Выбрать главу

Дваццаць гадоў таму назад, у Маскве, знаёмячы Валодзю з маім рускім сябрам, добрым пісьменнікам i чалавекам Васілём Субоціным, я назваў яго, Калесніка, а мой Васіль Яфімавіч, па-свойму сціпла ўсміхнуўшыся, сказаў:

— Как же не знать! «Володя сказал», «Володя пишет», «Если бы Володя это видел». Очень приятно, Владимир Андреевич!..

I мне было прыемна ўдвая,— i што знаёмлю сяброў, i што Вася, якога цікавяць мае лірычныя запісы, аб чым ён i ў друку гаварыў, ведае пра нашу дружбу.

Гэта праўда,— у запісах маіх, i ўжо надрукаваных, i яшчэ не, пра Валодзю гаворыцца часта. A штосьці большае пра яго як чалавека, пісьменніка, сябра мне пакуль што — спакусліва-зманлівае «пакуль што»! — напісаць не прыйшлося. Калі не лічыць скупаватага нарыса «Першы прыпынак», слова да яго пяцідзесяцігоддзя.

Нямала дадала б i, можа, калі-небудзь дадасць наша перапіска.

А пакуль што — аптымістычна паўторымся — няхай штосьці скажа i гэтая публікацыя.

Слова з нагоды

АД ПЕРАКОСУ i ДА ПЕРАКОСУ [36]

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна наша крытыка вельмі прыкметна i настойліва галерную ролю ў літаратуры ваеннай-антываеннай адводзіла прозе дакументальнай. Цяпер, яшчэ больш прыкметна, з дружным націскам гаворыцца пра «палітычны раман» як галоўную зброю ў справе літаратурнай барацьбы за мір. Да таго ж — пра раман, толькі пра яго, пра «палітычную аповесць», тым больш пра «палітычнае апавяданне» не гаворыцца.

I вось раманы гэтыя паспешліва пішуцца, легка i шчодра выдаюцца, пахвальна рэцэнзуюцца ледзь не па карэктурных гранках. Некаторыя спрытныя аўтары такіх раманаў i радаслоўную гэтага, так сказаць, панацэйнага жанру самі, з зайздроснай раскаванасцю выводзяць ад самога Гамера, па дарозе падключаюць у той рад Талстога, Стэндаля, яшчэ каго-небудзь з вечнасці, а затым, таксама па асабістым выбары, пераходзяць да некаторых сучаснікаў...

Чытаеш, слухаеш такое, i ўспамінаецца высокае: «служенье муз не терпит суеты». А як жа з гэтым быць? Няўжо гэта абавязкова не для ўсіх, не ў любым часе?..

Мне думалася, што я першы за нашым «круглым сталом» назаву слаўнае імя Міхаіла Прышвіна. Уладзімір Піскуноў i Віктар Каваленка апярэдзілі мяне, кожны па-свойму назваўшы i Прышвіна своеасаблівым змагаром за мір. А мы, хто старэйшы, памятаем жа тое пасляваеннае, што ішло ад самага верху, пытанне: «А вы, товарищ Пришвин, все о собачках?..»

Пра сабачак, яшчэ менш — пра сабачку i ў нашы дні напісана кніга, што не так сабе прысвечана светлай памяці Аляксандра Твардоўскага. Я гавару пра аповесць Гаўрыіла Траяпольскага «Белы Бім Чорнае Вуха». Толькі зрэдку, між іншым, прамільгне ў друку скупая нататка пра тое, колькі выданняў гэтая невялікая па лістажы аповесць вытрымала за мяжою, якою прэміяй зноў жа адзначаны яе аўтар. А гэта ж, калі па-сапраўднаму, вялікая кніга пра чалавечнасць, яна настолькі сучасная, сугучная трывозе i надзеям усіх людзей Зямлі, настолькі агульналюдская ў самым высокім значэнні гэтага слова, што невыпадкова яна, можна сказаць, трыумфальна ідзе па ўсім свеце без лішняга шоламу, робячы сваю вялікую справу яднання людзей добрай волі, цудоўна дапамагаючы найважнейшаму з важнага — нашай барацьбе за мір.

Слухаючы выступленні, я ўспамінаў Талстога — вялікі прыклад ягонай творчасці, у якім — калі ўзяць толькі апошнія гады Льва Мікалаевіча,— выдатна сужываліся на адным рабочым стале i палымяны памфлет «Не магу маўчаць», i непераўзыдзены сплаў дакументальнага i мастацкага — аповесць «ХаджыМурат», i абаяльнае сваёй празрыстасцю, сонечнай прастатой апавяданне пра ўрачыста-пераможную красу прыроды, пра вечную мудрасць маленства — «Ягады»...

Хто там будзе адмаўляць значэнне дакументальнай прозы, публіцыстыкі! Вось ужо шмат гадоў я жыва памятаю высокі душэўны настрой, з якім быў i мной успрыняты ромаўскі «Звычайны фашызм»; i я з радасным адчуваннем жыццёвай праўды зачытваўся лепшымі старонкамі дакументальнай прозы пра вайну; як беларус i я ганаруся нашым укладам у гэтую вялікую тэму, шчаслівы сваім пасільным удзелам у працы маіх сяброў. Мне толькі прыкра бачыць шараханне ад моды да моды, ад перакосу да перакосу, непатрэбнае шкоднае захвальванне адных, замоўчванне другіх, усялякую закулісную тузаніну, у той час — вялікі i трывожны час! — калі ўсе нашы намаганні павінны быць накіраванымі на галоўнае, на адно. I гэта галоўнае ўсе мы абавязкова павінны рабіць таленавіта, сумленна i, па магчымасці, сціплей.

вернуться

36

На «круглым стале» часопіса «Литературное обозрение».