I тады, каля калодзежа, у мяне было, хочацца меркаваць, не проста адно здзіўленне. А сёння, калі я думаю, як у той песні, на беларускапрасцецкія галасы, так многа спалучылася — ад Францыі (узнёсла-трагічная паэтызацыя Напалеона), цераз Аўстрыю (верш належыць Зэйдліцу, як i напісана ў падзагалоўку) i Расію (свабодны, лёгкі лермантаўскі пераклад), мне хораша i сумна бачыцца, як i ў той далёкі вечар неўсвядомлена глыбока, па-агульналюдску значна, паэтычна ўразіла мяне тая песня — кіламетраў за тры, калі напрасткі, палямі...
У гэтым, тады незвычайным, было i зусім празаічнае тлумачэнне. I з Церабостыні мужчыны служылі ў царскім войску, бывалі наездамі i жылі даўжэй у рускіх ці абруселых гарадах. Словам, i кнігі сякіятакія, i памяць былі i там, адкуль чулася песня, i не трэба было мне нават i раўнаваць, чуючы адну з любімых раптам адтуль.
Аднак было для мяне, юнака, у гэтым толькі маім i шчасліва затоеная журба, i прадчувальны сум па высокім, размашыстым на ўвесь свет, куды часамі так хацелася з нашай' вясковай... ох, не заўсёды расквечанай ды зорачнай, добранадзейнай рэчаіснасці...
Другі ўспамін, неадрыўны ад першага.
Дзе амаль цэлае, а дзе i фрагменты рускага або ўкраінскага, у той ці ў іншай меры бязгрэшна ўзятага на беларуска-вясковы лад гэта было ў той гістарычна далёкі час не толькі ў песнях мужчынскіх, у нашым Загоры. Галасістыя дзеўкі ў найбліжэйшых ад нас Маласельцах спявалі таксама i «па-руску» i «па-ўкраінску».
Цёмна-сіні двухтомнік «Украінські народні пісні», сорак гадоў таму назад прысланы з аўтографам, я к i мне хочацца, можа, i сентыментальна зацытаваць. «Дорогим Іванові Антоновичу i Ніні Мйхайлівні i всій родині — щоб вам усе життя добре співалося! — Леонід i Ніна Смілянськіі». За гэтымі шчырымі словамі старэйшага сябра, кіеўскага пісьменніка,— свае ўспаміны, якія я часткова замацаваў у эсэ «Два штормы». А тут хачу сказаць пра іншае, тут у мяне самаправерка памяці. Пры дапамозе i нашага акадэмічнага тома «Песень пра каханне», таксама саліднага, хоць i не ў святочнай, a ў рабочая, шэрай вокладцы серыйнага выданы я скарбаў народнай творчасці.
«Ляціць галка цераз балку». Песня i дастаткова вядомая на абедзвюх братніх мовах, i даўгаватая, каб было i патрэбна i зручна прыводзіць яе поўнасцю. I таму я прывяду з яе толькі адну страфу, узяўшы для параўнання з украінскага i беларускага выданняў.
У ix:
Вийшла, стала над річкою
Тай дивлюся в воду...
Тяжко, мати, важко, мати!
Нащо дала вроду?
I ў нас:
Выйшла, стала пад вярбою
Ды дзівіцца ў воду. —
Цяжка, маці, важка, маці,
Што й дала ўроду.
У слоўніку Грынчанкі: «Урода (врода) — вообще физическое качество, в частности: красота, миловидность».
У нашым Тлумачальным: «Урода — чалавек з фізічным недахопам, з брыдкім абліччам».
Беларускія фалькларысты песню гэтую запісалі на Берасцейшчыне. Украінскае значэнне «ўроды», красы, на нашу Наваградчыну прыйшло, хутчэй за ўсё, не адтуль, а непасрэдна з Украіны, хоць бы i цераз плытнікаў, пра што я чытаў у Шырмы. I ў нас яна, тая «врода», зразумелася па-іншаму, па-свойму. Дзеўкі спявалі так:
Цяжко, мамо, важко, мамо,
Што радзіла ўродай!..
Бачу ix, незабыўных равесніц, як яны, пабраўшыся пад ручкі ўперамежку з хлопцамі, дзе i мне было месца, ідуць па вуліцы, нібы спецыяльна падсохлай i дзеля свята падмеценай. Чую ix галасы, якія, ад песні да песні, спакваля дабраліся i да тое, што пачынаецца са слоў, калі па-мясцоваму, такіх:
Ляціць галка цераз балку
I, лятучы, крача.
Ходзіць дзеўка, дзеўка каля гаю
І, ходзючы, плача...
Чую ўсіх, аднак найлепш — за шэсць дзесяцігоддзяў, ды якіх,— да болю выразна чую дагэтуль голас адной. Пранозліва, надрыўна горкае «цяжко, мамо!» гучыць з яе шырокатаўстагубых вуснаў найшчырэй, бо ідзецца тут, пяецца не наогул, не так сабе...
Не памятаю, ці сустракаў дзе-небудзь у кнігах такое акрэсленне: «Ох, непрыгожая, ажно шкада яе». Але адчуванне гэткае знаёма мне даўно i час ад часу паўтараецца, як толькі зноў убачу такую.