Выбрать главу

Ні з сацыяльна-палітычнага гледзішча (якое-такое вялікае шчасце яны мелі за саветамі), ні з натуральнага памкнення зберагчы сябе, сям’ю, род -- ідэя змагання з акупацыяй не магла быць успрынята народам, як жыццёвая неабходнасць. І яшчэ. У масавай народнай свядомасці воля - не абстрактная катэгорыя, яна мае выразна акрэслены духоўна-сацыяльны абрыс. Калі мае... На той час беларусы так доўга не карысталіся воляй, што наўрад ці ведалі яе сэнс. А змагацца ні за што, толькі сабе на згубу, не будзе ні адзін народ.

Дык ці была для беларусаў Другая сусветная вайна Вялікай Айчыннай, у кантэксце якой і быў сфармаваны міф пра мужны Партызанскі народ? Верагодна, падобнае пытанне нетактоўна ставіць перад тым канкрэтным беларусам, які лічыў, што змагаўся з фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне. Аднак яшчэ больш нетактоўна і нават абразліва яно гучыць у адносінах да ўсяго народа, нацыі, якую прымусілі самазніштажацца, змагаючыся на баку адной хцівай імперыі супраць такой жа другой.

Тут трэба дадаць яшчэ вось што. Крытэрый вайны як Вялікай Айчыннай, значна звужае і проста-такі нахабна спрошчвае гэтую неверагодна трагічную падзею, зводзячы яе да аднамернага супрацьдзеянння: “свае” -- “чужыя”. І ў дадатак надае вайне высакародны сэнс, якога ў яе не было і быць не магло.

Там, дзе вайна, там няма высакародства (па-за прыватна-канкрэтнай сітуацыяй). У бруд і кроў упэцкваюцца ўсе. Там, дзе вайна, там няма герояў і антыгерояў, ёсць толькі пакутнікі і ахвяры. І калі наша свядомасць яшчэ не можа абысціся без ідэі гераічнага на вайне, дык няхай паспрабуе перанесці сваё ўяўленне аб гераічным на годнае пакутніцтва ці самаахвярнасць (як гэта зрабіла хрысціянства).

Спроба вылучыць з вайны ў якасці станоўчага прыкладу той ці іншы яе элемент - ідэалагічная маніпуляцыя. Ніякі грамадскі інстытут не здольны быць больш маральным за маральнасць таго часу, таго грамадскага ладу і стану, у якім ён існуе. Ён можа дэкляраваць найцнатлівыя маральныя пастулаты, абапірацца на якія заўгодна высакародныя прынцыпы, але дзейнічаць будзе на тых, якія выснаваныя тагачасным жыццём. Этычны кодэкс хрысціянства застаецца нязменным з часоў апостала Паўла, а сама царква ў розную пару бытавання і рабавала, і забівала, і здраджвала сабе і Богу, адным словам падпарадкоўвалася этычнаму пульсу рэальнага жыцця. Больш ці менш маральнай можа быць асоба, але не грамадскі інстытут, не тая ці іншая грамадска-палітычная супольнасць. У вайну ўсе некага забівалі. Забівалі “немцы”, забівалі “рускія”, забівалі “паліцаі”, забівалі “партызаны”. Якое з забойстваў лічыць маральным, а якое амаральным? І што значыць увогуле маральна апраўданае забойства?

Акупант і той, каго ён акупаваў, нкусавец і партызан, калабарант і паліцай - усе яны выклятыя лёсам, усе яны вартыя жалю. Верагодна, такі ўтапічна-пацыфістскі падыход да праблемы шмат у каго выкліча абурэнне, бо ў маральнай тоеснасці паміж забойцам і ягонай ахвярай праглядваецца здзек з самой сутнасці маральнасці. Але на вайне няма забойцаў ці наадварот - на вайне ўсе забойцы. “Калі ты выбраў вайну, то гэта твая вайна” (Сартр). І таму ўсё залежыць толькі ад тых абставінаў, у якія патрапіў чалавек. Той, хто апынуўся там, дзе даводзілася забіваць - забіваў. І ўся розніца паміж грэшным і нявінным у тым, што аднаму з іх пашанцавала не патрапіць туды, дзе ён вымушаны быў забіваць, а другому не пашанцавала і ён забіваў (магчыма, таго, каму пашанцавала не забіваць). Кім стаўся для германцаў той беларус, які, перажыўшы акупацыю і партызанку, быў “завербаваны” у савецкае войска і страляў немцаў на іх зямлі, бурыў ушчэнт Кёнісберг і Берлін? Натуральна, што для паспалітых жыхароў нямеччыны ён быў акупантам, ворагам, забойцам. Гэта ідэолагі прыхарошылі ягоную ролю паганскім словазлучэннем “святая помста”. Помста не бывае святой, прынамсі яна перастала быць ёю з таго часу, як Ісус узыйшоў на Галгофу.

Вайна - гэта паганства, вайна - гэта вяртанне чалавека ў задушлівае лона першабога, жорсткага і помслівага. Як быццам не было дзвюх тысяч год цярплівага гадавання этычнага імператыва, як быццам чалавек зноў вярнуўся ў сваю дагісторыю.

Партызаны, партызаны

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых

Каб не ўскрэслі век яны.

.............................................

Выразайце людаедаў

Каб не стала іх і следу.

............................................

Рыйце загадзя магілы