Пра сваё месца на планеце Зямля кожны з нас, у тым ліку i я, мае права сказаць таксама — лепшае за ўсе другія.
Я, да таго ж яшчэ, ганаруся высокім зямляцтвам з двума Міцкевічамі, польскім i сваім. Роўна сто шэсцьдзесят гадоў таму назад вымушаны эмігрант Адам Міцкевіч у сваім «Пане Тадэвушы» маліўся красе нашай роднай Наваградчыны, так званай «Беларускай Швейцарыі», з парыжскай бядотнай далечы: «Сёння бачу красу тваю i апісваю, бо тужу па табе». A ў пачатку нашага стагоддзя апальны вясковы настаўнік, палітычны вязень царскай турмы ў Мінску Кастусь Міцкевіч, ён жа, па псеўданіму, Якуб Колас, адзін з высокаталенавітых пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, эпапею «Новая зямля» пачынаў з сыноўняй тугі праз краты: «Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы!»
Я пакуль што не эмігрант i не вязень, па родных мясцінах тужу толькі зімой, у гарадскім выраі, i туга мая светлая, яшчэ ўсё, дзякуй Богу, поўная творчых спадзяванняў. Я не люблю называцца дачнікам, я там жыву сярод сваіх працалюбівых землякоў-сялян, i сам працую, удзячна ўспамінаючы i нашага вялікага сярэднявечнага асветніка Скарыну, з яго гаючамудрай ласкай да родных мясцін, i яшчэ больш даўняга, усечалавечнага эліна Архімеда — з яго славутым пунктам апоры, які i мне дапамагае калі не Зямлю, крый Бог, перавярнуць, дык проста лепей бачыць сваё месца на ёй, як стартавую пляцоўку — ад свайго роднага — у агульналюдскае.
Калі ўжо цытаваць яшчэ, i не шчыруючы ў вучонасці, як юны дысертант, але адпаведна ўзросту чалавека i літаратара на восьмым дзесятку гадоў, удзячна звяртаючыся да вопыту папярэднікаў, згадаю Райніса i Твардоўскага.
У сваёй «Кастаньёле» светлы латыш Ян Райніс гаворыць: «За гэтыя нялёгкія гады,— ён мае на ўвазе гады сваёй эміграцыі,— мы паглынулі столькі сонца, прынялі ў сябе столькі красы i сілы,— тут мне трэба падкрэсліць ягоныя словы,— краса таксама сіла, i, магчыма, найбольшая з найбольшых».
Гэтую шчодра-вечную сілу шчасліва чэрпаў, чэрпаю i я — ад мноства сустрэтых у полі, у лесе, над ціхай ракой усходаў сонца, ад мудрай чароўнасці зорных або паўнамесячных начэй, ад неаглядна-хвалюючай прасторы хлебнага поля i расквечанага лугу, ад пяшчотна блакітнага, белавоблачнага неба над імі... Краса мацавала, мацуе i мяне, яна натхняе на сціпла глыбіннае, шчырае слова, на жыццядайныя мары пра мірную будучыню чалавецтва, — яна дапамагае жыць як мага больш разумна.
Ну, a вялікі рускі паэт, i мне асабіста знаёмы сучаснік Аляксандр Твардоўскі часта згадваецца сваім выказваннем пра абавязковы літаратару запас спакою,— спакою не для бяспечнай дачнай ляноты i абыякавасці, а для штодзённай пісьменніцкай працы, пажыццёвай вучобы.
Я вельмі люблю падарожжы, я адносна нямала пахадзіў, паездзіў, палятаў па белым свеце. Што за карысць ад гэтага каму іншаму — пра гэта мне трохі гаварылі i пісалі чытачы маіх дарожных эсэ пра Польшчу, Германію, Канаду, Індыю, Крым, Арменію, Волгу, Амур... А што мне самому яны, падарожжы, як чалавеку i пісьменніку, карысныя — гэта i перш за ўсё, i бясспрэчна. A колькі ж трэба яго, такога шчасця? Тут мне ўспамінаецца таўшчэзны том пад назвай «Было», у якім адзін з модных у свой час паэтаў, вандроўнік з пераважна афіцыйнымі заданнямі, пералічвае шматлікія краіны i сустрэчы так, што, прачытаўшы нейкую — па цярплівасці беручы — частку гэтай сухой справаздачнасці, узнікае пытанне: ну i што? A ў пытанні прысутнічае i адказ: a нічога! Проста было, i не больш. Спажывецкая мітусня, што не ратуе ад самога сябе, павярхоўна самаздаволенага пустадомка, не дае магчымасці паглыблення ў жыццё таго ці іншага народа, у спакой неабходнага роздуму, непасрэднасці адчуванняў.
Toe, што мне апошнім часам — нашым няпростым, нялёгкім часам — удалося зрабіць, гэта дзве кнігі дзённікавага характару. Адна з ix нядаўна з цяжкасцю выйшла, другая знаходзіцца ў нямогла-запаволелным вытворчым працэсе. Мала гэта ці многа — не мне гаварыць. Я магу сказаць толькі адно: у гарадской ды палітычна гаманкой, а то часцей крыклівай мітусні я не зрабіў бы i гэтага. Не асуджаю нікога з тых, хто можа, умее добрасумленна i плённа спалучаць у сабе мастака слова i відушчага палітыка,— я проста веДаю, што сам на гэта не здольны, i не лічу, што лес мяне такім чынам пакрыўдзіў. Згадаем англійскую прыказку, што кожная бочка павінна стаяць на сваім уласным дне, дбайна падумаем пра сапраўдны прафесіяналізм, якога цяпер не стае асабліва нам, беларусам. Нас абавязвае вялікая, нялёгкая праца адрадж:?ння нацыянальнай свядомасці, пабудовы дэмакратычнага грамадства. Нашу мову, сярод славянскіх моў адну з найстарэйшых i найчысцейшых, скажам гэта ўслед за Адамам Міцкевічам, выкладчыкам у Калеж Дэ Франс, ведаюць у свеце — спадзяемся: пакуль што — вельмі нямногія, літаратура наша перакладаецца на іншыя мовы надта ж няшчодра. Многа працы, многа цярплівасці ў паглыбленым творчым спакоі патрэбна нам, беларускім рупліўцам роднага слова, шчырым удзельнікам чалавечага паяднання.