Выбрать главу

Фаталізм глыбока індывідуалістычны светапогляд, ён вымагае не толькі добраахвотнага падпарадкавання фатуму (кону), даверлівай згоды з тым, што ёсць і якім яно ёсць, але і тоеснасці суб’екта з самім сабой. На апошняе трэба звярнуць асаблівую ўвагу, паколькі сэнсавы цэнтр беларускага варыянта фатальных стасункаў з рэальнасцю менавіта тут. Імкненне да тоеснасці з самім сабой, да не-выхаду за межы гэтай тоеснасці ў знешні, духоўна іншы кантэкст, сталася вызначальным у светапоглядзе беларусаў.

Але вызнаючы істотную ролю “крывавага патопа” у рассыпанні беларусаў на адзінкавыя саматоеснасі, пагодзімся, што гэтаму спрыяла і ўся астатняя гісторыя краю. Беларусь ужо ў пару фармавання ВКЛ была шматрэлігійнай і шматканфесійнай краінай. Які агульны сабор (і якая саборнасць) можа быць у праваслаўных, уніятаў, каталікоў, пратэстантаў, іўдзеяў, мусульманаў, паганцаў?.. І якую “абшчыну” з іх можна скласці, калі яны і працуюць і святкуюць у розныя дні, да таго ж робяць усё гэта кожны па-свойму.

Сур’ёзна паўплываў на дэкаліктывізацыю і такі сацыяльны феномен, як беларуская шляхта. Па некаторых ацэнках навукоўцаў, яе колькасць сягала 15% адсоткаў ад агульнага складу насельніцтва. Натуральна, у абсалютнай сваёй большасці шляхта была “дробнай”, збяднелай і матэрыяльна часам амаль не рознілася ад сялянаў, аднак пры гэтым радыкальна асобілася і ад простага люду і паміж сабой. І хаця ў фармаванні ўжо уласнабеларускага этнасу (не блытаць з нацыяй) шляхта лічы не ўдзельнічала, але ў фактары сацыяльнай дэкаліктывізацыі яе роля была досыць значнай.

Дарэчы, знакамітая беларуская “талака” сведчыць якраз не за калектывізм, а зусім наадварот. Разбэрсаныя рэлігійна і сацыяльна людзі сыходзіліся разам на дзень-другі, каб зладзіць непад’ёмную для кагосьці аднаго справу, і зноў разбрыдаліся кожны ў сваю паасобкавасць. Гэтую сітуацыю не перамяніла і прымусовая калектывізацыя, якая толькі фармальна паяднала натуральна раз’яднаных паміж сабой беларусаў.

Таму Беларусь для беларусаў і па сёння задзіночваецца ў кансалідаванае цэлае толькі (і выключна) праз інстынкт тэрыторыі, а не праз ідэю калектыўнага “я”.

Усё радыкальна інакш у расейцаў. У анталагічным сэнсе паміж беларусамі і расейцамі - ментальная бездань. Расейцы ніколі не ведалі (і не шукалі) сваіх “этнаграфічных межаў”, ды і ўвогуле не былі прывязаныя да хоць якога пэўнага месца на зямлі (не лічыць жа такім неабсяжную і амаль умоўную прастору “ад Брэста да Камчаткі”). Наўрад ці хоць у які перыяд Расейскай імперыі расейскі шараговец больш менш дакладна і тым больш сітэмна ўяўляў яе геаграфічную фігуру. Праблема ўласнай геаграфічнай прасторы паўставала перад ім толькі ў момант чарговага ваеннага канфлікта, звязанага з абаронай ці пашырэннем межаў імперыі. (“Расея, як вядома, вяла ў ХУІІІ-ХІХ стагоддзях трыццаць тры вайны, галоўным чынам захопніцкіх”, Генры Мілер). А ў астатнюю пару яму дастаткова было ведання пра цэнтр улады і яе персаналізаванае імя (месца імперыі знаходзіцца не ў дыскурсе топаса, а ў дыскурсе ўлады). Зрэшты, у іншым выпадку (лакалізаваная канкрэтным топасам), “руская ідэя” ніколі б не набрыняла мессіянізмам і “сабор” не ператварыўся б са звычайнай культавай забудовы на пагорку ў “саборнасць”, як патэнцыйную (віртуальную) тэрыторыю для Града Божага на зямлі.

“Да д’ябла ўсе! Расея апрычоны свет” - гэтая версіфікацыя Пагодзіна на тэму чаадаеўскага азарэння засведчыла, што ў расейскім грамадстве сакральная ідэя мессіанства ўжо на пачатку ХІХ стагоддзя скаланізавала і прастору прафаннага. Таму далей на яе аднолькава будуць абапірацца ў сваім адбыванні быцця што звычайны шараговец, што апрычоны інтэлектуал: “Расея - адметная краіна, не падобная ні на якую краіну свету” (Бярдзяеў).

Расея не Азія, Расея - не Еўропа, Расея - сёмы мацярык, адным словам - “адметны” ад усіх астатніх свет.

Падазраваць місію Расеі, як вызначальную для лёсу ўсяго чалавецтва, пакрысе сталася натуральна і нават “обыденно” для рускай свядомасці. “Мала таго - за ёю (Расейя - В.А.) прытоена нейкая боская задума, ад якой мы не маем права адмовіцца і ад якой мы не здолелі б адмовіцца, нават калі б гэтага захацелі...” (І. Ільін).

* * *

Хоць якая кансалідаваная ідэя можа стацца ментальнай рэальнасцю адно тады, калі ў досведзе народа актыўна і сістэмна прысутнічаюць падзеі кшталту “богаабраннасці”, “саборнасці”, “абшчыннасці” і да т.п. У беларусаў нічога падобнага (сістэмна) ніколі не было. Таму зусім неверагодна, каб беларусы запрапанавалі (як гэбраі), а тым болей спрабавалі рэалізаваць (як расейцы) агульную для ўсяго чалавецтва канструкцыю светабудовы. Яны такое і прысніць не змоглі б - не тое, што ўцялесніць. А вось што ў іх заўсёды добра атрымлівалася, дык гэта здаваць прастору свайго бытавання ў арэнду пад розныя месіянскія, і проста глабалісцкія, канцэпты ды праекты..