Калі планы Гленарвана сталі вядомымі, шмат хто ўказваў яму на труднасці і небяспеку задуманай ім экспедыцыі. Але ён не звяртаў увагі на гэта. Аднак, многія з тых, хто спрабаваў яго адгаварыць ад экспедыцыі, у душы захапляліся ім. Грамадская думка была цалкам на баку Гленарвана, і ўсе газеты, за выключэннем, вядома, урадавых, аднадушна асуджалі паводзіны лордаў адміралцейства ў гэтай справе.
Але Эдуард Гленарван быў аднолькава не чулым як да пахвал, так і да асуджэння. Ён рабіў сваю справу і зусім не клапаціўся аб усім астатнім.
Дваццаць чацвертага жніўня Гленарван, Элен, маёр Мак-Набс, Мэры і Роберт Грант, містэр Ольбінет, буфетчык і яго жонка — пакаёўка Элен — пакінулі Малькольм-Кэстль пасля чуллівага развітання з хатнімі. Праз некалькі гадзін яны ўжо былі на барту яхты.
Насельніцтва Глазго наладзіла цёплы прыём смелай маладой падарожніцы, якая адмовілася ад радасці багатага жыцця, каб рушыць на выратаванне гінучых людзей.
Памяшканне, якое займалі Гленарван на «Дункане», знаходзілася на карме. Яно складалася з салона і двух спалень, сумежных з ваннымі пакоямі. На карме-ж знаходзілася агульная зала, у якую выходзілі дзверы шасці кают. Пяць з іх былі заняты Мэры, Робертам, містэрам Ольбінетам, яго жонкай і маёрам Мак-Набсам. Каюты Джона Мангльса і Тома Аусціна знаходзіліся ў цэнтральнай частцы яхты, і дзверы іх выходзілі на палубу. Памяшканне каманды знаходзілася на носе яхты. Яно было выгодным і прасторным, бо «Дункан» не быў камерцыйным судном і не меў іншых грузаў, апрача запасаў вугалю, яды і зброі.
«Дункан» павінен быў выйсці ў мора ў тры гадзіны раніцы, ноччу з 24 на 25 жніўня, калі пачынаецца адліў. У адзінаццаць гадзін ночы ўсе ўдзельнікі экспедыцыі сабраліся на барту яхты. Джон Мангльс і Том Аусцін заняліся апошнімі падрыхтаваннямі да ад’езду.
Роўна апоўначы быў распалены агонь у топках: капітан загадаў набраць пары. Неўзабаве клубы чорнага дыму вырваліся з труб яхты і павіслі ў тумане ночы. Парусы «Дункана» былі старанна запакаваны ў чахлы, каб не закурыліся; дзьмуў паўднёва-заходні сустрэчны вецер, і яны ўсёроўна былі-б бескарысныя.
У дзве гадзіны ночы корпус «Дункана» задрыжэў ад ціску пары. Стрэлка манометра падпаўзла да чатырох атмасфер. Перагрэтая пара засвістала ў клапанах. Мора застыла на адным узроўні: прыліў скончыўся, а адліў яшчэ не пачынаўся. Бледнае святло золаку дазваляла разгледзець у вадзе каменныя вехі, якія адзначалі фарватэр. Аганькі бакенаў ужо цмелі ў праменнях надыходзячага дня. Можна было выпраўляцца ў дарогу.
Джон Мангльс загадаў папярэдзіць аб гэтым Гленарвана. Той зараз-жа падняўся на палубу.
Як толькі пачаўся адліў, «Дункан» страсянуў паветра магутным рыкам свайго гудка, аддаў канцы і адплыў ад прыстані. Вінт яхты круціўся ўсё больш шпарка і хутка вывеў яе на сярэдзіну канала.
Джон Мангльс не ўзяў лоцмана; ён добра ведаў усе звіліны Клайдскай затоцы, і ніхто лепш за яго не здолеў-бы правесці па ім судно. Яхта слухалася кожнага руху свайго маладога капітана. Правая рука яго ляжала на рукаятцы машыннага телеграфа, левая — на штурвале. Хутка апошнія заводы Глазго змяніліся прыгараднымі віламі, маляўніча раскіданымі на спадах узбярэжных узгоркаў, і шум вялікага горада заціх у далечыні. Праз гадзіну «Дункан» прайшоў пад думбартонскімі скаламі. Яшчэ праз дзве ён ужо быў у Клайдскай затоцы. У шэсць гадзін раніцы ён абышоў Кантырскі мол і вышаў з Паўночнага канала ў адкрыты акіян.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
Пасажыр каюты № 6
У гэты першы дзень плавання мора было даволі бурным; пад вечар падзьмуў свежы вецер. «Дункан» моцна гойдала. Жанчыны не выходзілі на палубу і цэлы дзень праляжалі на ложках у сваіх каютах.
Але на другі дзень вецер крута змяніў свой кірунак. Капітан Джон загадаў паставіць фок, брамсель і марсель, і «Дункан» пачало менш гойдаць. Дзякуючы гэтаму Элен і Мэры з самай раніцы маглі падняцца на палубу і далучыцца да Гленарвана, маёра і капітана.
Усход сонца быў цудоўны. Вогненны шар, падобны да пазалочанага металічнага дыска, падымаўся з акіяна, нібы з гіганцкай гальванічнай ванны. «Дункан» слізгаўся па вясёлкавых грэбнях хваль, і здавалася, што яго парусы надзімаліся не ветрам, а сонечнымі праменнямі.
Пасажыры яхты з пачцівым маўчаннем любаваліся ўсходам прамяністага свяціла.
— Якое дзівоснае відовішча! — сказала ўрэшце Элен. — Усход сонца абяцае пагодлівы дзень. Каб толькі вецер не змяніў свайго напрамку і застаўся спадарожным!
— Так,— адказаў Гленарван. — У нас няма падстаў скардзіцца на такі пачатак плавання!