Так жорстка мы, падшыванцы, даволі часта практыкаваліся ў сваёй народнай медыцыне — прыб'еш, а потым ажыўляеш.
ПЕХАТОЮ
Адзін наш стары загорац з нейкай лузготнахлёсткай мянушкай Пстэк меў у Турцы брата Міхалку, які, не толькі што з дому выйшаўшы, але i далей ідучы па вуліцы, усё азіраўся на пяты. То ўлева, то ўправа, то зноў улева, як баючыся, ці не ўступіў у нешта брыдкае.
Пражылося богведама колькі, а той местачковы Міхалка, таксама, як i яго вясковы брат, стары, але бязвусы i безбароды, з нейкім востранасатым ды вяртлявым тварам, успамінаецца мне часамі, калі выйдзеш з дому, там не глянуўшы на калашыны ззаду,— як яны ад учарашняй вячэрняй макрэчы? Каля пад'езда, каб не вяртацца ў яго, азірнуўшыся, ці хто не бачыць, праверыш i ўсміхнешся сам сабе: «Во, Міхалка!..»
А пануры Пстэк, прымак у Загоры, ці ён ідзе, ці едзе куды, абавязкова пра штосьці бубніць сам з сабою.
Неяк зімою, кал i мы з Толікам ішлі ca школы (Ліда была ўжо ў сваёй турэцкай цёткі «на кватэры»), Пстэк на роўным абагнаў нас i — скупеча! — не клікнуў пад'ехаць. Але неўзабаве, пад круты ўзгорак, яго дэрашаваты конь пайшоў ступою, мы дагналі чорныя санкі-вазок i асцярожненька пасталі ззаду на палазах. Ведаючы пра яго заўсёднае бубненне, пачалі прыслухоўвацца. Ен якраз лаяўся з сынам, які, вярнуўшыся з панскага войска капрал ем i ажаніўшыся з хутарскою шляхцянкай, так апанеў, што анічога не хоча рабіць. Лаяў Пстэк i свайш Геніка, i нявестку, якая таксама ж пані, а заадно i сваю старую, што патурае маладым. Бубніў ён, не толькі брыдзячы хатнix, але i сплёўваючы на бараду. Гэта мы толькі ўяўлялі,— так меркавалася мне на сабе.
Нам бы, дурным, ціхенька ехаць ды слухаць, а мы пераглянуліся разоў колькі i, нарэшце, не вытрымалі — захіхікалі без асцярогі.
Стары — стары, i каўнер кажуха настаўлены, i звягай заняты, аднак пачуў! Азірнуўся, крута павярнуўшыся, i нема ды злосна віскнуў: «Ага!» Пад крык i спробу аперазаць каторага пугай мы саскочылі з палазоў, а сыты дэраш ад узмаху пугі рвануўся далей рыссю, балазе пайшло з горкі ў даліну.
А нам было так весела, мы так гаварылі, як гэта ён цяпер бубніць ды плюецца — ужо на нас.
...У маім «Алесі», першым варыянце «Сірочага хлеба», напісаным у сорак другім годзе, была сцэнка, якая мне пры пасляваеннай апрацоўцы аповесці здалася лішняй. Выкрасліў, а яна сяды-тады са шкадаваннем успаміналася, хоць ты яе ўшчамі назад у неаднойчы перавыдадзены на розных мовах тэкст.
У сцэнцы той гаварылася, як я аднойчы зімой спазніўся ca школы дахаты, бо мне, вясковаму хлапчуку ды ў мястэчку з царквою i крамамі вакол плошчы, што было ледзь не горадам, вельмі ж захацелася паглядзець, як гэта «жыды вянчаюцца на сметніку». Так гаварылі аднакласнікі, якія з мястэчка i ўсё тут ведаюць. Як i ў царкве вянчаюцца, чаго я таксама ні разу не бачыў, як i такое, «жыдоўскае», адбываецца. I дачакаўся я, паглядзеў. Не адзін, вядома, a ў чародцы такіх самых разявакаў.
I зусім яны не на сметніку нейкім вянчаліся, а на дварэ сінагогі, пад балдахінам на чатырох высокіх ножках. Так незвычайна, цікава было ўсё гэтае вянчанне, i незразумельш голасам рыжабародага рабіна ў чорным капелюшы, з гуртам вясельнікаў ва ўсім святочным на снезе, што мы, малыя, застаяліся да дрыготак. З Загора я быў у той дзень адзін, бо Толік трэці дзень хварэў, а наш Міхась сядзеў на сваёй другой змене.
Пасля чатырох кіламетраў, да якіх я яшчэ не вельмі прывык, i ад хады не надта сагрэўшыся, дома я, распрануўшыся ў цёплай хаце, доўга не мог супакоіцца. Рукі так зайшлі з пары, што я, ушчэнт пераможаны, расплакаўся за сталом.
Маці мяне то ўшчувала, бо я з парога яшчэ расказаў, чаму спазніўся, то пацяшала, гаворачы: «Еш, сынок, няманіц!..» Так у нас гаварылася, на нейкі дзіўна польскі лад, што азначала нічога, пройдзе.
А на стале перада мною, для аднаго мяне, стаяла поўная міска гарачай, духмянай пасолі з картопляй i мясам!..
Тады i было канчаткова вырашана ўладзіць нас з брагам на кватэру да местачковых сваякоў, пра што гаворка ўжо была.
ГІМНАСТЫКА
Яшчэ раз пра нашу гару на гасцінцы, за вёскай. Вёска ніжнім канцом адыходзіла ад гасцінца, а чым далей угару, то ўсё ішла да яго бліжэй. Адтуль, з застрыні таго кліна, уніз, па загараддзі бегла сцежка, на якой хадзілі найбольш на могілкі. Цяпер усё тут забудавана i замест сцежкі вуліца. А тады каля сцежкі быў толькі нізкі зрубік крыніцы. Нават i там, так высока — крыніца? Нас, малых, такое не здзіўляла, як не здзіўляе нічога, што ёсць, бо ёсць яно, i ўсё. Сцежка жыла вясной, улетку, увосень, a зімой яе не пратоптвалі, бо i на могілкі хадзілася па вёсцы. ТольKi тая сцяжынка, што збоку, ад крыніцы ў бліжэйшыя двары, была i зімою хаджалая. А замест большай сцежкі, з вострага кліна далека ўніз, на ніжэйшыя загуменні ды загароддзі, снежная неруш — вечар такі надыходзіў — праразаліся палазамі саней. Тых вялікіх, што называюцца ляснымі.