Ён распазнаў, угадаў мае запаветнае, якое я ўжо i сам невытлумачальна радасна адчуваў, падтрымаў мяне ў гэтым — з літаратараў першы.
Не збылося толькі яго пажаданне стаць мне дзіцячым пісьменнікам, чаго я хацеў i сам.
Пра наіўнасць
“Наіўны — які не мае, не набыў жыццёвага вопыту, непасрэдны, прастадушны». (Наш Тлумачальны слоўнік.)
«Naiwny — odznaczający się prostotą, szczerością, nie mający doświadczenia, mało uświadommiony, łatwowierny». (Польскі Słownik wyrazów obcych.)
«...Прямой и невинный, простой, простодушный, простосердечный, милый за простоту, привлекательный простотою; ребячески прямой, детски откровенный...» (Непараўнальны Даль.)
* * * *
— Ці пан сам разумее тое, што мне гаворыць?
Гэта пачуў я вясной трыццаць сёмага года ў Баранавічах на вакзале, калі з напісаным там заказным пісьмом ткнуўся... у акенца чыгуначнай касы.
Тут, праўда, была ў мяне не святая або цялячая прастата, a вялікае хваляванне, глыбокае абурэнне тым, што ў «арэшце сьледчым» мне не далi спаткацца з братам Мішам. Напісаў яму i пра гэта, i пра тое, што збіраўся сказаць на спатканні, наіўна думаючы, што заказное пісьмо яму не могуць не перадаць.
А месяцы праз два, на судзе, i гэтае мае пісьмо зачытвалася, далучанае да справы ў якасці абвінаваўчага дакумента.
Наіўным, скажам цяпер, было i маё выступленне на тым вайсковым судзе.
Сведкам абвінавачання выступіў дзябёлы плютановы 78-га пяхотнага палка, у нясвежых «драліхах» i начышчаных грукачах-чаравіках. Ён па-службоваму далажыў, што «пабаровы» Брыль Міхал, калі яму было загадана зняць свае цывільнае адзенне i надзець «сорты мундуровэ», упарта адмовіўся i сказаў, што i зброі таксама не возьме, i ў войску служыць не будзе. Закончыўшы гэтым «не бэндзе», пан плютановы, з не вельмі панскім выглядам, дзергануўся «на бачнасць» і, як i раней, усхапіўшыся для даклада, завучана хлёстка ляснуў абцасамі.
Міша ў нязнятай хатняй вопратцы, але ўжо i праз тры месяцы пасля арышту з нейкім сцішнавата няхатнім выглядам,— не памятаю, ці перад плютановым, ці пасля яго даклада,— спакойна, але паволі i неяк трохі напружана расказаў, чаму ён адмаўляецца служыць,— што гэта — яго перакананні.
Пракурор, каротка-тоўсценькі маёрчык, i ў сваёй абвінаваўчай прамове, i ў рэпліках быў калюча-з'едлівы, прыкметна задаволены сваёй дасціпнасцю. Ну, i ківаў на ўсход, не толькі на Талстога, але яшчэ шырэй, далей, сучасней. Мішын расказ ён перабіў i так:
— Сядзеш у крэпасць — гэта будзе не партрэцікі маляваць, там табе зубкі пачысцяць!..
Спатканне ў тым «арышце», дзе Міша сядзеў да суда, мне другім разам дазволілі, i ён перадаў мне некалькі зробленых там малюнкаў, два з якіх дагэтуль захаваліся. Партрэт алоўкам суседа па камеры — грубаваты валявы твар i разгорнутая кніга на дужай далоні; i не пазіруе чалавек, a сапраўды чытае. Другі малюнак — з памяці, прыемна думаецца, што пра мяне. Каляровымі алоўкамі. Малады сейбіт з поўным хвартухом насення, у белай расшпіленай кашулі, залішне святочных ботах i — яшчэ раз залішне — узнёслапрыгожы, паэтычны. Даты: 20 i 21 мая. Гэта дапамагло мне ўспомніць, што суд адбыўся ў палавіне чэрвеня.
Малюнкі гэтыя i некалькі іншых, якія памятаю цьмяна, пан пракуратар, вядома ж, бачыў.
Калі мне дазволілі слова, як непрадбачанаму сведку апраўдання (не памятаю, ці быў хоць які адвакат), маё звонка-палкае выступленне ён перабіў таксама:
— Во, будзе яшчэ адзін апостал пана Гандзі!..
Махатму, як i Талстога, Міша называў у сваім выступленні.
Рэплікай карантыш i мяне не спыніў, i смеху ці ўсмешак у важных суддзяў ад гэтага досціпу не прыпамінаю.
Чуецца мне затое голас старшыні таго выязнога (з Брэста ў Баранавічы) суда, пажылога, саліднага палкоўніка, які таксама, як i Міша, спакойна, ды ледзь не са спачуваннем сказаў, што «ў хлопца тут вінаваты яго бедныя пераконанні». Памятаю даслоўна.