«Тут ёсьць яшчэ… людзі?»
«Нет. Только москвичи, ваши соседи».
Словы пра туалетную паперу ён адразу ж прыгадаў, калі адамкнуў расхістаны замок і ўключыў сьвятло. Цьмяная лямпачка асьвяціла панылы, цесны пакой, жоўты, як кветкі ў руках Маргарыты. За ружовымі фіранкамі чуліся вясёлыя галасы наведнікаў «Императора Павла». Ля сьцяны стаяў ложак, па-салдацку засьцелены запранай, зацыраванай, сірочай бялізнай. На прасьціне цямнела вялікае кляймо турэмнага колеру зь нечытэльнай абрэвіятурай. Зашмальцаванае лякаванае дрэва ложка ўбога паблісквала і нагадвала пра тое, што добра спаць — значыць марнаваць працадні. На канцылярскім стале, па-майстэрску зробленым зь іншых канцылярскіх сталоў самага рознага ўзросту і колеру, стаяла ідэальна чыстая попельніца, у якой хацелася ўтапіцца. А з кута на бацьку глядзеў спадылба чорны тэлевізар. Хочаш, паваражу? — казаў ён. Уключы мяне, загадваў ён. Ты памрэш, абяцаў ён. Ты ўжо памёр, канстатаваў ён.
У пакоі пахла надзейна схаванымі шкарпэткамі, патрыятызмам і хлёркай. І ва ўсім гэтым быў дух такой галечы, такой непавагі і такой роспачы, што бацька нават ня стаў садзіцца — так і замёр, стоячы проста пад лямпачкай, у якой танчыў на сваіх вуглях яе стомлены раб, маленькі, танюсенькі залаты чалавечак. Нават лінолеўм пад нагамі адчуваць было непрыемна — ён ляжаў крыва і напаўзаў на прагнілы плінтус, як садраная насьпех шкура вялікай і хворай жывёліны.
Гасьцініца, каб паміраць. Усё тут гаварыла зь ім, пасьпешліва, навыперадкі, гаварыла пра ўбоства і асуджанасьць, пра тое, што нічога не атрымаецца, выйсьця няма і ня будзе. Гатэль для тых, хто вырашыў сысьці з жыцьця. Таму туалетная папера і «не ўваходзіць». Нашто самагубцам папера? Можа, ім яшчэ сьметніцы паставіць, і вільготныя сурвэткі на стале пакінуць? Мёртвыя ня какаюць.
Бацька падумаў, што гэтая гасьцініца ў мястэчку — ідэальнае месца для расчараваных паэтаў і мастакоў, якія бавяць сваю апошнюю ноч. Калі ў вялікім горадзе, ва ўтульнасьці і неспакоі іхных кватэраў цяжка прыняць рашэньне — дык тут і праўда адразу ж разумееш, што ў цябе нічога ня выйшла і ісьці далей ня мае сэнсу. Прытулак для зьнявераных. Можна ўявіць сабе, як гэта — прачынацца з пахмельля ў гэтым пакоі восеньскай раніцай, калі яшчэ не ўключылі ацяпленьня і нудны дождж залівае шыбіны. Менавіта тут жыве і працуе яна — безнадзейнасьць. І ў яе руках ключы ад усіх пакояў.
Ён выскачыў з пакоя, спусьціўся ўніз, адміністратарка ўсё так жа нерухома сядзела пад сьвятлом настольнай лямпы, нібы надзеўшы яе сабе на галаву. У «Императора Павла» ён узяў сабе гарэлкі — тут гулялі штосьці, можа, нават вясельле: і кожны з гасьцей мог быць жаніхом або нявестай. Але яго пасадзілі і прынесьлі столькі хлеба, што ім можна было накарміць усіх тутэйшых галубоў, і салата была досыць смачнай, і крумканьне галасоў пасьля першых ста грамаў сышло некуды на той бок сэрца, і ўжо ня так раздражняла. Ён схадзіў пакурыць, пастаяў воддаль нейкай кампаніі, якая пазірала на яго з інтарэсам, але без варожасьці. Вярнуўся, сеў, замовіў яшчэ гарэлкі — дзіўна, ён прайшоў скрозь натоўп, не дакрануўшыся ні да воднага локця, ні да воднай сьпіны або рукі, быццам усіх гэтых людзей ён выдумаў сам.
«Дзевачьку не хаціце?» — спытаў нехта, нахіліўшыся да ягонага вуха, і бацька зноў, як нядаўна, у гасьцініцы, замахаў рукамі, так і не разглядзеўшы, хто зьвярнуўся да яго з прапановай. Давялося аддыхацца, супакоіцца, перш чым зноў узяцца за кілішак. Дзевачька — а ён і праўда ўявіў сабе дзяўчынку. Малое такое дзяўчо, зьмерзлае, галоднае, з агромністымі вачыма, у кожным зь якіх стаяў ён сам, п’яны, з бліскучай ад тлушчу ніжняй губой. Яму нельга шмат піць, заўтра трэба нешта зрабіць, знайсьці грошы, разабрацца з машынай, вярнуцца на лясную дарогу, ісьці ў гушчар, які ня мае ні адрэсы, ні сьценаў, ні вокнаў. Шукаць Лёсю і Лёччыка, знайсьці і давесьці задуманае да канца — уратаваць сваіх дзяцей. Дзевачька… Дзяўчынка. Дзяўчынка — слова чыстае, як вада, дзяўчынка можа быць толькі дачкой, сваёй або чужой. Гэта на Языку дзевачька — істота з ухмылкай, з коштам на грудзях, працавітая жанчына, прадукт. Мова расстаўляе свае пасткі, мова наогул. Ва ўсім, калі задумацца, была вінаватая толькі яна — мова.
Ён вярнуўся ў гасьцініцу і, скаланаючыся ад непазьбежнасьці вяртаньня ў непрытульны пакой, адамкнуў дзьверы. Недзе за сьцяной хадзілі масквічы, хадзіла іхнае маскоўскае мэтро, хадзілі куранты, хадзілі ходзікі і хадакі. Што робяць тут масквічы? Езьдзяць па лясах, прыглядваюць сабе лецішчы, гойсаюць па навакольлі, няўлоўныя, бо як можна злавіць расею. І цалкам магчыма, што заўтра, едучы па шашы, яны падбяруць дваіх малых, што будуць брысьці па ўзбочыне — пасадзяць у сваю машыну, палятуць на ўсход, пасьмейваючыся з маўчаньня гэтых загарэлых, непрыветных дзяцей; кожная расейская машына — прасторная, як Сібір, небясьпечная, як невядомасьць.