Выбрать главу

Жуль Верн

Дзеці капітана Гранта

ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ

ДЗІЦЯЧАЯ ЛІТАРАТУРА

МЕНСК — 1938

Пераклад з другога рускага выдання: Гр. П. Кутылоўскага

Вокладка мастака: Р. Л. Кроль

Рэдактар: Неміро

Тэхрэдактар: І. Мілешка

Літпраўка: Паслядовіч

Карэктар: Нэйфах

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

Молат-рыба

Дваццаць шастога ліпеня 1864 года пры свежым норд-осце па водах паўночнага канала шпарка імчалася цудоўная яхта. На верхавінцы яе бізані развяваўся англійскі флаг, а на грот-мачце быў відаць брэйд-вымпел[1] з вышытымі золатам ініцыяламі «Э. Г.».

Яхта гэта мела назву «Дункан». Яна належала Эдуарду Гленарвану, ганароваму члену вядомага ўсяму Злучанаму каралеўству[2] Темзінскага яхт-клуба. На барту яхты знаходзіліся: сам гаспадар яхты, яго маладая жонка, Элен Гленарван, і стрыечны брат — маёр Мак-Набс.

Толькі што спушчаны са стапеляў верфі, «Дункан» заканчваў пробную паездку па Клайдскаму заліву і цяпер варочаўся ў свой порт — Глазго. На гарызонце ўжо вырысоўваўся сілуэт вострава Арэна, калі вахценны матрос далажыў, што за кармой плыве нейкая вялікая рыба. Капітан Джон Мангльс адразу сказаў аб гэтым гаспадару яхты.

Падняўшыся на палубу разам з маёрам Мак-Набсам, Гленарван запытаў у капітана, што гэта за рыба.

— Я думаю, што гэта вялікая акула, сэр.

— Акула ў гэтых водах? — недаверліва ўсклікнуў Гленарван.

— Так. У гэтым няма нічога дзіўнага,— пацвердзіў капітан. — Гэтая акула належыць да віду, які сустракаецца ва ўсіх морах і пад усімі шыротамі. Гэта молат-рыба. Калі вы дазволіце, мы паспрабуем злавіць яе; гэта забавіць місіс Гленарван і вырашыць нашы сумненні.

— Якая ваша думка, дарагі Мак-Набс? — запытаў Гленарван. — Ці варта займацца гэтай лоўляй?

— Наперад згодзен з вашым рашэннем,— флегматычна адказаў маёр.

Капітан Мангльс загаварыў зноў:

— Я хачу яшчэ дадаць, што гэтых небяспечных драпежнікаў неабходна ўсюды знішчаць. Прапаную скарыстаць гэты выпадак, каб адначасова паглядзець цікавае відовішча і зрабіць карысную справу.

— Добра, Джон,— сказаў Гленарван,— пачынайце!

Ён паслаў па жонку. Элен, зацікаўленая маючым быць спектаклем, зараз-жа паднялася на палубу.

З капітанскага мосціка добра былі відаць усе рухі вялізнай драпежніцы. Яна то нырала ў празрыстую ваду, то вельмі хутка рушыла следам за яхтай.

Джон Мангльс зрабіў неабходныя загады, і праз кароткі час матросы кінулі ў ваду тоўсты канат з крукам на канцы, на які быў начэплен вялікі кавалак сала.

Акула, якая хоць і знаходзілася на адлегласці пяцідзесяці ярдаў[3], адразу ўчула прынаду і стралой рушыла да яе. Цяпер выразна можна было бачыць, як моцна б'юць у вадзе яе плаўнікі, шэрыя па канцах і чорныя ля асновы. Па меры таго як яна набліжалася да прынады, яе велізарныя пукатыя вочы разгараліся прагнасцю, а пашча з чатырма радамі густых зубоў шырока разявілася. Галава акулы мела форму двубаковага малатка, насаджанага на рукаятку. Джон Мангльс не памыліўся: гэта сапраўды была самая драпежная і пражэрлівая прадстаўніца атрада акулападобных — молат-рыба.

Пасажыры і каманда «Дункана» з надзвычайнай цікавасцю сачылі за кожным рухам акулы. Хутка драпежніца апынулася каля самага крука; яна перавярнулася на спіну, каб зручней было праглынуць сала, і прынада ўмомант знікла ў яе вялізнай пашчы. У гэты-ж час, ірвануўшы канат, акула сама сябе «накалола» на крук, і матросы пачалі выцягваць яе з вады пры дапамозе блокаў, прымацаваных да канца грот-рэі.

Акула сударажна пачала кідацца ва ўсе бакі, адчуўшы, што яе выцягваюць з роднай стыхіі. Але гэта не спалохала матросаў; яны хутка справіліся з яе шалам, накінуўшы ёй на хвост мёртвую пятлю. Яшчэ праз некалькі секунд акулу паднялі на палубу. Зараз-жа да яе асцярожна падышоў матрос і, выбраўшы зручны момант, адным ударам сякеры адсек страшны хвост.

Лоўля скончылася. Драпежніца цяпер не ўяўляла ніякай небяспекі. Нянавісць маракоў да акул была задаволена, але не іх цікаўнасць. Сапраўды, на караблях увайшло ў звычай глядзець, што ёсць у страўніках злоўленых акул. Ведаючы пражэрлівасць гэтых драпежніц, матросы спадзяюцца на самыя нечаканыя знаходкі і часта не памыляюцца ў сваіх разліках.

Элен Гленарван не пажадала прысутнічаць пры гэтым агідным відовішчы і вярнулася да сябе ў каюту.

Акула яшчэ была жывая. Гэта быў буйны экземпляр, даўжынёй у дзесяць футаў і вагой у шэсцьсот фунтаў. І вага і памеры злоўленай драпежніцы былі нармальнымі для гэтай рознавіднасці акулы, адной з найбольш небяспечных.

вернуться

1

Брэйд-вымпел — узкі, доўгі, раздвоены на канцы сцяг.

вернуться

2

Злучанае каралеўства — Вялікабрытанія.

вернуться

3

Адзін ярд роўны 0,9144 метра.