Выбрать главу

Той, хто не трывае адзіноты, кідаецца адсюль у Кракаў, Маскву, Парыж, Вільню – туды, дзе з чалавекам заўсёды побач горад, як выбаўленне ад панылай волі, як падстава для бясконцага дыялогу, як другі, які ведае адказ на кожнае тваё запытанне, калі ты здолееш яго выразна сфармуляваць.

У Мінску няма каго пытацца, бо Мінск – горад для аднаго; тут кожны побач – прыкрая недарэчнасць. Пэўна, з гэтай прычыны замест дыялогу тут ужываюць маналог, сэнс якога вярэдзіцца вакол апошняга: навошта я сам сабе патрэбны? І ці патрэбны ўвогуле?

Горад, якога няма, і чалавек, які ніяк не знойдзе сябе, суіснуюць на паверхні Мінска ў задзіночанні віртуальных магчымасцяў, што маюць шанец рэалізавацца адно ў кантынуўме ідэальнага, які мы досыць умоўна пазначым як “Мінск без мяне”...

Рэч у тым, што акрамя Мінска, які знаходзіць сябе ў маім намеры валэндацца па жарсцве ягонай паверхні, ёсць яшчэ Мінск без мяне, Мінск, як ідэя Мінска, якая тысячу гадоў валацугам блукала па селішчах, спрабуючы настала атабарыцца ў самых розных гістарычных акалічнасцях.

Мабыць, апошняе вымагае невялікага тлумачэння. Ідэя Мінска – гэта спрадвечная мара логатопу нашага краю аб выяўленым значэнні самога сябе, калі ў быційных праявах сфармулюецца і ўвасобіцца ідэальнае адлюстраванне таго сакральнага сэнсу, з якога ўзнікла наканаванне гэтай прасторы. Але сама па сабе прастора можа адно ўтрымліваць і гадаваць ідэал, а каб ён бачна паўстаў над быційнай роўнядздзю, патрэбны цэнтар (у іншай тэрміналогіі – сталіца), які б паклаўся на пачатак узросту парадыгмы значэння.

Блуканне ідэі Мінска – гэта намацванне этнанацыянальнай прасторай свайго цэнтра, росшукі сэнсатворнай сярэдзіны самой сябе, таго месца, дзе як адбітак умомант зніклага сакральнага віхру будзе несупынна кружляць вір гістарычнага быцця.

Наўрад ці хто даведаецца, скуль пачаўся шлях ідэі Мінска, але летапісна ён перадусім быў занатаваны лёсам Рагнеды. Збудаваны для яе сына горадзень Ізяслаў быў ці ня першай бачнай нам спробай вылучыць акраец быційнага значэння трансцэндэнтнай задумы.

Князь Ізяслаў пакінуў месту сваё імя і вярнуўся на айчыну маці, каб у Полацку трымаць далей дынастыю Рагвалодавічаў. Аднак ужо ягоны ўнук, шалёны Усяслаў, будзе шукаць няўважна страчанае дзедам, гойсаючы па абшарах свету ад Тмутаракані да Дудутак.

Не розумам, дык чуйным звярыным нутром Усяслаў здагадваўся: ні княскі пасад, ні нават Сафійка не дапамогуць Полацку стаць тым месцам, дзе можа быць ускрыленай ідэя Мінска; і зноў, і зноў кідаўся шукаць патрэбу. “Усяслаў... на кані паімчаў да горада Кіева і даткнуўся дзідаю да кіеўскага залатога пасаду. Ад іх скочыў зверам дзікім. Апоўначы з Белграда ахутаўся сіняй імглой, а на раніцу, узняўшыся, браму стракалам адчыніў Ноўгараду, разбіў Яраслаўлеву славу і скочыў ваўком да Нямігі з Дудутак”.

Нечалавечая відушча Ўсяслава урэшце вызначыла каардынаты Нямігі... але, падобна, не ў той дзень, не ў той час прыскакаў ён на гэтыя берагі. Не было яму калі агледзіцца, прыслухацца, сокалам шнырнуць у астральныя нябёсы, кратом абмацаць трывалішчы катакомбныя, каб пераканацца – тут... Трэба было адразу кроў праліваць. “На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць снапами сталёвымі, жыццё кладуць на таку, душу веюць ад цела. Нямігі крывавыя берагі не дабром былі засеяны, засеяны былі касцямі сыноў рускіх».

Вялікая кроў заўсёды значыла пра невыпадковасць, абранасць таго месца, дзе яна пралілася. Толькі не прамінем іншага: берагі Нямігі «не дабром былі засеяны, засеяны былі касцямі…». Ці не гэтая крывавая багна, ці не гэты буралом касцей на шмат стагоддзяў сталіся патаемнай прычынаю забароны, рашучага табу на здзяйсненне ідэі Мінска там, дзе ёй было наканавана калісьці здзейсніцца?

Увогуле я скептычна стаўлюся да містыкі і таму не маю намеру разгортваць гэтую, выпадковую тут тэзу. Аднак, разам з тым, не магу зусім пазбегнуць думкі аб нейкай іррацыянальнасці таго, што далей будзе адбывацца з Мінскам: на працягу стагоддзяў у ягонай ролі паспрабуюць сябе не толькі Полацак, Наваградак, Гродна, Вільня… і толькі Мінск не выкажа аніякай ахвоты пачуць голас наканавання, што гучаў побач. Мінск стаіўся ў марудзе штодзённых турботаў, і нават статус губернскага горада Расейскай імперыі ня вызваліў яго ад звыклай перасцярогі да магчымасці незнарок вытыркнуцца з роўні звычаёвасці. Ужо ў ХХ стагоддзі, калі яму відавочна не было куды падзецца ад абавязку вызначыць інтэграл беларускага шляху, ён паспрабаваў ухіліцца гэтай мітрэнгі на карысць Вільні, Смаленска, Віцебска і нават Магілёва (дзе на запас быў збудаваны яшчэ адзін Дом Ураду).