Нават самае чулае, спагадлівае сэрца не здолее ахапіць усё гора людское, дома i на свеце, пра якое так бязлітасна шчодра расказваюць сёння штодня, штоночы прэса, радыё, тэлебачанне... А каб ахапіла тое сэрца, Цьш, відаць, i не вынесла б такое процьмы болю. Значыцца, дарагія сябры, трэба крыху пашкадаваць яrö, сэрца пісьменніка, паашчаджаць яго, асланіць адзінотай, не такою ўжо i грэшнай, падмацаваць кантактамі з людзьмі нялёгкай палявой працы, даць сэрцу магчымасць засяродзіцца на найважнейшым. Нагрузак хопіць сэрцу i ў адзіноце, у магчымым спакоі, найважней тут узяць, перажыць, паказаць найбольш сваё...
У адказ на маю шчырасць мне, магчыма, можна i сказаць, што крэда мае — мае, i я магу ім на здароўе карыстацца, так пацяшаючы сваю творчую сталасць ды старасць, а для іншых, маўляў, тым больш для маладых, яно не абавязковае. Ды мне чамусьці здаецца, так адчуваецца, што i для тых, хто таксама шчыра, кожны ў родным кутку на такой неспакойнай сёння планеце, пад адным для ўсіх нас сонцам, служыць для нас усіх i ўсюды найважнейшай справе міру, дружбы людзей i літаратур, мае таварыскае слова i мой сціплы пісьменніцкі вопыт — не зусім лішні, можа, каму i спатрэбіцца, пачуецца блізкім у пераклічцы. Бо я сумую па дружбе даўно i чым далей, то ўсё больш. I ад душы жадаю ўсім вам дабра!
1994
«З БОГАМ У СЭРЦЫ» [39]
Прыгадалася даўно прачытанае ў Льва Талстога пра тое, што чытанне — гэта жывая сувязь з душамі людзей, якія жылі раней за нас.
Падобнае можна сказаць i пра літаратурныя музеі, асабліва пра дамы-музеі, у якіх жыве мацнейшае адчуванне прысутнасці любімага пісьменніка, да якога вы прыйшлі, адчуванне працягу яго жыцця, несмяротнасці створанага ім свету вобразаў, пачуццяў, думак.
У Яснай Паляне я быў улетку пяцьдзесят другога года з жонкай i напрадвесні шасцідзесятага з братам. I абодва разы мы сустракаліся там з апошнім сакратаром Талстога Валянцінам Булгакавым, які нам усё паказваў i многа чаго расказаў. Прыемна сказаць, што з Валянцінам Фёдаравічам я перапісваўся яшчэ ў перадваенны час, калі ён жыў у Чэхаславакіі, працуючы ў збраслаўскім рускім музеі, а я ў сваёй заходнебеларускай вёсцы. Перапіска наша ўзнавілася пасля першай яснапалянскай сустрэчы i працягвалася да смерці гэтага высакароднага чалавека i таленавітага літаратара. А яднала нас адна вялікая любоў, уласцівая многім i ва ўсім свеце. Пра свае ўражанні ад наведанняў Яснай Паляны, як i ад маскоўскага домамузея ў Хамоўніках, я пісаў неаднойчы, аднак i дагэтуль здаецца, што ўсёй глыбіннай паўнаты i жыццядайнай свежасці перажытага ад сувязі з душой Льва Мікалаевіча як след не перадаў.
У Міхайлаўскім я быў у жніўні шэсцьдзесят другога, праездам з Эстоніі, з жонкай i дочкамі, школьніцамі старэйшых класаў. Даехалі мы туды пад вечар, з цяжкасцю ўладкаваліся на начлег у турысцкай палатцы ў недалёкім Трыгорскім. Міхайлаўскае з яго своеасабліва, па-пушкінску блізкімі ды маляўнічымі аколіцамі аглядалі мы раннім ранкам, a ў дом Аляксандра Сяргеевіча ўдалося без пары пранікнуць трохі злачынным спосабам. Нам конча трэба было вярнуцца ў Мінск у той дзень, ды ria магчымасці як найраней, мы не маглі чакаць да адкрыцця музея. Пажылая прыбіральшчыца, уласкаўленая сціплымі рублёўкамі, упусціла нас у пакоі, якія якраз асвяжала, i мы асцярожненька, ціхенька пахадзілі ў тым ясным, раннесонечным храме, кожны ca сваім Пушкіным у душы.
Калі б у мяне было цяпер крыху больш часу, я ахвотна завёўся б на любае хваляванне, расказаў бы i пра адчутае ў чэхаўскіх дамах-музеях у Маскве, у Таганрогу, у Ялце, у лермантаўскім казачым доміку ў Пяцігорску, у палтаўскім доме-музеі Уладзіміра Караленкі, ніжагародскім Максіма Горкага, старакрымскім Аляксандра Грына, уладзівастоцкім Уладзіміра Арсеньева...
Мне шанцавала ў жыцці на сяброўства з выдатнымі людзьмі, у тым ліку з пісьменнікамі, значна старэйшымі за мяне. Пачаўшы з Валянціна Булгакава, я мог бы назваць i другіх, ды не толькі рускіх.
Тут прыгадаю завалены чысцюткім снегам Галасіеўскі лес пад Кіевам, пустыя пакоі закрытага на рамонт дома-музея Максіма Тадэевіча Рыльскага, з якім я рады быў сустракацца i на Украіне, i ў Беларусі, i ў Маскве i зрэдку перапісвацца ды абменьвацца новымі кнігамі. У дом ягоны, дзе я бываў i ў дамузейны час, той сакавіцкай раніцай восемдзесят чацвёртага года мы завіталі ўдвух з маім чэшскім сябрам Вацлавам Жыдліцкім, выдатным навукоўцам i слаўным таварышам, што так нямала зрабіў для творчых сувязей Чэхаславаччыны з Украінай i з Беларуссю як перакладчык i папулярызатар нашых літаратур. З сынам Рыльскага, Багданам Максімавічам, руплівым i талковым ахоўнікам бацькавай багатай літаратурнай i навуковай спадчыны, мы правялі там у гутарцы нямала шчаслівых хвілін.