Выбрать главу

«Сіа».

«…імя Сія ў сьпісе няма».

«Але існуюць іншыя сьпісы. І ў маёй дачкі адна галава».

«Дзе вы яго ўзялі?»

Я мог бы зачытаць вам нешта з Кнігі мёртвых. Пагатоў гэта па вашай спэцыяльнасьці, Крака-срака-жана Анатолеўна. Вы ж таксама пішаце гэтую кнігу. Але гэтага я не сказаў, вядома. Прамаўчаў.

«Навыдумляюць імёнаў…» — сказала яна журботна. — «А дзецям потым усё жыцьцё му-у-учыцца».

«Ну чаму адразу му-у-учыцца…» — я паглядзеў на яе як мага больш ласкава.

«Гэта ж да самай сьмерці!» — і яна, дзеля пераканаўчасьці, закаціла вочы.

«Ёй месяца яшчэ няма. Якой сьмерці?»

«Уявіце сабе!» — яна схавала кнігу ў стол і грукнула шуфлядай. — «Часам людзі паміраюць, у тым ліку ў нашым раёне».

«Людзі зусім як мовы, але моваў чамусьці больш шкада», — прамармытаў я. — «Паслухайце, я ж не зьбіраюся называць яе ні Акакіяй, ні Хрэнінай. І даваць ёй імя „Адольф Гітлер“ таксама не ў маіх плянах. Ці там, ня ведаю: 765Kh6422MND».

«Бываюць і такія выпадкі…» — пагадзілася яна задуменна. — «Але ня ў нашым раёне. У нашым раёне, калі хочаце ведаць, самае папулярнае імя… Зараз я пагляджу, вось дзеля інтарэсу. Вось: Марыя, Стэла, Аляксандар, Зульфія. Ёсьць яшчэ бацькі, якія цікавяцца гісторыяй. Для іх мы часам робім выключэньні. Малюта, Мэсаліна… Але ў нашым раёне, як я ўжо сказала: Марыя, Стэла, Зямфіра, Аляксандар і Зульфія. У хлопчыкаў — Аляксандар, у дзяўчынак — Зульфія».

«Іхтыяндар і Гюльчатай», — скрывіўся я. — «Паслухайце, Сіа — гэта проста. Амаль як Марыя. Або Пія».

«Якога Пія? Што за ідэалягічныя дывэрсіі?» — спахмурнела гэтая багіня рэгістрацый. — «Паслухайце, гэта ж не гульня. І вабшчэ празь пяць хвілін я зачыняю кабінэт».

«Вось менавіта таму…» — заныў я.

«Калі б вы былі дзяўчынкай і вас назвалі Сыя…» — яна зноў закаціла вочы.

«Сіа».

«Добра, Сіа. Як бы вы пачуваліся з такім імем?»

«Ганарыўся б», — сказаў я.

«Вас бы дражнілі!» — закрычала гэта гербавая пячатка ў жаночым абліччы. Але я не адставаў:

«Цікава, якім чынам?»

«Ну, напрыклад… Сіа — … Сіа… Паслухайце, мне трэба ісьці. Сіа… Што гэта? Прыбярыце гэта зараз жа. Не, пачакайце. Добра, давайце сюды. Сіа. Брэд какой-та. Паслухайце, калі ўжо вам так прыперла стварыць сваёй дачцэ праблемы, пішыце хутчэй. І ўсё-ткі нешта ў гэтым ёсьць падазронае… Ну, вось, гатова. Беднае дзіця…»

* * *

Хаця спачатку мы з табой хацелі назваць яе Фэнікс. Ясна, проста і велічна. А потым Бэнну — Бэнну, жоўтай нільскай сітаўкай, багіняй адраджэньня. Мы прыдумлялі ёй імя, як пэрсанажу навэлы: выкрэсьлівалі, спрачаліся, каштавалі на язык. Але потым ты знайшла: Сіа. Сіа — гэта было коратка і горда, як разьвітаньне з палонам. Сіа — багіня, якой давераны самы важны папірус. Ахоўніца пасланьня — і нашым пасланьнем зрабілася мова: яе мы ўручылі дачцэ, каб яна прайшла праз усе нягоды і перадала далей. Сіа — так крычыць птушка, якую ўжо ня зловіш. Так нільская сітаўка Бэнну і багіня Сіа зьліліся ў адну маленькую жанчыну, птушаня з папірусам у кволай дзюбе. Сіа — клічаш ты, і ўсе абарочваюцца. Быццам клікалі менавіта іх, усіх разам. Магічнае імя.

Ну каму яшчэ прыйдзе ў галаву назваць сваю дачку Сіа? Толькі той, чыйго мужа завуць Іван Іванавіч Іваноў. Я не Іваноў, і не Іван Іванавіч, але амаль што. Толькі імя ў мяне рэдкае — а прозьвішча як ва ўсіх. І мне было ўсё адно, як Сіа будуць клікаць па бацьку — у нашай мове ніколі не было нічога падобнага. Гэта ўсё пазьнейшае, набытае, вымененае, шкляныя пацеркі ў абмен на золата. Сіа.

Гарадок наш невялікі, дарма што абласны цэнтар, тут асабліва няма чым заняцца, і таму людзям нічога не застаецца, як паціху вар’яцець: цікавіцца эгіпталёгіяй, раскопваць брацкія магілы, садзіць у гародах жэньшэнь і арганізоўваць бэйсбольныя каманды.

Звычайна я не выпіваю ў дзень больш за сто грамаў, але тады я сапраўды ня спаў усю ноч і цяпер трохі прыдрамаў проста за сталом. Быў вечар, Сіа гуляла ў суседнім пакоі — мэтадычна спусташаючы малую бутэлечку і запіхваючы ў сябе яешню, я чуў, як яна сьпявае, прыглушана, як мы дамовіліся, народную песьню:

«Заіграйце, музыкі, Каб я паскакала; Купіў бацька чаравікі, Каб я патаптала!»

Гэта была песьня на нашай мове, калыханка для кагосьці зь яе нешматлікіх улюбёнцаў, для адзінай у сьвеце лялькі, якая гаворыць па-нашаму — і пад яе мірныя гукі я заснуў. Мяне разбудзіў званок у дзьверы. Больш за ўсё ў такія моманты я баюся, што Сіа парушыць мой загад і адчыніць сама. Яшчэ мала што разумеючы, блытаючыся ў сваіх дзённых снах, як у штанах спрасоньня, я дакульгаў да дзьвярэй і запытаўся, хто.