Людзі паволі разышліся, а кола падхапілі дзеці і доўга бавіліся, пакуль яно не выкацілася за селішча.
Першы раз кола вярнулася да нас фурманкай, з якога гандляр прадаў нам колькі сякераў і адну кніжку.
Другі – карэтай з панам, які сказаў, што будзе намі апякавацца, бо цяпер мы ягоныя халопы.
Трэці – цягніком, куды неўзабаве паселі лепшыя з нашых хлопцаў.
Чацьвёрты…
Чацьвёртага разу не было.
Толькі самалёты праляцелі над намі -- і кіравалі тымі самалётамі нашыя хлопцы. Мы яшчэ махалі ім рукамі, а ў небе далёка на захадзе і далёка на ўсходзе, далёка на поўначы і далёка на поўдні ўжо выраслі да самых аблокаў паганыя грыбы.
І мы ўсе памерлі.
І калі мы ўсе паміралі на ахутанай гарачым попелам зямлі, дзе яшчэ зусім нядаўна было столькі людзей і вёснаў, я ўспомніў, што гэты пякельны агонь пачаўся з аднаго нераскладзенага вогнішча на выгане за нашай вёскай.
Прыпавесць
Чалавек доўга блукаў па свеце, а як прыстаў да берага айчыны, дык адразу спатыкнуўся аб свой цень.
-- Хіба цябе не было са мной! -- здзівіўся чалавек.
-- Я тут чакаў.
-- Можа таму я і вярнуўся?
-- Пайшлі,-- адказаў цень.
Яны паволі падняліся на пясчаную выспу, адкуль пабачылі мястэчка, дзе гэты чалавек нарадзіўся і асталеў.
Чалавек балюча пасміхнуўся і шморгнуў носам. Потым прамармытаў нешта з агідай да самога сябе і яны рушылі далей. Цень бёг паперадзе, як сабака.
-- А мо ўжо позна? – засумняваўся чалавек. – Можа ня трэба было вяртацца? Колькі тут засталося жыць!
-- Жыць ніколі не позна,-- запэўніў цень.
Там, дзе сцежка напрасткі скіравала да мястэчка, цень аббёг чалавека і стаў ззаду.
-- Цяпер ідзі сам,-- сказаў.
І чалавек пайшоў.
Ён не запальваў святла. Сядзеў на зэдліку ля печы, марнаваў тытунь, цвіркаў слінай на вуголле і, падахвочваючы агонь трэскамі, думаў, што гады ў дарозе, як трэскі, зырка гараць, але хутка згараюць.
-- Ты шкадуеш аб гэтым? -- спытаў агонь
-- Чаго там шкадаваць,-- сказаў чалавек і кавалкам сталёвага прэнта паварушыў прысак.
Гаючае святло пляснула ў сырыя вуглы хаты, загудзеў комін.
-- Што згарэла, тое не згніло, -- суцешыў агонь.
Чалавек нічога не адказаў, перакуліўся ў мінулае, спрабуючы ахапіць яго цалкам, але разбэрсаныя па свеце гады не збіраліся ў жыццё. Вусны чалавека пакутліва перасмыкнуліся і ён зноў сплюнуў на вуглі.
-- Я ўмею варыць бульбу і смажыць сала,-- раптам нагадаў агонь.
-- Што з таго, калі я на ўсё забыўся,-- роспачна прамармытаў чалавек.
-- Але ты навучыўся нечаму іншаму,-- лагодна азваўся агонь.
-- Я навучыўся швэндацца па свеце і не заўважаць, як ацярушваецца пад ногі жыццё…
На гэты раз прамаўчаў агонь.
Трохі пазней чалавек акрыяў і як бы запытаўся:
-- Хіба крама яшчэ не зачынена? Можна было б купіць торбу бульбы і кавалак сала.
-- Крама ўжо зачыненая, але побач спагадлівая суседка, -- падказаў агонь.
Чалавек не пайшоў да суседкі, ён перастрэў яе на другі дзень ля студні. Клубы жанчыны калыхаліся, як вёдры, і ён запытаўся:
-- Ці можна у вас напіцца?
-- Толькі трэба зайсці ў хату, я падам кубак.
-- У вас прыгожыя фіранкі на вокнах,-- пахваліў ён, трымаючы яе на ходніку.
-- Напэўна вы бачылі прыгажэйшыя.
-- Увесь ранак яны чамусь калыхаліся.
-- Гэта скразняк.
-- Трэба шчыльней зачыняць дзьверы.
-- Я не баюся скразнякоў.
-- У вас не знойдзецца голкі з ніткай? Я добра такі абнасіўся ў дарозе.
-- Чаму ж не. Я шыю і людзям, і анёлам.
-- Я упраўлюся сам, мне б толькі начынне…
-- Мы наглядалі за вашай хатай, але думалі, што яна абтрусіцца, пакуль вы вернецеся. Хата без гаспадара, як сабака, хутка дзічэе.
-- Чалавек без хаты таксама.
-- Яе можна яшчэ паправіць.
-- Хату паправіць можна…
-- То хадзем, я дам напіцца.
-- Дзякуй, я трохі пазней зайду.
-- А вам не расхочацца?
-- Піць можа і расхочацца, але голка з ніткай усё роўна будуць патрэбнымі.
Хлеў ад самых дзвярэй быў завалены ламаччам. Ён перакінуў сёе-тое з кута ў кут і вызваліў з-пад рыззя варштат.
-- Чаго я сюды прыйшоў?—запытаўся чалавек.
-- Я сам хацеў пра гэта запытацца,-- сказаў варштат.
-- Ну то пытайся.
-- Твой бацька збудаваў жытло, выкапаў студню, змайстраваў варштат. А што зрабіў ты?
-- Я бавіўся жыццём, як цацкай, пакуль не апрыкла. А цяпер вось думаю, якога яшчэ ражна мне трэба? Ты не ведаеш?
-- Чалавеку нічога не трэба, абы было што рабіць. А работа ёсць заўсёды. Таму чалавеку нічога не трэба.