Выбрать главу

-- Хай сабе,-- толькі й адказаў Богусь.

-- Ну, калі ты гэткі дурны, дык і сядзі сабе тут, як варона,-- раззлавалася Маня і пашыбавала да хаты, адкуль хутка з’ехала вучыцца ў горад. Але замуж яна так ніколі і не выйшла, бо ў яе, як потым выявілася, былі надта валасатыя ногі, а на той час якраз прыспела мода на голыя лыткі. Калі тая мода скончылася, Маня была ўжо старой дзеўкай і ёй больш нічога не заставалася, як усё жыццё з замілаваннем успамінаць сваё першае каханне. А Богусь дасюль не злез з даху. Тырчыць там ці як укрыжаваны, ці як варона і мы ўсе (і анёлы, і людзі) даўно ўжо з гэтым звыкліся. Бо калі тое было – мода на голыя лыткі.

Джамалунгма

А цяпер я распавяду пра чалавека, які марыў стаць Джамалунгмай. Вось каб я быў Джамалунгмай,-- разважаў гэты чалавек,-- дык пра мяне чулі б нават пінгвіны на Алясцы.

Вядома, калі чалавек чаго захоча і будзе хацець доўга, то ягонае жаданне некалі спраўдзіцца. Аб гэтым кажуць яшчэ ў школе, а ў школе абы чаго плявузгаць не будуць…

Урэшце так яно і атрымалася. Аднойчы раніцай адразу за мястэчкам мы ўбачылі нешта такое, ад чаго капелюшы паляцелі з галоў.

Як потым засведчылі вучоныя, наша гара была нават на некалькі санцыметраў вышэйшая за Джамалунгму і пра Джамалунгму хутка ўсе забыліся, бо яна ўжо не лічылася паперадзе ўсіх.

З тае пары самыя дужыя мужчыны свету (і нават сёй-той з пінгвінаў) едуць да нас, каб адсюль ускарастацца на нябёсы. Не многім з іх шанцуе дапнуцца да зораў, аднак здараюцца і шчасліўчыкі. Пра іх назаўтра пішуць ў газетах і той чалавек, што апынуўся гарой, тады злуецца на газеты і зайздросціць ужо не толькі абранцам нябёсаў, але і нягеглым пінгвінам…

* * *

Няма чаго і казаць, як нам да гонару, што сёння нашае мястэчка ведаюць ва ўсім свеце! Адно што кепска – цень ад гары надта ж цяжкі і доўгі. Таму мы ходзім сагнутыя крукам і сонца лічы не бачым, акрамя як самым падвячоркам акрайчык.

Недарэкі

На той бок рэчкі жылі адныя людзі, а на гэты – зусім іншыя. Праўда, мы ніяк не маглі ўцяміць, чым яны розніліся паміж сабой.

Часцей ўсяго адныя з другімі спрачаліся наконт рэчкі.

-- Куды вашай смярдзючцы да нашай чысцюлі,-- пахваляліся адныя.

-- Брахуны вы,-- крычалі з другога боку. Нідзе болей няма такой рэчкі, як наша. Спытайцеся людзей.

-- Што праўда, то праўда. Цудоўная рэчка,-- сведчылі мы і вяславалі як мага хутчэй.

-- Ну вось, чулі, -- цешаліся адныя.

-- А мы вам што казалі,-- крычалі другія і шпурлялі на той бок камяні…

Бачыць Бог, мы не хлусілі. Рэчка сапраўды была вельмі прыгожай.

Не навуковая субстанцыя

Лепей за нас ніхто не ўмее нахіляцца. Я гэта не сам выдумаў, аб гэтым ва ўсіх падарожных кніжыцах напісана, і таму да нас шмат хто едзе.

Жыве, скажам, чалавек на Барнэа, працуе, а потым пагартае падарожную кніжыцу і падумае сам сабе: нешта я даўно ні ў каго на карку не сядзеў. Трэба з’ездзіць туды, дзе самі нахіляюцца.

І прыедзе да нас, і пасядзіць, а потым вернецца ў сваё Барнэа і зноў працуе.

Праўда, апошнім часам штосьці стала з намі рабіцца. Сёй-той пачаў саромецца свой карак пад чужую сраку падстаўляць. Столькі часу ганарыліся, а тут чамусьці трэба саромецца. Я гэтага аніяк не разумею. Тым болей, што інакш мы і не можам. Калі ў каго карак вызваліцца надоўга, дык ён нудзіцца, не ведае, навошта жыць і нават, здараецца, вар’яцее.

Натуральна, я не мог ухваліць тыя настроі, што раптам запанавалі сярод надта сарамлівых. Пакідалі работу і крычаць на кожным рагу: досыць зневажаць сябе перад усім светам!

-- Толькі таму свету і спраў углядацца, хто там сябе зневажае, -- кажу я ім.

А яны мяне не слухаюць і дзе не сустрэнуцца, распачынаюць дыскусію. Адзін прапаноўвае сланоў з Індыі завезці, каб замежныя аматары не на нашых карках, а на слановых гойсалі, другі раіць шыі намыліваць, маўляў, хто ні сядзе, дык адразу скоціцца, а нейкі аграном з Капыля дадумаўся: на галовах, кажа, трэба хадзіць.

-- Смеху варта такая дыскусія, -- кажу я ім. -- На сланоў адкуль грошай набрацца, шыі ў нас і без таго чужымі азадкамі адпаліраваныя, а што да галавы, дык мы спрадвеку дагары нагамі ходзім.

Сказаў так і пайшоў ад іх. А тут якраз па дарозе крамка, дзе павелічальныя шкельцы прадаюць. Я ўсцешыўся, не пашкадаваў грошай і подбегам да аднаго, прозвішча называць не буду, вы яго ўсе добра ведаеце. От жа і чалавек. Не шкадуючы Бог розуму адваліў. Пра што ні запытайся, на ўсё адказ мае. Прафесар, адным словам.

Заходжу і адразу: