Выбрать главу

I гаварылі ўсё, гаварылі...

Мне, вядома ж, не ўзнавіць у памяці той нашай гутаркі, памятаецца толькі яе галоўная накіраванасць, дзве асноўныя тэмы — вайна i літаратура. Адну мы нядаўна перажылі, а без другое не ўяўлялі свайго жыцця. Вайна ў нас была падобная тым, што абодвум — i польскаму марскому пехацінцу, i чырвонаармейскаму горнаму стралку — давялося пабываць у нямецкім палоне, я з-пад Гдыні ў 1939-м, ён з Крыма ў 1942-м, абодва ўцякалі, удзельнічалі ў антыфашысцкім падполлі, партызанілі, абодва ў сувязі з палонам ды ўцёкамі былі на адпаведным падазрэнні... У літаратуры я, на. тры гады старэйшы, крыху апярэдзіў Сцяпана, у мяне ўжо выйшлі да таго часу ажно чатыры кнігі,і толькі што, у верасні, «Полымя» надрукавала аповесць «У Забалоцці днее», а ён са сваёй настаўніцкай аддаленасцю ад Мінска то пасылаў туды свае артыкулы, то зрэдку наязджаў у сталіцу з рукапісамі асабіста.

Да гэтай наваградскай сустрэчы мы былі збольшага знаёмымі, а з таго вечара ўва мне жыве пачатак нашага сяброўства.

Па ходніку доўгай забрукаванай вуліцы, таксама ж у бясконцай гутарцы, дайшлі мы да доміка, дзе Сцяпан кватараваў. А там аказалася, што малады гаспадар — сябар па нямецкім палоне майго старэйшага брата Міхася. Пра што Сцяпан мне загадзя, яшчэ ў дарозе, расказаў. Увосень трыццаць дзевятага хлопцы пабылі ва ўсходнепрускім лагеры каля двух месяцаў, а потым ix, згодна з нямецка-савецкім пагадненнем, якое сёння кваліфікуецца як злачынная змова Сталіна з Гітлерам, адправілі «за Буг», адпусцілі дахаты. Шчасце, якога сам я чакаў два гады i дарма, да небяспечнай рызыкі ўцёкаў... Цёпла помніцца той вечар, шчырае застолле трох бывалых мужчын.

I яшчэ адно помніцца добра,— як мой Сцяпан зусім ужо даверліва паказаў мне сам-насам фота чарнявай беларускай красуні ў белым берэціку касячком, па модзе, «на левае вуха». Дзяўчына вясковая, з-пад Ляхавічаў, працуе ў Наваградку акушэркай. Ну, i з усмешкай, празрысты намёк на блізкі канец халасцяцкага бытавання.

Як вы здагадваецеся, дарагія сябры, гэта была тая Сцяпанава абранніца, якую мы ведаем, i даўно, хто як Марыю Лукінічну, а хто як проста Марыю, якую мы i вітаем сардэчна на нашай юбілейнай сустрэчы.

Яшчэ адзін успамін.

У польскай Зялёнай Гуры на штогадовым фестывалі савецкай песні i паэзіі мне давялося пабываць вясною 1979-га. Там у мяне, сярод іншых сустрэчаў ды новых знаёмстваў, пераважна з палякамі, адбылося i знаёмства, якое спачатку дзіўным здалося, крыху насцярожыла... Старэйшыя з вас памятаюць, як гэта, нават i ў паслясталінскія гады, няпроста было паехаць за мяжу, колькі гэтаму папярэднічала цягучай марокі, як у Варшаву i з Мінска — за нейкіх семсот кіламетраў, i з Брэста — зусім за няпоўных дзвесце, ехалася толькі цераз Маскву, колькі пачулася ўступных інструкцыяў наконт паводзін з пільнай асцярожнасцю, колькі нябачных праведнікаў сачыла за табою... I вось там, у далёкім заходнім кутку польскіх «вернутых земляў», да мяне раптам падышоў стрымана ўсмешлівы мужчына сярэдніх гадоў, назваўся cynpaцоўнікам савецкага пасольства. I гэта — заўважце — на добрай беларускай мове... Дні праз два, ужо ў Варшаве, пасля польска-савецкай літаратурнай сустрэчы, мой новы знаёмы запрасіў мяне дахаты. Зноў прыйшлося здзівіцца,— у прасторным кабінеце пустой кватэры, бо сям'я гаспадара ў Маскве, паліцы беларускіх кніг!.. У гутарцы, што спакваля рабілася ўсё шчырэйшай, было, між іншым, названа імя, якое прагучала пэўным сімвалам большага ўзаемаразумення, далейшага яднання землякоў у замежжы. Таварыш дыпламат, аказваецца, пакуль у яго дайшло да адпаведных інстытутаў, навучаўся ў Мінскім бібліятэчным тэхнікуме, і ў яго быў любімы выкладчык роднай літаратуры Сцяпан Хусейнавіч Александровіч.

Мне зноў прыемна сказаць, што той шаноўны работнік пасольства — наш паважаны маскоўскі госць, адзін з найбольш асвечаных ды актыўных работнікаў нашага адраджэння, вядомы навуковец Аляксей Канстанцінавіч Каўка, сустрэчай з якім мы зноў жа шчыра задаволены.

У пачатку пяцьдзесят восьмага года я выступаў у названым бібліятэчным тэхнікуме, спецыяльна прыехаўшы туды з Дома творчасці «Каралішчавічы». А пасля выступлення i гасцяваў у Сцяпанавай сям'і. Хораша помніцца той зімовы вечар з поўным наборам сямейнай утульнасці, простата ды законнага чалавечага шчасця. З маладою беларускай гаспадыняй — тою, вядома, з таго наваградскага фотаздымка,— з малымі дачушкамі, са старэнькай бабуляй-татаркай, капыльскай мамай вучонага сына, з добраю гутаркай нетаропкага застолля.