Выбрать главу

Трактар зьявіўся перад імі на дарозе, як здань. Намаляваўся ў паветры і спыніўся проста перад іхнай машынай. Трактарыст не выходзіў з кабіны, глядзеў на іх з Кацяй, чакаў. Да трактара быў прычэплены даўгі пусты кодаб, у якім, відаць, трактарыст вазіў бярвеньне. Бацька кінуўся да кабіны, замахаў рукамі — і толькі тады трактарыст нехаця зьлез, безь ніякай цікавасьці выслухаў таропкія бацькавы тлумачэньні, палез назад, пачаў размотваць трос. Трактарыст не глядзеў на бацьку, толькі на Кацю, нядобра так паглядаў, насьмешліва, а бацька глядзеў на палец і нічога ня мог з сабой зрабіць. Седзячы на пні, Каця ўтаропілася ў лес, і яму гэта не падабалася. Бацьку хацелася расказаць ёй пра палец. І так і карцела спытаць у трактарыста, як яму жывецца з такім атожылкам на руцэ.

Калі б трактарыст жыў у горадзе, ён мог бы запісацца на апэрацыю. Лішні палец адрэзалі б, на руцэ застаўся б шнар. Але ніхто не глядзеў бы табе на рукі, быццам ты цуд прыроды. Езьдзяць жа і такія трактарысты ў сталіцу. Ходзяць па праспэкце, тоўпяцца на рэчавых рынках, фатаграфуюцца каля помнікаў, заказваюць два па сто і піва ў самых пошлых шынках. Пахнуць недамытай акуратнасьцю. Чаму ён не абрэжа гэты абрубак? Задорага? Баіцца хірургаў? А ты не баішся? А ты лёг бы пад ножык? Адкладае на потым, на заўтра, на канец жыцьця? Ці — ганарыцца ўпотай? Бо трэба ж хаця б чымсьці быць непадобным да іншых? Карцінкай у шкле кабіны: ва ўсіх там бабы голыя, а ў яго — партрэт каратыста з чорным поясам?

А можа, ён ужо наважыўся. І заўтра, колючы дровы, прыме сто грам, закусіць цёплым, намазаным сонцам памідорам, пакладзе палец на бервяно, адвядзе вочы і — усё. Толькі мянушка застанецца.

«Што?» — сказаў трактарыст, папляваўшы на далоні. — «Панясьлісь?»

Трактарыст закурыў, стоячы на падножцы, трактар запыхкаў, загуў, аб’ехаў машыну, ломячы кусты. На тое, каб падчапіць іх, разьвярнуць і дацягнуць да бліжэйшае вёскі, пайшла цэлая гадзіна. Пра дзяцей, пра тое, як ён і Каця некалькі гадзін блукалі па лесе і, забыўшыся на асьцярожнасьць, сарвалі сабе галасы, пра тое, як заблудзілі і ім самім давялося шукаць машыну, бацька трактарысту нічога не сказаў. І вясковы майстар, які за некалькі хвілін вярнуў іхную зьдзічэлую, запыленую машыну ў прытомнасьць, таксама не выклікаў у бацькі даверу. Ён ужо нікому ня верыў, апрача Каці. А Каця маўчала і хмурыла бровы. Жоўтавалосая, з чорнымі насупленымі бровамі і тонкім носам, яна чагосьці баялася, і гэта было так непадобна на ўчорашні вечар, калі яны апошні раз абмяркоўвалі ўсе падрабязнасьці і магчымыя пасткі, і на раніцу, калі яны выехалі з гораду, халодныя і ўпэўненыя, як жалеза. І на ноч, калі Каця была такой пяшчотнай, як ніколі. Ён сьціснуў зубы, каб не даваць волю сьлязам. Каця моўчкі заплаціла майстру і трактарысту, і яны зноў выехалі на шашу, якая зьдзекліва павітала іх ужо знаёмымі знакамі і ўказальнікамі.

«Колькі ты ім дала?»

«Якая розьніца».

Да хутару, схаванага ў балотах і не пазначанага ні на воднай мапе, куды ён зьбіраўся прывезьці дзяцей, адсюль і праўда заставалася кілямэтраў пад дзевяноста. Але хутар на сёньня адмяняўся — які быў сэнс туды ехаць: бязь Лёччыка, бязь Лёсі, без таго, дзеля чаго яму хацелася дзейнічаць, жыць, змагацца. Блуканьне ў лесе змарыла іх з Кацяй так, што яны пачалі засынаць, добра яшчэ, што ў яго неўпрыкмет абгарэла шыя, і ён ня мог дакрануцца ёй да сядзеньня.

За вокнамі цямнела. Дзень зрабіўся карацейшы. У гэты час плянавалася ня толькі даўно быць на хутары, але і распаліць вогнішча, пакарміць дзяцей, абняць іх і сьпяваць усім разам, седзячы на беразе возера, якую-небудзь іхную любімую песьню. І каб галава ляжала на Каціных каленях, і каб зоркі над галавой, а галасы Лёччыка і Лёсі зусім блізка, над вухам. А далей… Далей ён пакуль не прыдумаў.

«Захварэў мой мілы коцік, Наракае на жывоцік…»

Або гэтую — пра Уліса: «будуць сакатаці, што сыночку даці»… Бацька пачаў напяваць сабе пад нос, чакаючы, што Каця падхопіць. Не падхапіла. Стамілася. Дзень быў цяжкі.

На ўдалечыні яшчэ сьветлае, фальшыва-бадзёрае неба выпаўз месяц. Паехаў за імі, не адстаючы, але трымаючы дыстанцыю. Адзінокая фара. Месяц — гэта матацыкл. Напэўна, такі мае на падворку той лясны чалавек з шостым пальцам. Месяц — начны, нябесны матацыкліст, які едзе ў туман і зьнікае за паваротам на Новы Дзень. Як добра ён прыдумаў. Месяц…

У ягоным суправаджэньні яны дабраліся да мястэчка, праехалі, асьцярожна намацаўшы фарамі, мост. Вуліца 17 верасьня. Плошча Леніна — якога нідзе не было відаць. Касьцёл, царква, Дом культуры. Аўтастанцыя, на якой стаяў самотны мікрааўтобус. Тоўсты мужык, які круціўся побач, правёў іх поглядам і працягваў цярпліва выглядаць у раньніх прыцемках магчымых пасажыраў.