Джон Мангльс быў выхаванцам сям’і Гленарванаў. Ён паспеў ужо зрабіць некалькі дальніх плаванняў, у час якіх неаднаразова даводзіў сваю стрыманасць, смеласць, энергічнасць, распарадчасць і спрытнасць.
Калі Эдуард Гленарван прапанаваў яму камандаванне яхтай «Дункан», ён з радасцю прыняў гэта запрашэнне, бо любіў уладара Малькольм-Кэстля, як роднага брата.
Памочнік капітана, Том Аусцін, быў старым мараком, надзвычайным знаўцам марской службы. Дваццаць пяць чалавек, уключаючы ў гэты лік капітана і яго памочніка, складалі экіпаж «Дункана». Усе яны былі ўраджэнцамі графства Думбартон і вопытнымі маракамі; яны ўтварылі на барту судна сапраўдны клан[13], у якога быў нават свой традыцыйны bag-рірег[14]. Гленарван меў у асобе каманды яхты цэлы атрад смелых, вельмі адданых яму людзей, якія гэтак-жа ўмела абыходзіліся са зброяй, як і па службе на судне, гатовых ісці за ім куды хочаш, не зважаючы на небяспеку.
Калі экіпаж «Дункана» даведаўся, куды і чаго паплыве яхта, ён не мог стрымаць радасці, і рэха думбартонскіх цяснін было абуджана крыкамі «ура».
Джон Мангльс, хоць ён і быў заняты падрыхтоўкай судна і пагрузкай прыпасаў, не забыў паклапаціцца аб належнай падрыхтоўцы к дальняму плаванню прызначаных для Эдуарда і Элен Гленарван памяшканняў на яхце. Адначасова ён падрыхтаваў каюты для дзяцей капітана Гранта, бо Элен не магла адмовіць Мэры Грант і дазволіла ўдзельнічаць у экспедыцыі на «Дункане»..
Што да Роберта, дык хлопчык гатовы быў на ўсё, каб трапіць на яхту. Ён не адмовіўся-б ні ад якой работы, абы толькі не застацца на беразе. Ці можна было пярэчыць просьбам гэтага энергічнага маленькага чалавечка? Гленарваны і не спрабавалі рабіць гэта. Ім давялося нават выканаць настойлівае патрабаванне Роберта — прыняць яго на яхту не ў якасці пасажыра, а ў якасці члена экіпажа: вучня юнгі ці матроса — для яго было аднолькава. Джону Мангльсу было даручана навучыць хлопчыка рамяству марака.
— Вельмі добра,— сказаў Роберт, пачуўшы гэта. — Толькі скажыце капітану, каб ён не скупіўся на ўдары кошкай[15], калі я буду дрэнным вучнем.
— Не турбуйся, мой хлопчык,— з сур’ёзным выглядам сказаў яму Гленарван, змаўчаўшы аб тым, што дзевяціхвостая кошка забаронена ва флоце, а на «Дункане» яна была-б непатрэбнай нават і без гэтай забароны.
Каб закончыць пералік будучых пасажыраў яхты, застаецца спамянуць маёра Мак-Набса. Гэта быў чалавек гадоў пяцідзесяці, з правільнымі рысамі заўсёды спакойнага твара, маўклівы, ціхамірны і добры, заўсёды гатовы пайсці туды, куды яго пасылаюць. Ён заўсёды згаджаўся з усімі і ва ўсім, ніколі ні з кім не сварыўся і не траціў стрыманасці. Ён аднолькава спакойна падымаўся па лесніцы ў свой пакой і па скату траншэі, якую абстрэльваў непрыяцель. Яго нішто на свеце не магло растрывожыць, нават гарматнае ядро, якое ляціць проста на яго, і, напэўна, яму суджана было памерці, ні разу не раззлаваўшыся. Гэты чалавек быў у поўным сэнсе слова храбрым. Адзіным слабым месцам у яго быў праз меру шатландскі патрыятызм. Ён быў шчырым прыхільнікам старадаўніх звычаяў сваёй радзімы. Таму яго ніколі не спакушала служба ў англійскай арміі, і свой чын маёра ён атрымаў у 42-м палку горнай гвардыі, які цалкам складаўся з шатландцаў. Як блізкі сваяк Мак-Набс стала жыў у Малькольм-Кэстлі, а як былы ваенны палічыў зусім натуральным прыняць удзел у экспедыцыі.
Такі быў асабовы склад яхты, закліканай нечаканымі абставінамі здзейсніць адно з самых выдатных падарожжаў нашых дзён. З таго часу як «Дункан» адшвартаваўся каля параходнай прыстані Глазго, ён не пераставаў служыць прадметам агульнай цікавасці. Штодзённа яго наведвалі цэлыя натоўпы людзей. У горадзе толькі і гаварылі пра паравую яхту Эдуарда Гленарвана, так што капітаны іншых параходаў адчувалі сябе пакрыўджанымі. Асабліва абураўся на такую несправядлівасць публікі Бертон, капітан цудоўнага парахода «Шатландыя», які стаяў побач з «Дунканам» і рыхтаваўся адплыць у Калькуту.
Велізарная «Шатландыя» мела права глядзець на маленькую яхту, як на нікчэмны катэр. Тым больш крыўдна было капітану Бертону, што «Дункан» прыцягваў да сябе з дня на дзень усё ўзрастаючую цікавасць жыхароў Глазго.
Тым часам дзень адплыцця «Дункана» набліжаўся. Джон Мангльс зноў праявіў сябе вынаходлівым і ўмелым капітанам. Праз месяц пасля выпрабавання ў Клайдскай затоцы «Дункан» з напоўненымі вугалем ямамі і поўнымі складамі яды, быў гатовы адплыць у дальнія моры.