых вектарах) ментальнасці рускага і беларускага чалавека.
Верагодна, тут нехта заўважыць, што не зусім слушна ( а можа і зусім не слушна) звязваць выспяванне этнічнага светапогляду з канкрэтнымі гістарычнымі падзеямі. Я і сам гэтак мяркую, але ў дадзеным выпадку мне падаецца досыць верагодным, што катастрафічны вынік супрацьстаяння з Расеяй шмат у чым паспрыяў замацаванню ў свядомасці беларусаў філасофіі стыхійнага фаталізму.