— Як доўга працягнецца пераход, Эдуард?
— На гэта вам адкажа капітан Джон,— сказаў Гленарван. — Ці добры ход у «Дункана», Джон? Ці здаволены вы сваім судном?
— Вельмі здаволены, сэр — адказаў капітан. — Гэта выдатнае судно, і кожны марак быў-бы рад камандаваць ім. Надзвычайная канструкцыя корпуса і самая дасканальная машына! Яхта лёгка ўцякае ад хвалі. Мы бяжым зараз з хуткасцю семнаццаці міль у гадзіну. Калі гэткая хуткасць будзе і ў часе ўсяго пераходу, мы дасягнем мыса Горн раней, чым за пяць тыдняў.
— Чуеце, Мэры? — сказала Элен.— Менш, чым за пяць тыдняў!
— Так, пані,— адказала дзяўчына,— я чула, і сэрца ў мяне моцна забілася ад слоў капітана.
— А як вы адчуваеце сябе, Мэры? — запытаў Гленарван.
— Нядрэнна, містэр Гленарван. Я спадзяюся, аднак, хутка прывыкнуць да новых умоў.
— А наш маленькі Роберт?
— О, Роберт! — адказаў Джон Мангльс. — Калі ён не забраўся ў машыннае аддзяленне, значыць, ён тырчыць дзе-небудзь на верхавіне мачты! Гэты хлопчык насміхаецца над марской хваробай. Дарэчы, вось і ён. Глядзіце!
Усе позіркі накіраваліся ў той бок, куды паказаў рукою капітан, к фок-мачце. На канцы рэі рассеўся Роберт, гойдаючы нагамі над бяздоннем.
Мэры не здолела стрымацца ад трывожнага руху.
— О, не турбуйцеся, міс Мэры,— сказаў капітан. — Я ручаюся вам, што ён не сарвецца з рэі! Абяцаю вам у недалёкім будучым прадставіць капітану Гранту сапраўднага марскога ваўчка! Бо я не сумняваюся, што мы хутка знойдзем вашага паважанага бацьку!
— О, каб гэта было так! — адказала дзяўчына.
— Усё гаворыць за шчаслівы канец нашай экспедыцыі,— сказаў Гленарван. — Зірніце на малайцоў, якія ўзяліся за гэтую справу! Маючы такіх памочнікаў, можна паручыцца, што мы не толькі даб’ёмся поспеху, але і што поспех дастанецца нам без цяжкасці! Я абяцаў Элен зрабіць з ёй вясёлую марскую прагулку, і мне здаецца, што гэта абяцанне я выканаю.
— Эдуард,— усклікнула Элен,— вы лепшы з людзей!
— Гэта не так, але ў мяне лепшы з экіпажаў і лепшы з караблёў. Няўжо вы не захапляецеся нашым «Дунканам», Мэры?
— Наадварот, сэр,— адказала маладая дзяўчына.— Я захаплюся ім не толькі як пасажырка, але і як знаўца.
— Ах, вось як!
— Я з часоў дзяцінства заўсёды бывала на караблях бацькі. Ён павінен быў-бы зрабіць з мяне марака... Калі спатрэбіцца я магу ўзяць рыф ці паставіць парус.
— Што вы кажаце, міс Мэры? — крыкнуў Джон Мангльс.
— О, калі так,— сказаў Гленарван,— я не сумняваюся, што вы пасябруеце з капітанам Джонам. Для яго няма на свеце годнасці вышэй, чым годнасць марака. Ён не ведае лепшага нават для жанчыны! Ці не праўда, Джон?
— Вядома, сэр,— адказаў малады капітан. — Я скажу, што для міс Грант болей падыходзіць сядзець спакойна на палубе, чым браць рыфы, забраўшыся на рэю фока, але ўсё-ж мне прыемна чуць яе словы!
— Асабліва калі яна захапляецца «Дунканам»,— жартаўліва заўважыў Гленарван.
— Яхта безумоўна заслугоўвае таго, каб ёй захапляліся,— запярэчыў Джон.
— Ведаеце, Джон,— сказала Элен,— вы так расхвальваеце сваё судно, што мне захацелася агледзець яго зверху да нізу і заадно зірнуць, ці выгодна размясціліся матросы ў сваім памяшканні.
— Вельмі выгодна,— адказаў Джон. — Яны адчуваюць там сябе не горш, чым дома.
— І яны сапраўды дома,— заўважыў Гленарван. — Гэта яхта — куток нашай добрай, даўняй Шатландыі. Гэта кусок Думбартонскага графства, які плыве па морах. Знаходзячыся на «Дункане», мы не пакідаем радзімы. «Дункан» — гэта Малькольм-Кэстль, а акіян — возера Ламонд!
— У такім выпадку, Эдуард, пакажыце нам ваш замак,— адказала Элен.
— З радасцю,— сказаў Гленарван,— толькі дазвольце мне спачатку даць распараджэнне Ольбінету.
Буфетчык яхты быў выдатным знаўцам сваёй справы. Ён паспяшыў з’явіцца па выкліку свайго гаспадара.
— Ольбінет, мы ідзем на прагулку,— сказаў Гленарван такім тонам, нібы размова ішла аб прагулцы к возеру Катрын ці к гары Гарбет. — Спадзяюся, пасля прыходу мы будзем мець снеданне на стале.
Ольбінет важна пакланіўся.
— Вы пойдзеце з намі, маёр? — запытала Элен.
— Калі загадаеце,— адказаў Мак-Набс.
— Не перашкаджайце маёру цешыцца дымам яго сігары,— умяшаўся Гленарван. — Гэта палкі курыльшчык, Мэры.. Ён курыць нават у сне.
Маёр кіўнуў у падзяку Гленарвану галавою і застаўся на палубе, у той час як усе астатнія спусціліся ўніз.
Застаўшыся адзін, маёр, як звычайна, пачаў сам з сабой гаварыць, захутаўшыся густым воблакам дыму. Ён стаяў нерухома, утаропіўшы позірк у след за кармою, які пакідала яхта. Пасля некалькіх хвілін маўклівага сузірання ён павярнуўся і ўбачыў побач з сабой нейкую новую асобу. Каб маёр меў здольнасць здзіўляцца, ён безумоўна быў-бы бязмежна ўражаны, бо гэтага чалавека ён зусім не ведаў.