Выбрать главу

Але сёньня раніцай усё здарылася зусім, зусім інакш.

Сёньня раніцай з-за сеткі іх сапраўды нехта паклікаў па імёнах. Іхных сапраўдных імёнах.

«Лёся!» — пачулі яны прыцішаны голас. — «Гэй-гэй! Лёччык!»

Яны паглядзелі адно на аднаго. А голас клікаў, настойліва, патрабавальна, ціхі, але вельмі знаёмы. І тады Лёччык узяў сястру за руку і яны кінуліся стрымгалоў у яліны да сеткі. Аднак за некалькі мэтраў ад агароджы спыніліся. Яны ведалі, што бліжэй падыходзіць нельга. У знаёмых галасоў таксама на канцах могуць быць крукі.

Гэта быў бацька. Ён стаяў на тым баку і клікаў іх, і твар ягоны па меры іхнага набліжэньня сьвятлеў, быццам лес над ім паволі рассоўваў шаты. Побач з бацькам стаяла маладая жанчына з кароткімі жоўтымі валасамі, якая пазірала на Лёсю і Лёччыка з такой непрыхаванай цікавасьцю, што Лёччык стараўся не глядзець у яе бок. «Сюды, бліжэй!» — зашаптаў бацька. І яны зрабілі яшчэ некалькі крокаў да сеткі. Бацька прасунуў скрозь агароджу пальцы, і ў гэтым было нешта брыдкае: пальцы варушыліся, пальцы былі ў лягеры, а бацька быў там.

«Ён хоча, каб мы дакрануліся», — сказаў Лёччык.

«Табе сюды нельга», — сказала Лёся, кідаючы на бацьку ўмольны — ён ніколі ня бачыў яе такой — позірк і ўвесь час азіраючыся. — «І нам ужо трэба быць на пляцоўцы. У нас сёньня конкурс, мы рыхтаваліся!»

Дзіўна, але Лёччык пра гэта забыўся. Песьня, якую яны развучвалі. Па песьні былі раскіданыя такія хітрыя словы, аб якія хоцькі-няхоцькі, а спатыкнешся. Напрыклад, «прішчур». Ён увесь тыдзень трэніраваўся. Прішчюр. Прішчюр. Сонца прішчюр. «Прашчюр» — гэта ён мог сказаць, а «прішчюр» — толькі да болю напружыўшы сківіцу.

«Маўчыце!» — таропка загаварыў бацька, сьціснуўшы сетку пальцамі. — «Робім усё хутка, моўчкі і слухаем мяне. Гэта Каця, яна…»

Ён неяк жаласьліва, як ім падалося, паглядзеў на жанчыну. «Яна нам дапамагае. А цяпер счакайце крыху…»

І тая Каця нечакана выцягнула са свайго заплечніка вялікія нажніцы, падобныя да тых, што яны бачылі ў Кабінэце — тыя кабінэтныя нажніцы віселі на сьцяне, разьвёўшы ў бакі свае клюшні, доктар ніколі іх не здымаў, але яны чамусьці кожнага разу прыцягвалі позірк Лёччыка. Каця сунула нажніцы бацьку, бацька выпусьціў іх з рук, упаў на калені, падняўся, нажніцы ў яго руках ажылі, заляскалі — ён вельмі сьпяшаўся. Колькі яны яго памяталі, ён заўсёды сьпяшаўся. Бацька ўхапіў нажніцы дзьвюма рукамі і пачаў рэзаць сетку.

Гэта было цяжэй, чым ён думаў — бацька адсопваўся, выціраў з ілба пот, верхняя губа сьмешна танчыла ў яго пад носам. Час ад часу ён умольна пазіраў то на Лёччыка, то на Лёсю, быццам просячы ў іх дапамогі, але яны моўчкі стаялі і глядзелі, як ён мучыцца. А Каця ўважліва разглядвала іх, раз-пораз нэрвова азіраючыся. Лёччыку таксама здавалася, што на шум зараз нехта прыбяжыць. Хтосьці з важатых. Чым гэта скончылася б, Лёччык стараўся ня думаць. Можа, крывёй.

«Ну што там, што? Што ты там корпаешся?» — ня вытрымала Каця, адганяючы камароў. — «Ты што, забыў…»

«Зараз», — прастагнаў бацька. Нажніцы саскоквалі і ня слухаліся. — «Зараз мы яго. Зараз. Раз!»

Лёся паглядзела на Лёччыка.

Лёччык паглядзеў на Лёсю.

Яны ўздыхнулі, узяліся за рукі і паволі пайшлі да бацькі. Сетка ўчапілася ў Лёччыкаву футболку, але Каця асьцярожна вызваліла яго — як стрэмку выцягнула.

«Усё будзе добра», — сказаў бацька. — «Я люблю вас. Цяпер мы ўжо ніколі…» І ён заплакаў, ляскаючы нажніцамі. Каці давялося вырваць іх у яго з рук. «Канчайце гістэрыку», — сказала яна і падхапіла заплечнік. — «Часу няма! Потым, потым!»

І вось яны ўжо беглі па ўзгорку, Каця, за ёй бацька, які трымаў за руку Лёччыка, і за імі Лёся, і лес рабіўся ўсё радзейшы, і аднекуль ужо чулася, як працуе трактар. Яны зьбеглі ўніз, пераскокваючы раўчукі і наступаючы на пні, і выскачылі на дарогу. Тут, зарыўшыся тварам у кусты, стаяла машына — нагрэты сонцам легкавік, унутры якога біўся тоўсты авадзень. Адчыненыя дзьверы не зрабілі на яго ніякага ўражаньня. Так яны і рванулі зь месца з аваднём, што насіўся між імі, бы шалёны, і пагналі па лясной дарозе, забраўшы з сабой задуху і ігліцу на лабавым шкле, якая ніяк не хацела абсыпацца, як ні трэсла машыну на купінах і лясным ламаччы.

Лёччык і Лёся сядзелі на заднім сядзеньні і глядзелі, як за вокнамі скача лес, і Лёччыку здалося, што ён на нейкі момант разгледзеў сетку, якая прамільгнула сярод дрэваў. Гэта быў вялікі лягер. Лягер, у якім цяпер ёсьць дзірка. Роўна такой вышыні, каб прапусьціць скрозь сябе дзіця. І праз гэтую дзірку ў лягеры цяпер маглі адбыцца самыя розныя падзеі.