Паганства, хрысціянства (ва ўсіх ягоных версіях), мусульманства, іудаізм, рэнесанс, рэфармацыя і контррэфармацыя, сацыялізм, інтэрнацыяналізм, камунізм, глабалізм... Усё, што мела хэнць і волю займець месца на гэтых абшарах, знаходзіла тут сабе ўтульнае месца. Талерантнасць беларусаў, безумоўна, мацнейшая за інстынкт самазахавання, з чаго так і карціць яе звузіць. Але, здаецца, апошняе якраз і немагчыма. На немагчымасці звузіцца ў талерантнасці тут заўсёды будзе спатыкацца кожная татальная ідэалогія - і нацыяналістычная таксама. Ідэя сябе ў нацыі, а не нацыі ў сабе, ідэя гамагеннай нацыі, адгароджанай ад іншых нацыянальнай дзяржаўнасцю, наўрад ці калі пераадолее ўстаялую ментальнасць беларусаў, зарыентаваную фатальным светапоглядам на паасобкавыя, але пры гэтым спавітыя талерантнасцю, саматоеснасці.
Мы - Францішак Скарыны, а не Сімяон Полацкі, хаця Сімяон Полацкі - гэта таксама мы. Дзве велічныя постаці зямлі беларускай - гэта два нашыя шляхі, аднак не трэба быць асабліва відушчым, каб зразумець, куды вёў нашых продкаў першы шлях і чым абярнуўся для нас другі.
Не заўсёды і зусім неабавязкова чужая культура прыносіцца на штыках і штыкамі ўсталёўваецца. Расейская культура з уласнай волі да панавання знішчыла іншых культураў болей, чым усе войскі Расейскай імперыі знішчылі іншых войскаў.
Мілажальнасць культуры - гэта казка для дарослых. Культуры больш агрэсіўныя, чым іх носьбіты - народы (гэтая тэза аднолькава пасуе і для беларускай культуры). Калі ў войнах паміж народамі хоць зрэдчас здараюцца перапынкі, то ў войнах культураў перапынкаў не бывае.
Дык вось, калі запытацца: чаму сёння большасць беларусаў не ідэнтыфікуе сябе з беларускай культураю, то адказ будзе наступным: таму што на нашых землях ужо безліч гадоў ні на хвіліну не спыняецца вайна расейскай і беларускай культураў, у выніку якой апошняя апынулася амаль усцяж пераможанай. І, бадай, найтрагічным у гэтай паразе была параза беларускай мовы.
Мова - той азонавы слой, які дазваляе больш-менш устойліва функцыянаваць, развівацца і нарошчваць свой патэнцыял усім астатнім чыннікам культуры нават у неспрыяльных для яе ўмовах. Вядома, у гэтым азонавым слаі кожнай культуры сёння шмат дзірак, але ў нас ён знішчаны амаль цалкам, ад яго засталіся адно лахманы, якія ўжо не засланяюць цела нацыянальнай культуры як ад сцюдзёных вятроў культуры расейскай, так і ад касмічнага холаду метакультуры камунікатыўна адкрытага грамадства.
Адсюль, з перамогі расейскай культуры (на штыках і без штыкоў) і была зманіпуляваная прыдумка, што беларусы вельмі падобныя да рускіх - ну амаль што блізнюкі... Падабенстваў з расейцамі, найперш праз агульную прыналежнасць да славянства, у нас, відавочна, даволі. Да таго ж істотную ролю ў прыпадабненні народаў адыграла і праваслаўе - апошнія некалькі стагоддзяў дамінавання “рускай” царквы на нашых землях добра прыклаліся да “русіфікацыі” беларусаў... Але ўсё гэта разам (і шмат чаго іншага) не дае нам права забывацца, што мы два зусім розныя народы з апрычонымі шляхамі і адметнымі гістарычнымі лёсамі -- і будзем такімі да таго часу, пакуль будзем. (Чамусьці ніхто не лічыць “братамі” французаў і немцаў толькі таму, што яны належаць да аднаго раманскага свету?!).
У сувязі з навуковымі і не надта навуковымі тэарэтызаваннямі на тэму аб’яднання двух братніх народаў ( мне гэта нагадвае аб’яднанне ўдава з кролікам), успомнім колькі словаў старэйшага з братоў Кірэеўскіх: “Некаторыя думаюць, што пазнейшае засваенне іншаземнай адукацыі можа з часам перастварыць усяго рускага чалавека... Ці патрэбна абвяргаць падобныя меркаванні. Зніштожыць адметнасці разумовага жыцця народа гэтак жа немагчыма, як немагчыма зніштожыць яго гісторыю. Падмяніць літаратурнымі тэрмінамі перакананні народа не прасцей, чым адцягненай думкай перасунуць косці маладога арганізма”.
Тое самае можна сказаць і пра беларусаў у праекцыі на вайну культураў. Толькі тут яшчэ трэба дадаць, што немагчыма і “перасунуць” беларусаў з Еўропы на сёмы мацярык - у Расею. Можна было на нейкі час адлучыць іх ад “гістарычнай бацькаўшчыны”, аднак рана ці позна павінен быў настаць час вяртання. І тут не лішне будзе падкрэсліць, што вяртанне да еўрапейскіх сацыяльных, інтэлектуальных ды культурных каштоўнасцяў не ёсць для беларусаў модай, геапалітычным свавольствам ці часовай прыхамаццю. І збочваць у бок Еўропы беларусы будуць не таму, што там вальней і абаранкі задарма даюць, а таму, што там “карэнныя перакананні народа”, нават калі сам народ “у сілу гістарычных абставінаў” забыўся на гэта.