Выбрать главу

Калі я пачынаю так думаць, дык пакрысе ніцуецца здагадка, што Мінск не мог стацца Мінскам, пакуль пашкамутаная і шмат дзе прагнілая прастора бытавання этнічных папярэднікаў беларусаў не згарнулася ў нешта цэлае згодна новай таясамасці, якая ўжо і заклікала гэтае месца абазнацца ў значэнні яе цэнтра. З апошняга вынікае, што я, можа, дарэмна містыкаваў абыякавасць Мінска да свайго кону ў папярэднія эпохі, як, магчыма, не зусім карэктна ўшчуваў іншыя месты ў іхніх вымогах хапацца не за сваю ношку.

Усяму свая пара. Дамо веры гэтаму адвечнаму мудраслоўю і ў згодзе з ім заўважым, што нягледзячы на кагадзе ўжытае слова “таясамасць”, пару нашага існавання верагодна было б слушна падзяліць на дзьве эры, і другую, якая пачалася пасля татальнага мораку ХYII – ХYIII стст., чытаць не толькі як новую гісторыю адной тойсамай нагоды, але і як гісторыю новага этнасу, бо, пэўна, беларусы – гэта ўжо нешта іншае ад крэваў, русінаў, ліцвінаў... узятых, як кожны паасобку, так і агулам. А Беларусь нешта зусім адрознае ад усяго, што табарылася раней на гэтых абшарах.

Мінск – сталіца Беларусі.

Паспрабуем паставіць у прапанаванай сінтаксічнай фігуры на месца Мінска што заўгодна: Полацк, Гродна, Магілёў, Смаленск, Вільню...

Да прыкладу:

Гродна – сталіца Беларусі.

“Няпраўда”, -- першае, што прыйдзе да галавы і выгукнецца сэрцам. –“Няпраўда. Так быць не можа, бо так не можа быць”. Мы гэта, як звяры бяду, адчуваем нутром. Занадта шмат на гэтай прасторы ладзілася канструктыўных хімераў, якія асыпаліся, здавалася б, без дай прычыны, калі гэткай не лічыць адсутнасць повязяў з поклічам сакруму.

Мінск – падстава як легалізацыі, так і гарманізацыі этнанацыянальнай прасторы. У гэтай якасці ён застанецца і будзе – да таго часу, пакуль нацыя і дзяржава будуць хоць нешта значыць для чалавека. А як толькі гэтае значэнне страціць сваю актуальнасць, Мінск зноў перакінецца ў Менск, змарнее, сцішыцца, атухне ў марудзе штодзённых турботаў... Зрэшты, гэтую сумную перспектыву цяпер нават марна выглядаць – залішне яна адцягненая і паэтычная. Лепей абернемся да яшчэ блізкай мінуўшчыны і звернем увагу на міграцыю 50-70-х гадоў, калі ў насцеж расчыненыя брамы места пацягнулася беларуская вёска і яе коштам Мінск упершыню за апошнія колькі там стагоддзяў стаўся горадам, дзе жывуць пераважна беларусы. Згаданы факт надзвычай важкі ў нашым аповедзе, бо без гэтага “сена на асфальце” і ў аб’яўленным значэнні сакральная роля Мінска заставалася б толькі дэкларацыяй, і невядома, калі і як з гэтага дэкляравання атрымалася б нешта вартае...

Мы перабіраліся ў Мінск з вёсак і мястэчак зусім не дзеля таго, каб тут гуртаваць сваімі лёсамі трансцэндэнтную ідэю ўскрыленай Беларусі. Мы ехалі сюды, каб мацаваць свае лёсы моцай вялікага горада, і нам не да галавы было нешта абстрактнае, што хавалася у “шолаху моўкнасці” гэтай прасторы...

Мы патроху асвойтвалі геаграфію вулак і пляцаў, абвыкаліся сярод гжэчных словаў і фацэтных завядзёнак, прыстасоўвалі сваю хаду і думкі да стылізаваных пад спех рытмаў, каб неяк аднойчы заўважыць: Мінск робіцца ўсё болей падобны да нас саміх, да ўсёй астатняй Беларусі і, па сутнасці, няма тут нічога такога, чаго б не было ў Свіслачы, Докшыцах, Коўзунах... Бадай што менавіта з гэтай заўвагі спакваля паўстала запатрабаванае логікай пытанне: калі ў Мінску няма нічога такога, чаго б не было там, дзе мы былі раней, то што гэта такое – Мінск?

У пошуках тлумачэння не магла не з’явіцца думка: а можа Мінска як Мінска няма, можа, ёсць толькі нейкая прастора, адслоненая ад усяго топаса Беларусі межамі кальцавой дарогі, заасфальтаваная паверхня, і мы на гэтай паверхні, як адзіная рэальнасць горада, якая была пакліканай сюды, каб вымкнуць з кантынуўма ідэальнага трансцэндэнтную задуму і абазначыць яе збегам нашых лёсаў на покрыве штодзённасці?

Зрэшты, значна раней, на самым пачатку рэфлексавання, з эмбрыёну “Мы” мусіла паўстаць самотнае “Я” ў якасці апазіцыі ідэальнай універсаліі і адначасна гораду, што некалі будзе...

Мінск – места адзінотных самотнікаў. Адставіўшы каўняры, яны паволі блукаюць па зблытаных туманом вулках і абыякава думаюць, што ў Мінску, пэўна, болей чым дзе самагубцаў, якіх ніхто ніколі не шукае, бо тут кожны іншы побач – усяго толькі прыкрая недарэчнасць, на якую пажадана хутчэй забыцца, каб нішто не замінала пільнаваць вярэду адной, усё той самай, думкі: навошта я сам сабе патрэбны?

Няма чаго спадзявацца, каб з гэтага вярэдзіва адзіноты выбрыняў нейкі ўцямны адказ, але разам з тым можна быць упэўненым, што менавіта адсюль патроху пачнуць вымыкаць здані мітаў, прывіды ідэалагемаў, сляды слядоў... Цені трансцэндэнтнага будуць гуснуць, цяжэць, усё больш шчыльна класціся на покрыва каардынатаў, і пустэльня, выпаленае ляда пакрысе ажыве, напоўніцца сэнсамі, што некалі задзіночацца ў таго другога, які запатрабуе любові, змусіць на бясконцы дыялог, каб такім чынам няспешна, спакваля, але ўрэшце рэшт зрабіцца горадам, які ёсць.