Выбрать главу

Я памятаю бацьку яе, ведаю брата. Толькі сына вось бачу ўпершыню — з малога здымка не надта ўдала, цьмянавата перацягнутага на вялікі.

Пасля таго наведання я збіраўся пабачыць машину, што закатоўвала яго на балотнай пустэчы, зрэдку думаў пра тую страшную запаволеную смерць, не ведаючы, як да яе падступіцца...

Пакуль не пагаварыў ca знаёмым, які зблізку ведаў той выпадак. Я спецыяльна сустрэўся з ім, каб распытаць, як там было з тым бедным сынам маёй гарапашнай зямлячкі.

I ён адразу нібы абсек маю непрыступную тэму сваёй дакладнай абазнанасцю.

Як мала слоў, каб яно стала бачыцца інакш, чым доўга, прыблізна ўяўлялася:

«Машына ўборачна-фрэзерная... яго не ўцягвала. — яго схапіла i раструшчыла... ён быў... ну, ведаеце, выпіўшы». Апошняе — каб неяк далікатней, больш зразумела i даравальна па-сучаснаму. Бо ў гэтым мой знаёмы быў, на жаль, не бязгрэшны i сам...

Там, адкуль не вярнуўся бацька, было вельмі людна, смерць або калецтва — для ўсіх аднолькавай доляй.

I тут, дзе адбылося з сынам, таксама бяда або пошасць — амаль усялюдная.

А для маці ён быў i застаўся сыночкам.

Іскрынкі

ДЗЯДОК

Побач з нашым Загорам, уздоўж яго, з даліны на гару пяўся спрадвечны гасцінец. Цяпер ён ужо не пнецца, яго пакрылі асфальтам, i мноства машын снуе па ім цішэй i няпыльна. A ў дні майго маленства пяўся, глеіста-гразкі, i ніякія шараваркі не маглі яму памагчы стаць прыстойнай дарогай.

Пасля трох класаў Загорскай пачатковай школы я пайшоў у чацвёрты клас турэцкай сямігодкі. (Можна й спаткнуцца на гэтым «турэцкай», а яно ж ад мястэчка Турэц.) Нас, такіх «гімназістаў», як падкусвалі ў вёсцы, было трое, Толік, Ліда i я, наймалодшы. А наш Міхась хадзіў ужо ў пяты клас, на другую змену. Ніхто нас, вядома, спецыяльна не падвозіў, пра гэта i думак не было, ні ў нас, ні ў бацькоў, ні ў «панскай» дзяржавы. Чатыры кіламетры туды i столькі ж назад для быстрых пастушыных ножак, хоць i абутых у школу, гэта было не цяжка. Хоць часамі, узыходзячы на гару, калі мы вярталіся, мне зручней было апірацца далонямі на калені, папераменна, так памагаючы нагам. Ды гэта болей жартам. А яшчэ i rapa вінавата.

Гара — не rapa, але i ўзгоркам яе не назавеш. Зыходні канец нашай вёскі ўздымаўся высока, a калі яшчэ выйсці з яе на гасцінец, дык i адчуеш, як ты падняўся над наваколлем. Ва ўсе бакі, так далека, так хораша ўсё відно — i палі, i вёскі, i мястэчка з шасцю светла-салатавымі куналамі царквы, i лясы, меншы на поўдні, а на паўночным усходзе большы. У меншы мы, школьнікі, мінулай восенню хадзілі па бярозкі, якія саджалі абапал гасцінца, a ў большы лес, які далей на поўнач, за Нёманам, i называецца Налібокамі, пушчай, дарослыя зімой ездзілі па дровы i дзеравякі.

Я i сёння яшчэ люблю сяды-тады, чым далей, то ўсё больш зрэдку, апынуцца на нашай гары. Калі адзін, дык моўчкі пастаю, паазіраюся, a калі з якімнебудзь госцем, бывае i з замежным, дык i спытаюся: «Што, прыгожа?» A ў маленстве я ўмеў радасць ад вышыні яшчэ выказваць i крыкам — тонкім, пранозлівым, доўгім,— лепш за ўсіх сябрукоў i сябровак. Гэта тады, калі мы пасля заняткаў выбягалі з сумачкамі на школьны двор, адкуль таксама было далека відно, i крычалі ад радасці, а я — наймацней, «як паравозны гудок».

Стоўбцы былі тады павятовым горадам, Наваградак ваяводскім, i паміж імі хадзіў аўтобус, самаход. Для 1927 года гэта было дасягненнем, а для нас, «гімназістаў», радасцю. Некалькі дзён.

Аўтобус той быў падобны на таварны вагон, з дошак, толькі значна меншы, карацейшы i цёмна-шэры, а не брудна-белы, як той, у якім мы, наша сям'я, пяць гадоў перад гэтым вярталіся з Адэсы. З абодвух бакоў у яго было па акне, а дзверы ззаду, калі пагода, дык i адчыненыя ўсярэдзіну. А ад парожка ўніз — дзве жалезныя прыступкі.

Калі аўтобус, натужна гудучы ды крэхчучы, паволі пяўся на нашу гару, мы проста беглі за ім, не спадзеючыся, што ён нас возьме, падвязе. Вераснёвая раніца, у якую стаўся цуд, пачалася сонечна, i дзверы таго крахтуна былі адчыненыя. Усярэдзіне — людзі, паны, якіх ён вёз, а злева каля дзвярэй дзядок. У паліце, пад кепачкай, глядзеў, як мы весела трухаем, а пасля... Гэта нават i падкрэсліць хочацца: пасля ён узяў сваю кульбу за канец i дужку выставіў нам!.. Не прыпомню, хто з нас ухапіўся першы, хто другі, хто апошні. Мы ўсе паспелі, адно за адным, пакарыстацца кульбай, дзвюма прыступкамі, i вось — Бог ты наш добры! — ужо сядзім на падлозе самахода, а ён нарэшце адкрахтаўся, узабраўся на гару, лягчэй пайшоў па роўным, а потым i пакаціўся зверху ў даліну.