Выбрать главу

A колькі высокіх пачуццяў перажыта ў музеях Тараса Шаўчэнкі,— у Кіеве, на гары Чарнечай у Каневе, у канадскім Палерма над морападобным возерам Антарыё,— у львоўскім музеі Івана Франко, у днепрапятроўскім Дзмітра Яварніцкага!..

Наша канферэнцыя названа «першай міжнароднай», i гэта хораша. Прыемна бачыць тут нашых рускіх i ўкраінскіх гасцей, з цікавасцю слухаць ix выступленні.

Аднак жа толькі такой міжнароднасці ў нас яўна малавата.

Гаворачы гэта, я думаю пра дамы-музеі i Яна Райніса ў Юрмале, i Антанаса Венуоліса ў Анікшчай, i Уладзіслава Бранеўскага ў Варшаве, жыва i ўдзячна ўспамінаючы ix, пра літаратурныя музеі Абавяна ў Арменіі, Хаяма ў Таджыкістане, пра Веймар Гётэ, Абленгорак Сянкевіча, Цэцінье Негаша, Калофер Боцева, пра святыні Слова ў тых іншых краінах, дзе мне пашчасціла пабываць.

Думаю я, вядома ж, i пра сваё роднае.

Пра вязынскі дом, дзе нарадзіўся Янка Купала, пра яго мінскі музей, да арганізацыі якога я меў гонар пэўным чынам далучыцца, працуючы там улетку сорак пятага года пад кіраўніцтвам энергічнай ды чалавечнай цёткі Уладзі, а пасля, на працягу ўжо i многіх гадоў, ахвотна бываць у ім, сустракацца з яго наведвальнікамі розных узростаў.

Дом-музей Коласа. Дзядзьку Якуба я светла памятаю жывым-здаровым, паважаным ды абаяльным у сваёй народнай прастаце гаспадаром таго гасціннага дома каля Акадэміі навук, які таксама даўно ўжо стаў домам-музеем. З Данілам Канстанцінавічам, старэйшым сынам народнага песняра, арганізатарам i першым дырэктарам дома-музея, добрым другам беларускіх пісьменнікаў, i маім у ix ліку, неаднойчы прыемна было наведваць Акінчыцы, Альбуць, Смольню, Мікалаеўшчыну, у якіх вы, дарагія нашы госці, будзеце мець прыемнасць пабываць, парадавацца залатою восенню коласаўскага Наднямоння, адкуль пайшла ў свет яго паэзія.

Пабываеце вы i ў Цімкавічах, роднай вёсцы нашага выдатнага празаіка Кузьмы Чорнага, на адкрыцці яго музея.

Шкада, што планам вашай работы на гэты раз не прадугледжана наведанне дамоў-музеяў нашых славутых землякоў у іхніх родных мясцінах — Адама Міцкевіча ў Наваградку i Элізы Ажэшкі ў Гродне.

А ёсць жа ў нас яшчэ i вёска Дастоева на Берасцейшчыне, a ў ёй пакуль што сціплы літаратурнакраязнаўчы музей, дзе па-зямляцку шчыра шануецца памяць Дастаеўскага.

Кожны з нас мае права на нейкія асабістыя няшкодныя дзівацтвы. Я, напрыклад, не вельмі люблю хадзіць на адкрыцці музеяў. Няхай сабе там тады i ўрачыста, але ж i тлумна ды шумна, цяжка i даступіцца да цікавага, i засяродзіцца над ім.

Здарылася так, што на адкрыцці музея Максіма Багдановіча, у якога i я закаханы яшчэ са школьнага маленства, мне з-за хваробы не давялося папрысутнічаць. Затое крыху пазней я меў вялікае задавальненне аглядаць гэты цудоўны храм паэзіі толькі ўдвух з яго маладым паважаным дырэктарам, энтузіястам i знаўцам свае справы Алесем Бяляцкім, якому хочацца яшчэ раз ды прылюдна падзякаваць за тое свята. Калі, між іншым, у высокім суме прыгадваліся неаднаразовыя наведванні Максімавай магілы ў Ялце i таго белага дома ля сіняй бухты, дзе так заўчасна i трагічна абарвалася вялікае жыццё.

Добрае слова хочацца сказаць i пра нашых гасцінных гаспадароў, супрацоўнікаў Музея гісторыі беларускай літаратуры, стараннем якіх гэты нядаўна створаны музей i так ужо багата, прыгожа наладжаны, а будзе яшчэ багацейшы, чаго яму хочацца ад душы пажадаць. I сказаць таксама дзякуй за добрую ініцыятыву арганізацыі нашай канферэнцыі.

Наогул, дарагія сябры, як гэта высакародна ды сімвалічна, што ў наш такі нялёгкі час, у бязладдзі, пры катастрафічным збядненні, якому не відно прасвету i канца, у злачыннай пагоні за доўгім доларам, ёсць у нашых краінах людзі, як у народзе здаўна гаворыцца — «з Богам у сэрцы», якія не забываюцца пра разумнае, добрае, вечнае, пра актыўную, самаахвярную службу яму, у чым я жадаю ўсім нам як найбольшых поспехаў.

ЗНАК НА РОДНАЙ ЗЯМЛІ [40]

Так яно было i будзе, заўсёды i ўсюды, што самае першае слова ў кожнага чалавека, на якой мове яно ні гучала б, па сутнасці аднолькава змястоўнае i сардэчнае — мама. З ім мы, людзі, уваходзім у жыццё. A многія з гэтым словам i адыходзяць,— хто ў пакутах хатняй ці бальнічнай немачы, а хто на полі бітвы, калі паспее падумаць яго ці сказаць.

вернуться

40

На адкрыцці надмагільнага помніка Алесю Адамовічу.