Выбрать главу

Незнаёмы ўсё яшчэ сыпаў любезнасцямі.

— Дазвольце мне паціснуць вашу руку,— гаварыў ён.— Калі я не зрабіў гэтага ўчора ўвечары, дык толькі таму, што не хацеў замінаць вам у момант адплыцця. Але сёння, капітан, я лічу за свой абавязак перш за ўсё пазнаёміцца з вамі.

Джон Мангльс здзіўлена глядзеў то на Ольбінета, то на незнаёмага.

— Так,— прадаўжаў той бестурботна,— знаёмства адбылося, мой дарагі капітан, і мы з вамі ўжо даўнія сябры. Скажыце ці задаволены вы сваёй «Шатландыяй»?

— Пра якую Шатландыю вы гаворыце? — запытаў урэшце Джон Мангльс.

— Пра тую «Шатландыю», на якой мы знаходзімся. Выдатнае судно! Мораходныя якасці гэтага карабля мне хвалілі не меней, чым высокія маральныя якасці яго камандзіра, слаўнага капітана Бертона! Дарэчы, ці не родзічы з бясстрашным афрыканскім падарожнікам Бертонам? Калі так, дык я ўдвая рад, што мы пазнаёміліся.

— Містэр,— адказаў Джон Мангльс,— я не толькі не родзіч падарожніка Бертона, але і не капітан Бертон.

— А,— закрычаў незнаёмы,— значыцца, я размаўляю з памочнікам капітана, містэрам Берднесам?

— Берднесам? — перапытаў Джон Мангльс, пачынаючы здагадвацца. Няўжо ён меў справу з вар’ятам, ці толькі з безуважлівым чалавекам? Толькі што ён падрыхтаваўся канчаткова высветліць гэта пытанне, як раптам убачыў, што ўзыходзіць на палубу Гленарван, яго жонка і міс Грант.

Незнаёмы таксама заўважыў іх і закрычаў:

— А, пасажыры! Пасажыры! Надзвычайна! Я спадзяюся, Берднес, вы пазнаёміце мяне...

І ён пабег к ім насустрач, не чакаючы адказу Джона Мангльса.

— Місіс,— сказаў ён, зварочваючыся к міс Грант.— Міс,— звярнуўся ён да місіс Гленарван.— Сэр,— закончыў ён, грацыёзна пакланіўшыся Гленарвану.

— Містэр Гленарван,— сказаў Джон Мангльс.

— Сэр,— адгукнуўся ў той момант незнаёмы,— спадзяюся, вы прабачыце, што я сам пазнаёміўся з вамі. Але на моры можна дазволіць сабе крыху ўхіліцца ад этыкета; я спадзяюся, што мы хутка станем сябрамі, і ў кампаніі гэтых дам увесь шлях на «Шатландыі» здасца нам такім-жа кароткім, як і прыемным.

Элен і Мэры так разгубіліся, што не знаходзілі слоў для адказу. Яны нічога не разумелі ў нечаканым з’яўленні гэтага незнаёмага на палубе «Дункана».

— Дазвольце даведацца, з кім маю гонар гаварыць? — запытаў Гленарван.

— З Жакам-Эліясенам-Франсуа-Мары Паганелем, сакратаром парыжскага Геаграфічнага таварыства, членам-карэспандэнтам геаграфічных таварыстваў Берліна, Бамбея, Дармштата, Лейпцыга, Лондана, Пецербурга, Вены і Н’ю-Йорка, ганаровым членам Усходнеіндзійскага каралеўста інстытута геаграфіі і этнаграфіі, карацей кажучы, з чалавекам, які пасля дваццаці гадоў геаграфічных доследаў у чатырох сценах свайго кабінета пажадаў стаць радавым байцом навукі і цяпер накіроўваецца ў Індыю, каб знайсці там звенні сувязі між доследамі вялікіх падарожнікаў!

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

Адкуль прыбыў і куды накіроўваўся Жак Паганель

Сакратар Геаграфічнага таварыства быў, відавочна, добра выхаваным чалавекам, бо ўсю гэту тыраду ён праказаў не без грацыі. Аднак, Гленарван ведаў яго імя. Жак Паганель карыстаўся шырокай і заслужанай вядомасцю. Яго геаграфічныя працы, яго справаздачы аб апошніх даследаваннях, якія друкаваліся ў «Бюлэтенях» Геаграфічнага таварыства, яго перапіска з усім светам — усё гэта рабіла Паганеля адным з самых выдатных вучоных Францыі. Таму, пачуўшы імя Паганеля, Гленарван шчыра падаў руку свайму нечаканаму госцю.

— Цяпер,— сказаў ён,— калі знаёмства закончана, дазвольце мне, пане Паганель, задаць вам адно пытанне?

— Хоць дваццаць,— адказаў Паганель,— мне вельмі прыемна гутарыць з вамі.

— Вы прыбылі на борт гэтага судна яшчэ пазаўчора?

— Так, пане. Пазаўчора а восьмай гадзіне вечара. Злезшы з поезда, я сеў на рамізніцкую каляску, якая даставіла мяне непасрэдна на «Шатландыю». Каюту нумар шэсць я заказаў для сябе па тэлеграфу з Парыжа. Ноч была цёмная. З тае прычыны, што на барту «Шатландыі» панавала, як заўсёды перад ад’ездам, сумятня, я нікога не турбаваў і прама пайшоў у сваю каюту. Я не спаў у дарозе амаль трыццаць гадзін і, ведаючы, што найлепшы сродак ад марской хваробы — гэта добра выспацца і ляжаць у пасцелі першыя дні плавання, я адразу лёг і праспаў роўна трыццаць шэсць гадзін, прашу мне верыць.

Цяпер слухачы зразумелі, чым тлумачыцца прысутнасць Жака Паганеля на барту «Дункала». Географ пераблытаў у цемры судны і замест «Шатландыі» сеў на «Дункан». Усё было ясна. Заставалася толькі даведацца, што скажа вучоны, пачуўшы назву і маршрут карабля, на якім ён апынуўся.