Выбрать главу

Вырывайце з жывых жылы

Кроў за кроў, а смерць за смерць

Янка Купала.

(Тлустым выдзеліў радкі -- В.А.)

Ухваляючы збройны гераізм пераможцаў ці пераможаных, партызан ці калабарантаў, мы молімся цьмянаму першабогу з пажаднымі да крыві вуснамі. На гэтым абагаўленні бога помсты і чалавечых ахвяраў і быў сфастрыгаваны савецкай ідэалогіяй міф пра Партызанскую Беларусь…

Аднак, як гэта часта бывае ў гісторыі, падзея, што ладзіцца дзеля нейкіх адных мэтаў, неўзабаве ці пазней нечакана актуалізуецца ў радыкальна іншай перспектыве, часам зусім і не пажаданай для тых, хто яе зладзіў. Савецкія ідэолагі, якія прыдумалі гераічны беларускі народ, гатовы пакласціся усім сваім целам на ахвярнік камуністычнай ідэі, меліся на мэце гэтым міфам яшчэ раз сцвердзіць вартасць сваёй Ідэі, але ніяк не высокую вартасць беларускага народа, як апрычонага суб’екта еўрапейскай гісторыі... Ды атрымалася, што якраз дзякуючы гэтаму міфу Беларусь патрапіла ў кола заснавальнікаў ААН, а пазней змацавала на ім сваю незалежнасць...

У праблемы гераічнай беларускай партызанкі ёсць яшчэ адзін вельмі цікавы аспект. Згодна натуральнай логікі, міф пра партызанскі народ мусіў распушыцца ў нішто адразу пасля дэскрыдытацыі той ідэалогіі, што яго спарадзіла. Аднак нічога такога не здарылася (хаця на самым пачатку “дэмакратычных” дзевяностых гэты міф, відавочна, перажываў сур’ёзны крызіс). І зусім не таму, што ідэю “гераічнай партызанкі”, амаль не трансфармуючы, неўзабаве прыўлашчыла пад свае патрэбы ідэалогія новай улады ўжо незалежнай Беларусі. Сітуацыя бачыцца значна больш складанай. Між іншым, звярнем увагу хаця б на той факт, што “партызанка” у тых жа самых формах і не з меншай актыўнасцю ладзілася і на Украіне, і ў Прыбалтыцы, і ў Крыму, і на Каўказе, і ў самой Расеі, але ніводны з гэтых рэгіёнаў не стаўся “партызанскім краем” і ніводны з тых народаў не атрымаў мянушку “народ-партызан”...

Рэч у тым, што сітуацыя “партызанкі” па-сутнасці, з’яўляецца анталагічнай для беларуса, як у яго прыватным жыцці, так і ў яго пражыванні гісторыі. Бо амаль усю сваю гісторыю ён ад некага хаваўся -- калі не ў лясах, дык у сабе

Хвала савецкім ідэолагам, што яны адчулі “анталагічную” сутву беларусаў і ў патрэбны для сябе момант скарысталіся ёю на ўвесь ейны патэнцыял. Шкада толькі (і ганебна), што яны злоўжылі пракаветны досведам народа гэтак вычварна, кінуўшы ў ненажэрную пашчу молаха сваёй партызанскай вайны сотні тысяч беларусаў.

Горад, якога няма

Не было, каб чуў ад некага: люблю Мінск. Не чуў нават ад таго, хто тут нарадзіўся і асталеў, хаця “... люди игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають».

Не відно “вялікай ласкі”, але, бывае, кажуць: падабаецца гэтае места, і далей тлумачаць сваю сімпатыю словамі, якія аднолькава пасуюць да горада, кнігі, гатунку цыгарэтаў...

Калі не блытаць трансцэндэнтнае “люблю” з ніякім “падабаецца”, то мусім пагадзіцца, што Мінск сапраўды амаль не палягае любові. Места, рэч, жанчыну любяць, калі імі агортваецца, прадстаўляецца нешта большае за местам, рэччу, жанчынай азначанае.

У Мінска няма гэтага большага, ён – толькі покрыва пэўных кардынатаў, эклектычнаная крыжаванка, топас са спляжаным эйдасам, калі эйдас разумець як “цела душы”. З апошняга вынікае, што Мінск будзе зручна прачытаць у катэгорыях постмадэрну. Але мы гэтую магчымасць пакінем іншым, запыніўшы сябе хіба вось на чым.

Парыж ці Вільня, Лондан або Пецярбург маюць свой першапачатак, з якога паўстае прасторавы і паэтычны міф горада (Эйфелева вежа, гара Гедыміна, Біг-Бэн, Ісакіеўскі сабор). Мінск пазбаўлены ўцэнтраванага ў структуру прасторы сімвалічнага міфа, паэтычнай дамінанты, сярэдзіны самога сябе.

Мінск – горад не толькі без душы, але і без сэрца. На пытанне, дзе тухкае сэрца Мінска, магчымы толькі адзін адказ:

-- Ува мне.

Мінск – гэта “я”. Так мусіць сказаць кожны тутэйшы месціч, нават калі яго абражае ўсялякая праява эгацэнтрызму. Без гэтага “я” Мінск – пустэльня, выпаленае ляда, выган на ўскрайку зніклага селішча...

Сэнс Мінска запачаткаваны на маім жаданні быць тут, ягонае пакліканне абумоўленае ўсяго магчымасцю атуліць мяне ад скразнякоў бязмежжа. Я цягаю яго на сабе, як чарапаха панцыр, а калі памру, Мінск закапаюць побач, бо без мяне невядома дзеля чаго яму заставацца.

Наперадзе зазначалася, што Мінск амаль немагчыма любіць, -- але можна вельмі моцна ўпадабаць Мінск за яго далікатную адсутнасць у тваіх інтымных стасунках з быццём.

Горад, якога няма, вызваляе ад татальнасці сваёй улады. Ён не вабіць міфамі, не пярэчыць традыцыямі, не спакушае вабнотамі, не прымушае ідэалагемамі, не забараняе забабонамі, не абцяжарвае філасафемамі, не абавязвае мэтамі. Ён пакідае цябе сам-насам, і табе тут нічога не застаецца, як толькі любіць самога сябе. У Мінску немагчыма не любіць сябе, бо ў гэтым горадзе нідзе няма нічога іншага, апроч тваёй адзіноты, якая ахайна адстаўляе табе каўнер на шпацыры і пяшчотна лашчыць пад покрывам ночы.