Выбрать главу
I адна у мяне — пра Радзіму — Сягоння трывога. I адна у мяне — на Радзіму — Сягоння дарога.

Які балючы парадокс, якая сумная рэальнасць, — у мірны час, у сталіцы суверэннай дзяржавы, у цэнтры Еўропы трэба збірацца ў вялікай патрыятычнай трывозе за сваю сапраўдную незалежнасць, за сваё права на родную мову, школу, культуру, за права на дзмакратыю, за найбольш адпаведную ёй Канстытуцыю, за найвярнейшую дарогу ў светлую будучыню роднага народа.

Не бачаны раней нахрап злачыннасці, афіцыйнай ілжы, дзікае падзенне спрадвечнай чалавечай маралі, катастрафічна няспынная хада ўподбежку дарагавізны i ўсеагульнай галечы. А над усім — жахлівы прывід дыктатуры!..

Як быццам наш народ мала яшчэ нацярпеўся, напакутаваўся за вякі. Агонь i меч разнамасных «вызваліцеляў», крывавы бізун прыгону, Курапаты i Трасцянец, i «божы палец», як называлі ў даваеннай Польшчы паліцэйскі гумавы кій, што ў нашы дні зноў уварваўся ў моду...

I самі дзівімся, i людзі дзівяцца, высакародна дзівіўся i наш вялікі зямляк — Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі: як ён выжыў, як захаваў сябе — беларускі народ?!

Дзівіцца трэба яшчэ i з таго, колькі было ix, ахвотнікаў намі пакіраваць, пакрасавацца неабмежаванай уладай на фоне нашай славутай рахманасці, па-невуцку панастаўляць нас, як трэба жыць дома, у межах краіны, дзе сабралася столькі моў i веравызнанняў, як трэба сябраваць з вялікімі i меншымі суседзямі.

Мы ведаем i самі, каго нам i як ды завошта трэба паважаць i любіць на поўначы i поўдні, на захадзе i ўсходзе, перад нікім не стоячы ў агіднай позе беднага, прыгорбленага сваячка, з ліслівым выскалам манкурта, гатовага за нішчымнае сачавічнае пойла на любое ахвярнае слугаванне.

Нам трэба вольная, мірная, нейтральная, дэмакратычная Беларусь. Права на гэта яна заслужила сваімі пакутамі, сваёй гераічнай барацьбой з нацызмам, сваёю верай у чалавечную справядлівасць. Нам трэба раўнапраўная дружба з усімі народамі, мы любім i ўмеем дружыць. Мы хочам быць не лішнімі, не смешнымі, не жалю, а то i пагарды вартымі ў прагрэсіўнай сям'і чалавецтва, мы хочам, каб нас паважалі, каб з намі лічыліся.

Грубай, нахабнай сіле сваёй i чужой рэакцыі, шавіністычнай ды прафашысцкай дэмагогіі, як бы яе шматвопытныя ці дылетанцка-шустрыя вяршыцелі пад любое святкаванне ні перабельвалі свае хатыпалаты, як бы слінява ні абдымаліся ў патайных нячыстых задумах ды намаганнях, трэба i неабходна бескампрамісна супрацьпаставіць нашу цярплівую беларускую мужнасць, абавязкова спалучаную з абачлівай мудрасцю — на сёння, на заўтра i назаўсёды. Трэба не проста пагаманіць, паахкаць, пакрычаць, сабраўшыся, а сур'ёзна, дзелавіта параіцца, актыўна i разумна вырашыць, што i як трэба рабіць.

A прыгадаўшы, як гэта нашы бацькі, дзяды i прадзеды шанавалі шчырую, справядлівую, святую працу, давайце самі сабе i ўсім добрым людзям i ў гэтай, на жаль, не надта прасторнай, зале, i за сценамі яе, бліжэй i найдалей, па-людску, па-мазольнаму паўторым народнае:

Памагай Бог!

1996

ВОБРАЗ I СІМВАЛ [43]

Верасень пяцідзесятага года. Залатая свіцязянская восень...

Дзіўнае робіцца з памяццю,— праз сорак шэсць гадоў не магу прыпомніць, чаму я тады так паехаў: спачатку ў Баранавічы цягніком, затым аўтобусам у Наваградак, чаму не адзін, а з Раманам Сабаленкам, яшчэ не празаікам, толькі паэтам i работнікам абласное газеты?..

Затое ярка i ўдзячна памятаю тую восеньскую красу, а яшчэ i легенду, у той дзень пачутую, а пасля i запісаную ў эсэ «Родны кут». Пра тое, як землякінаваградчане нібыта чулі ад свайго дэпутата — Якуба Коласа, што ён перад смерцю хацеў бы прайсці пехатой па абочыне гасцінца Баранавічы — Наваградак, каб яшчэ раз палюбавацца хараством тых лясоў, палёў i вёсак.

Легенду гэтую мне прыемна згадаць іменна тут, у доме-музеі Якуба Коласа, дзе мы сёння святкуем юбілей аднаго з ягоных былых актыўных ды таленавітых супрацоўнікаў.

Не памятаю, як мы з Раманам Карпавічам выступалі ў наваградскай сярэдняй школе № 1, што размясцілася ў камяніцы былой беларускай прыватнай гімназіі, пабудаванай на складкі небагатага мясцовага насельніцтва, закрытай пілсудчыкамі ў 1934 годзе, як нас там прымалі, як вёў сустрэчу настаўнік роднай мовы i літаратуры, знаёмы нам па выступленнях у перыёдыцы Сцяпан Александровіч.

Добра помніцца затое, што зусім пад вечар мы са Сцяпанам Хусейнавічам засталіся толькі ўдвух i пайшлі да яго на кватэру. Спачатку, праўда, пахадзілі ды пастаялі на замчышчы, каля гістарычных руінаў, любуючыся зверху маляўнічым наваколлем, потым спусціліся з гары па-маладому, ледзь не потырч па крутым зялёным збоччы.

вернуться

43

На 75-годдзі С. Александровіча.