Выбрать главу

«Повторите», — мякка, але ўладна сказаў доктар і ўзяў яе за падбародзьдзе.

«Чаёчку не хотите?»

«Ещё раз».

«Чаёчку не хотите?»

«Еще».

«Чаёчку не хотите?»

«Повторите это тринадцать раз подряд».

Яна паглядзела на яго так бездапаможна, што доктару зрабілася брыдка. Яна нічым не адрозьніваецца ад жывёлы. Толькі языком. Толькі тым, што ёй, празь нейкі капрыз прыроды, быў дадзены язык. Язык зь вялікай літары. Вялікі і магутны, надзея і апора. Чаму ёй? Чым яна заслужыла? Чым гэтая жывёліна заслужыла такі дарунак — які яна марнуе, кожны дзень марнуе, псуе, ня ўмеючы нават правільна ім карыстацца?

У сьвеце так шмат несправядлівасьці. Выправіць якую могуць толькі дактары. Не палітыкі, не мастакі, ня грошы. Толькі дактары.

«Я сказал, повторите это тринадцать раз подряд».

І яна пачала паўтараць. Было відаць, што яна пры гэтым лічыць у галаве: адзін, два, тры, чатыры… Старанна лічыць. Баіцца зьбіцца. Жывёліна. Доктар не лічыў. Яму было абсалютна бяз розьніцы, колькі разоў яна гэта скажа. Ён чуў, а яна не. Вось што было важна.

«Прекрасно», — сказаў доктар ухвальна, калі яна спынілася. — «Вы же тоже проходили курс у меня, не правда ли?»

«Да. Пять лет назад».

«Вы молодец», — усьміхнуўся ён. — «Знаете, принесите мне чаю… Это была хорошая мысль. Только вот сначала…»

Яна спынілася на парозе.

«Повторите это, про чаёчек, еще тридцаць раз. Станьте вот сюда. Смотрите мне в глаза. И повторяйте. Ну, начинаем».

Яна маўчала. Ён адвярнуўся і потым рэзка пракрычаў ёй у твар:

«Ну, пошла! Кому сказал?!»

«Чаёчку не хотите… Чаёчку не хотите…» — залапатала мэдсястра, а ён глядзеў ёй у рот, дзе мільгалі жоўтым касьцяным бляскам зубы і з напругаю працаваў ледзь бачны язык.

«Вы неправильно произносите „чь“», — казаў ён ласкава, пакуль яна аднастайна паўтарала свой прысуд. — «Вы ленитесь. Вы не хотите дать языку сделать свое дело. Отпустите его на волю. Или ему снова что-то мешает? А? Откройте рот!» — сказаў доктар у поўнай цішыні. Яе парушала толькі гэтая чортава муха.

«Так и есть», — сказаў доктар і пацокаў языком. — «У вас снова опухоль. Еще совсем маленькая. Кость увеличилась. Пока что обойдемся без хирургии. Просто повторяйте это, про чаёк, и старайтесь следить за собой. Да не здесь!» — крыкнуў ён, калі яна пачала зноў паўтараць практыкаваньне. — «У себя в корпусе, или, не знаю, в туалете. Мне уже хватило на сегодня ваших чаёчкаў… Принесите мне чаю, наконец. Сколько можно меня дразнить? И перестаньне брызгать на себя этим вонючим лаком! Вы всех мух ко мне переселите, они вьются за вами, как дети!»

Асыстэнтка ўцягнула галаву ў плечы і пабегла да дзьвярэй.

«Пошла! Пошла!» — прыкрыкнуў на яе доктар. А як інакш — калі ёй падабаецца. Цяпер яна будзе некалькі начэй запар прапаноўваць яму чаёчку ў сьне. Доктар ведаў, што яна ў яго закаханая. Часам ён думаў, што цікава было б праверыць, з навуковага гледзішча: як уплывае гэтая чортава костка, а насамрэч — пухліна, на сэксуальнае жыцьцё. Ня можа не ўплываць. Занадта добрае яна абрала сабе месцазнаходжаньне. Як, зрэшты, і любая брыда, якая замінае жыць чалавеку.

Любое слова можна замяніць на любое слова. І нічога ня зьменіцца. Можна было б прымусіць яе паўтарыць дзьвесьце разоў «Доктар, я хачу ад вас дзяцей», і нічога не зьмянілася б. Замест чаёчку было б гэтае «хачу» — якое клятая пухліна ператварыла б у першабытны, зьвярыны рык, у нейкае чвяканьне — замест тонкай мэлёдыі. Як шкада, што абсалютны слых нельга выдаваць гэтым стварэньням у выглядзе звычайных пігулак. У якім сьвеце яны жылі б… Тады можна было б зачыняць гэты брудны лягер, які часам, асабліва зімой, нагадвае яму могілкі, а ўлетку — склад. Зьняць эмблему, прыбраць агароджу, пагрузіць усё абсталяваньне на грузавікі, а самому ехаць побач на ровары, па лясной дарозе, робячы выгляд, што ён тут ні пры чым, што ён і ня доктар зусім, а так, селянін.

Доктар паглядзеў у працоўнае люстэрка, дзе перабывала ўжо столькі горлаў, гляндаў, паднябеньняў, языкоў. Ён падміргнуў сам сабе і скурчыў такую міну, як курчаць гэтыя калгасьнікі, калі хочуць паказаць, што і ў іх ёсьць мазгі. Звольніцца, зьехаць… Туды, дзе іх будзе двое. Толькі ён — і Пушкін. Чысты, як першая сьняжынка.

Любое слова можна замяніць на любое слова. Ён падцягнуўся да верхняй паліцы шафы і зьняў адтуль кнігу ў чырвоным пераплёце. Кніга разгарнулася на тым самым месцы. Ён часта адгортваў і перачытваў яе, і паважаў гэтую кнігу за тое, што яна пацьвярджала ягоныя думкі адносна словаў.

Вось і цяпер. Ён ціха прачытаў уголас:

полную версию книги