Выбрать главу

— Дарагі Гленарван,— адказаў Паганель,— скажыце мне шчыра, ці меркавалі вы прыпыняцца на Мадэры да таго, як я трапіў к вам на борт?

— Не,— сказаў Гленарван.

— У такім выпадку дазвольце мне скарыстаць сваю няшчасную безуважлівасць. Мадэра даследавана вучонымі ўдоўж і ўпоперак. Яна больш не прадстаўляе ніякай цікавасці для географа. Аб гэтай групе астравоў напісаны цэлыя тамы. Дарэчы, яе вінаградарства знаходзіцца зараз у поўным заняпадзе. Уявіце сабе, на Мадэры амаль не засталося вінаграднікаў. У 1813 годзе гадавая вытворчасць віна дасягнула значнай лічбы ў дваццаць дзве тысячы піп[17]; у 1845 годзе яна знізілася да двух тысяч шасцісот шасцідзесяці дзевяці піп; у сучасны-ж момант яна ледзь дасягае пяцісот піп! Згадзіцеся самі, што гэта сумныя лічбы! Калі вам усёроўна, ссадзіце мяне на Канарскіх астравах...

— Можна спыніцца і каля Канарскіх астравоў, яны таксама знаходзяцца па нашай дарозе.

— Я гэта ведаю, дарагі Гленарван. Бачыце, на Канарскіх астравах можна вывучыць усе тры групы... не кажучы ўжо пра пік Тенерыф, які мне заўсёды хацелася ўбачыць.

Гэта рэдкі выпадак. Я скарыстаю яго і, чакаючы прыходу судна, якое накіроўваецца ў Еўропу, падымуся на гэту славутую гару.

— Як хочаце, дарагі Паганель,— адказаў Гленарван, стрымліваючы ўсмешку.

Ён меў права ўсміхацца.

Канарскія астравы знаходзяцца недалёка ад Мадэры. Гэтыя дзве групы размешчаны адна супроць другой ледзь у двухстах пяцідзесяці мілях. Гэтая адлегласць зусім нікчэмная для такога шпаркага судна, як «Дункан».

31 жніўня а другой гадзіне папаўдні Джон Мангльс і Паганель прахаджваліся па палубе. Француз засыпаў свайго субяседніка пытаннямі пра Чылі; раптам капітан перапыніў яго і, паказваючы на нейкую кропку на гарызонце, сказаў:

— Пане Паганель!

— Што, мой дружа? — адказаў вучоны.

— Зірніце ў гэты бок... Вы нічога не бачыце?

— Нічога.

— Вы пазіраеце не туды, куды трэба. Трэба глядзець не на гарызонт, а вышэй яго, у воблакі.

— У воблакі? Нічога не бачу...

— Глядзіце на кончык бушпрыта. Бачыце перад ім у воблаках чорную кропку?

— Не.

— Вы проста не хочаце бачыць! Не гледзячы на тое, што мы амаль у сарака мілях, пік Тенерыф выразна відзен над гарызонтам!

Хацеў Паганель бачыць ці не, але праз некалькі гадзін яму давялося скласці зброю перад відавочнасцю і або абвясціць сябе сляпым, або прызнацца, што і ён убачыў пік Тенерыф.

— Значыць, урэшце вы яго бачыце? — запытаў Джон Мангльс.

— Так, так, вельмі добра бачу,— адказаў Паганель. — Гэта і завецца пікам Тенерыф?

— Так.

— Нешта, мне здаецца, ён не вельмі высокі.

— Аднак ён узвышаецца на адзінаццаць тысяч футаў над узроўнем мора.

— Гэта ніжэй за Манблан[18].

— Магчыма, але калі вы пачнеце ўзбірацца на яго, вы з вялікай павагай паставіцеся да яго вышыні.

— Узбірацца на Тенерыф? На якое ліха, дарагі капітан? Гэта ўжо зрабілі раней за мяне! Гумбольдт і Банплан! Вось сапраўды геній, гэты Гумбольдт! Ён ўзабраўся на гэтую гару, даў вычарпальнае апісанне яе, да якога не дабавіш ні аднаго слова, адзначыў пяць зон: вінаграднікаў, зону лаўровых дрэў, зону сосен, зону альпійскіх лугоў і бясплодную зону. Ён забраўся на самую верхавіну піка, дзе не было нават месца для таго, каб сесці! Адтуль позірк яго аглядаў плошчу, роўную чвэрці ўсёй Іспаніі. Потым ён апусціўся ў жарало вулкана, на самае дно яго патухлага кратэра. Што мне застаецца рабіць тут пасля гэтага вялікага чалавека?

— Ваша праўда,— адказаў Джон Мангльс. — Пасля Гумбольдта вам сапраўды тут няма чаго рабіць. Вельмі шкада, што вы будзеце сумаваць, чакаючы судна ў Тенерыфскім парту. Тут цяжка разлічваць на які-небудзь занятак.

— О,— смеючыся, адказаў Паганель,— пацехі я знайду усюды. Узяць хаця-б астравы Зялёнага мыса. Хіба там няма выгодных месц для стаянкі?

— Колькі хочаце. Няма нічога лягчэй, чым прычаліць да Віла-Прайа.

— У гэтым ёсць адна вялікая перавага, якую-б я не хацеў скарыстаць,— адказаў Паганель. — Яна заключаецца ў тым, што астравы Зялёнага мыса знаходзяцца вельмі блізка ад Сенегала, дзе я сустрэну сваіх землякоў. Я вельмі добра ведаю, што гэты архіпелаг лічыцца сумным, бясплодным, дзікім і нездаровым. Але для географа ўсё ўяўляе цікавасць. Бачыць — значыць вучыцца. Ёсць шмат людзей, якія не ўмеюць бачыць. Будучы ў падарожжы, у іх застаецца не больш свежых уражанняў, чым у якога-небудзь слімака. Паверце, я не належу да такіх.

вернуться

17

Адна піпа роўна 50 гекталітрам.

вернуться

18

Манблан — найвышэйшая гара Еўропы ў швейцарскіх Альпах.