За адным, пасля за другім паваротам вуліцы распасцерлася рыначная плошча. I там нашы коні i сані стаялі, спыніўшыся каля крамы. Потым на ганак выйшлі мама, Віліта, Юстын. А я падбягаў да ix ужо з усмешкай. Мокры, незашпілены.
Вусаты панурысты дзядзька, што быў маім шваграм, сказаў:
— Дайце рэспусту пугі i няхай бяжыць назад, як i сюды дабег!..
Штосьці так. Калі ж у словах не зусім дакладна, дык тон я памятаю добра.
А з маміных пазнейшых слоў помніцца тое, што яна тады падумала:
«Скулу табе, таўлўй! Каб я сваё дзіця...»
Нават заплакала. Але гэта пасля, калі мы ўжо ехалі.
Спачатку мы дваімі санямі павярнулі з плошчы ў бакавую вуліцу, да мамінай цёткі, а там пазычылі кажушок. Мама апранула мяне, каўнер кажушка наставит i падвязала хусткай. I вось я зноў сяджу ў перадку, спіной да нашай Сіўкі, носам да мамы, i ногі мае не толькі ў сене, але i накрыты коўдзеркам, таксама пазычаным. I мне так добра — i цёпла, i свайго дамогся, i лепш пра гэта не скажаш!..
Маці была, як на мой сённяшні лік, яшчэ не старая, пяцьдзесят другі, i модная характарам. Аднак i на гэта ў яе хапала цяжару. Года яшчэ не было, як аўдавела, засталася на разбуранай вайною гаспадарцы з трыма хлапчукамі. Старэйшаму толькі чатырнаццаць. А гэты...
Тут я спыняюся, каб не расчульвацца. Бо i не плакала яна, думаецца цяпер,— слёз яе няма ў маёй памяці, яны былі, відаць, толькі ў мамінай душы.
Маўклівай... Самотнай!.. Дачка i зяць?.. Значна пазней я пачаў разбірацца, што да чаго, чаму яна i ехала асобна, на сваім вазку, чаму яна i «скулу табе!», хоць не сказала, a толькі падумала...
Далей была дарога, якая i не здоўжылася, i закончылася цёплай хатай, дзе былі дзеці, пляменнікі, не надта старэйшыя за мяне, i тая, трэцяя, з-за якое мы прыехалі, зусім маленькая, на падушцы. Была сястра, таксама як i Віліта, падобная больш на цётку, i быў яшчэ адзін швагер, дзядзька не толькі вусаты, але i з барадой... Было б што яшчэ расказачь.
Ды мне далей успамінаць не хочацца. Мой дзікі бег i крык, няхай сабе i пястунскі, чатыры зімовыя кіламетры, а потым мама, сані, кажух, перамога — гэта важней за ўсё!
ДАМАЎНІК
На тры гады старэйшы брат Міхась пасвіў каровы, а я то выганяў свіней на бліжэйшую пашу, то больш дамаўнічыў. У такога дамаўніка былі i абавязкі i, вядома ж, выбрыкі. Абавязкі — ну, перш за ўсё хаты, двара, саду i агарода пільнавацца, бурачання свінням нарваць-накрышыць, укапаць пад вечар бульбы, сустрэць авечак, вылучыць ix з агульнай чарады. А з усіх выбрыкаў мне вось успомніўся той цудоўны напітак, які мы з госцем-сябруком рабілі.
Маці наша была запаслівая. У пограбе, перагароджаным на бульбу i на бочкі, стаяла капуста, шаткаваная i галоўкамі, салёныя агуркі, усё амаль да новага. Так што суседкі прыходзілі «пазычаць», а гаспадыні, пэўна ж, гонар. I была яшчэ бачулка хлебнага квасу. Халодненькага! Пілі мы яго з сябрам i так, рабілі i «віно». Гарэлка тады прадавалася часта ў літровых бутэльках: «Вудка чыста, моцы чтэрдзесьці пеньць», а то i мазур у сукмане, узняўшы кілішак: «Вып'ем, куме, ешчэ раз!» Адна такая i ў нашай каморы была. Там жа, у старой, карычнева-памаляванай шафе, стаялі слоікі з варэннем, a ў кухні на паліцы была сода. У бутэльку, не да самага верху напоўненую, далівалася на акрасу i солад варэння, радчэйшага. Тады асцярожна, каб без пары не шумнула, усыпалася трошкі соды i туга ўціскаўся корак. Два кубкі i два «рассохлыя» пітакі стаялі напагатове. Галоўны майстар, сам дамаўнік, боўтаў бутэльку нядоўга — шумны выбух выбіваў той тугі корак, пена шугала наверх, кубкі напаўняліся, на верхнія губы надзяваліся пенныя вусы, а потым мы пацмаквалі, выдатна задаволеныя тым, што п'ецца, i тым, што i яшчэ ж у літроўцы маецца — на даліў!..
Былі i іншыя выбрыкі — у сірочай распусце.
У старой карычневай шафе i ўлетку было янічэ, як я ўжо сказаў, трохі леташняга — у нас казалася: такрошняга — варэння, дзе на паўслоіка, а дзе толькі на дне. Вішнёвае, чарнічнае, брусніцы з грушамі. Аднойчы я, ужо без сябра, так раскошна захапіўся рэшткамі вішнёвага ў паліваным слоіку, што не пачуў, як наш Мікола, ужо дзяцюк, не ўбачыўшы мяне на вуліцы, як найчасцей бывала, сам адчыніў вароты i ўехаў з возам снапоў на двор. Як прадчуваючы штосьці, ён спыніўся, лейцы на плот, а сам з сяней у адчыненую камору. «А гэта што?!» — «Як што? — адказаў яму я, ужо заслужаны хатні манюка.— Мама сказала, што слоік трэба апаражніць, даесці». МІкола выйшаў i, пакуль нам скідаць у гумне снапы, узяў на кухні другую лыжку... Праз дзень-два маці заўважыла апусценне слоіка i, ведаючы, з к а го пачынаць, паклікала мяне. Мне што — я сказаў, што мы з Колем удвух. Не памятаю, ці маці тады адмахрыла мяне, ці абышлося ўшчуваннем. Памятаю затое, што Мікалай — «гаспадар, называецца!» — мне не адпомсціў.