— Я вельмі рады, што гэта так, пане Паганель,— адказаў Джон Мангльс. — Я ўпэўнен, што геаграфічная навука шмат выйграе ад вашага прабывання на астравах Зялёнага мыса. Мы ўсёроўна павінны будзем спыніцца там, каб зрабіць запас вугалю, і вы зусім не затрымаеце нас.
Сказаўшы гэта, капітан змяніў курс, каб абыйсці Канарскія астравы з захаду; вядомы пік застаўся ззаду, і «Дункан», ідучы з ранейшай шпаркасцю, 2 верасня а пятай гадзіне раніцы ўжо мінуў тропік Рака. Надвор’е вельмі змянілася. Паветра зрабілася цяжкім і вільготным, як гэта звычайна бывае ў перыяд дажджоў.
Дрэнны час для падарожнікаў, але вельмі карысны для жыхароў афрыканскіх астравоў, дзе няма дрэў, а значыцца, і вільгаці!
Бурлівае мора не дазваляла пасажырам часта выходзіць на палубу, але размовы ў салоне не сталі ад гэтага менш ажыўленыя.
Трэцяга верасня Паганель пачаў рыхтавацца да высадкі на бераг. «Дункан» у гэты час праходзіў між астравоў Зялёнага мыса. Ён мінуў ужо востраў Соль, сапраўдную пясчаную магілу, пустэльную і бясплодную, абышоў каралавыя рыфы, пакінуў ззаду востраў св. Якава, перасечаны з поўначы на поўдзень ланцугом базальтавых гор, які ўзнімаецца двума высокімі вяршынямі. Урэшце «Дункан» увайшоў у бухту Віла-Прайа і кінуў якар на глыбіні васьмі сажань, каля самога горада. Надвор’е было жахлівае, прыбой быў надзвычай моцны, не гледзячы на тое, што бухта добра затулена ад вятроў. Праз вялікі дождж ледзь можна было ўгледзець горад, размешчаны на раўніне каля вулканічных гор, вышынёй у трыста футаў. Востраў меў вельмі сумны выгляд.
Элен не настойвала больш на сваім першапачатковым рашэнні наведаць горад. Пагружаць вугаль тут было вельмі цяжка.
Пасажыры «Дункана» прымушаны былі сядзець у каютах да таго часу, пакуль мора і неба не прымуць свайго звычайнага выгляду.
Пытанне аб надвор'і, натуральна, стала сталым прадметам гутаркі на барту яхты. Кожны выказваў сваю думку за выключэннем маёра, які да сусветнага патопу паставіўся-б, напэўна, з такой самай спакойнасцю.
Паганель хадзіў узад і ўперад па каюце, ківаючы галавой.
— Як не шанцуе!.. Нібы наўмысля! — гаварыў ён.
— Сапраўды, — адказаў Гленарван, — сілы прыроды ўзброіліся супроць вас.
— Я пастараюся ўлагодзіць іх!
— Не можаце-ж вы высадзіцца на бераг у такі дождж! — сказала Элен.
— Я-то змагу, але мае рэчы і мае інструменты! Яны загінуць!
— Непрыемны толькі самы момант высадкі,— сказаў Гленарван,— але, апынуўшыся ў Віла-Прайа, вы ўладзіцеся нядрэнна, хаця магчыма і не зусім камфартабельна. Кампанія свіней і малпаў не заўсёды прыемная і не можа, вядома, замяніць людской, але падарожнік не павінен быць асабліва патрабавальным. Дый апрача таго можна спадзявацца, што праз сем-восем месяцаў вам удасца выбрацца адсюль у Еўропу.
— Сем-восем месяцаў! — закрычаў Паганель.
— Не менш. Астравы Зялёнага мыса не вельмі часта наведваюць караблі ў перыяд дажджоў. Але вы зможаце гэты час добра скарыстаць. Гэты архіпелаг яшчэ вельмі мала вывучаны. У галіне тапаграфіі, кліматалогіі, этнаграфіі і гіпсаметрыі тут ёсць над чым папрацаваць...
— Вы можаце даследаваць рэкі,— сказала Элен.
— Іх няма,— запярэчыў Паганель.
— Ну, дык рэчкі.
— Іх таксама няма.
— Можа ручаіны?
— Ніводнай!
— Ну, што-ж,— сказаў маёр,— вы папрацуеце ў лясах.
— Для таго, каб быў лес, патрэбны дрэвы, а дрэў тут таксама няма.
— Маляўнічая краіна, няма чаго сказаць! — заўважыў маёр.
— Супакойцеся, мілы Паганель,— падтрымаў яго Гленарван,— горы-то на ўсякі выпадак тут ёсць.
— О, яны зусім невысокія і нецікавыя. К таму-ж яны даўно даследаваны.
— Што-ж... — развёў рукамі Гленарван.
— Звычайна, мяне праследуюць няўдачы. Калі на Канарскіх астравах я павінен быў-бы ісці па слядах Гумбольдта, дык тут мяне апярэдзіў геолаг Шарль Сент-Клэр Дэвіль.
— Ці магчыма гэта?
— Няма ніякага сумнення,— адказаў Паганель плаксіва. — Гэты вучоны быў на барту французскага карвета «Рашучы» ў час яго стаянкі каля астравоў Зялёнага мыса. Ён пабываў на вяршыні найбольш выдатнай з гор архіпелага, на вулкане вострава Фого. Што мне застаецца тут рабіць пасля яго?
— Гэта сапраўды вельмі прыкра,— сказала Элен. — Што-ж вы ўсё-такі думаеце рабіць, Паганель?
Паганель маўчаў.
— Сапраўды,— сказаў Гленарнан,— там варта было-б высадзіцца каля берагоў Мадэры, хаця там і няма больш віна.
Вучоны сакратар Геаграфічнага таварыства ўсё яшчэ маўчаў.
— На вашым месцы, Паганель, я пачакаў-бы,— сказаў маёр такім самым тонам, якім ён сказаў-бы: «Я не чакаў-бы».