— Дарагі Гленарван,—запытаў урэшце Паганель,— дзе вы мяркуеце яшчэ прыпыніцца?
— О, не раней, чым каля Кансепсіёна...
— Пракляцце! Гэта зусім аддаліць мяне ад Індыі!
— Ніколькі. Пасля таго, як «Дункан» міне мыс Горн, вы пачнеце набліжацца да яе.
— Сумняваюся.
— Аднак,— прадаўжаў вельмі сур’ёзна Гленарван,— ці не ўсёроўна, трапіце вы ў Ост- ці Вест-Індыю, ці не?
— Чорт вазьмі, сэр! — закрычаў Паганель. — Вось довад, які зусім выскачыў у мяне з галавы!
— Па-другое, мой мілы Паганель, залаты медаль можна заслужыць абы дзе. Усюды можна знайсці, што шукаць, што адкрываць,— як на хрыбтах Кардыльер, таксама і ў Тібецкіх гарах.
— А даследаванні плыні ракі Яру-Дзангбо-Чу?
— Глупства! Вы заменіце яго даследаваннем плыні Каларадо! Вось гэта сапраўды цікавая рака! Яе шлях нікому дакладна не вядомы, і карты...
— Я ведаю гэта, дарагі сэр. Карты бясконца хлусяць. О, я не сумняваюся, што па маёй просьбе Геаграфічнае таварыства таксама ахвотна накіравала-б мяне ў Патагонію, як і ў Індыю, але я не падумаў пра гэта.
— Вынік вашай звычайнай безуважлівасці.
— Выходзіць, Паганель, што вы будзеце суправаджаць нас?— сказала Элен самым ветлівым тонам.
— А мая місія, пані?..
— Папярэджваю вас, што мы пройдзем праз Магеланаў праліў,— дадаў Гленарван.
— Вы спакуснік, сэр!
— Я дадам яшчэ, што мы наведаем порт Голада,— сказаў Джон Мангльс.
— Порт Голада? — крыкнуў француз, на якога наступалі з усіх бакоў. — Гэты славуты ў летапісах геаграфіі порт?!
— Географ будзе вельмі карысны для нашай экспедыцыі. А што можа быць лепшае, за тое, як прымусіць навуку служыць на карысць чалавецтву? — падхапіла Элен.
— Гэта вельмі добра сказана, місіс!..
— Францыя і Шатландыя прымуць такім чынам удзел у гэтай справе,— прадаўжаў Гленарван,
— Застаньцеся з намі, пане Паганель! — весела сказаў Роберт Грант.
— Ведаеце, што я вам скажу, мае дарагія сябры,— праказаў урэшце Паганель,— я бачу, вам вельмі хочацца, каб я застаўся.
— А вы, Паганель, вы аж паміраеце ад жадання застацца,— весела сказаў Гленарван.
— Вядома! — ускрыкнуў Паганель. — Але я так баяўся быць навязчывым!
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ
Магеланаў праліў
Усе насельнікі «Дункана» прышлі ў захапленне, даведаўшыся пра рашэнне Паганеля. Роберт кінуўся к яму на шыю з такой жвавасцю, што паважаны сакратар Геаграфічнага таварыства ледзь не паваліўся.
— Моцны хлопчык,— сказаў ён. — Я навучу яго геаграфіі!
Відавочна, Роберту належала зрабіцца незвычайным чалавекам. Усе збіраліся перадаць яму свае якасці: Джон Мангльс хацеў зрабіць з яго марака, Гленарван — чалавека з мужным сэрцам, Элен —вялікадушнага і добрага чалавека, маёр — стрыманага адважнага воіна, і ўрэшце Мэры — чалавека, які ўмее цаніць добрыя ўчынкі.
«Дункан» шпарка закончыў пагрузку вугалю і, пакінуўшы панурыя астравы Зялёнага мыса, паплыў на захад. Знайшоўшы спадарожную плынь, якая ішла ад берагоў Бразіліі, ён 7 верасня пры свежым паўночным ветры пераплыў экватар і ўвайшоў у паўднёвае паўшар’е.
Пераход пакуль што праходзіў добра. Усе лічылі гэта добрай прыметай. Здавалася, што шансы на паспяховы канец экспедыцыі ўзрастаюць з кожным днём. Джон Мангльс быў цвёрда ўпэўнен, што экспедыцыя знойдзе капітана Гранта. Праўда, гэта ўпэўненасць была вынікам галоўным чынам палкага жадання бачыць Мэры Грант шчаслівай і спакойнай — капітана Джона не на жарты зацікавіла маладая дзяўчына, і ён так удала хаваў сваё зароджанае пачуццё да яе, што пра яго ведалі ўсе на яхце, апрача Мэры і яго самога.
Што датычыць вучонага-географа, дык, ён, бясспрэчна, быў самым шчаслівым чалавекам ва ўсім паўднёвым паўшар’і. Цэлыя дні ён вывучаў геаграфічныя карты. Імі былі завалены ўсе сталы ў кают-кампаніі, к вялікаму незадавальненню Ольбінета, якому яны заміналі накрываць стол. У спрэчках з буфетчыкам Паганеля падтрымлівалі ўсе пасажыры яхты, апрача маёра, надзвычай абыякавага да геаграфічных праблем наогул, а ў часе яды асабліва.
Паганелю пашчасціла знайсці ў куфэрку памочніка капітана некалькі разрозненых кніг, у тым ліку адну іспанскую, і ён рашыў вывучаць іспанскую мову. Ніхто з пасажыраў і каманды «Дункана» ёй не валодаў, а між тым на чылійскім узбярэжжы без іспанскай мовы нельга было абыйсціся. Будучы здольным лінгвістам, Паганель спадзяваўся зразумець таямніцы гэтай мовы яшчэ да прыходу яхты ў Кансепсіён, а пакуль заўзята працаваў, цэлыя дні, мармычучы сабе пад нос нейкія дзіўныя словы. У кароткія хвіліны адпачынку ён клікаў Роберта і побач з практычнымі ведамі з геаграфіі расказваў яму гісторыю берагоў, да якіх так шпарка набліжаўся «Дункан».